Выбрать главу

Цяпер з яшчэ большым імпэтам сачылі слугі за кожным яе крокам, за кожнай зменай у твары — надзіва прыгожым стаў ён у апошнія месяцы, і вочы пабольшалі як быццам...

Ніхто не ведаў, аб чым думае Святаслава. Але прыйшло да яе вялікае рашэнне, і з таго часу змянілася яна — павесялела, нават песні пачала спяваць. Супакоіўся Рагвалод, падумаў з палёгкай — асвойталася...

Але аднойчы на світанні ён прачнуўся адзін. Расплюшчыў вочы, хуценька памацаў рукой каля сябе — нікога! Усхапіўся так, што затрэсліся сцены. Басанож бег па двары да стайні.

— Дагнаць яе! — зароў грыдням, што мігам ускочылі на коней і памчаліся за ім.— Дагнаць подлую!

А калі шалёным наметам пранесліся коні праз горад, перагнаў яго Мядзведзь. На кані перад ім, цесна прыціснуўшыся да магутнай фігуры дружынніка, які шчыльна ахінуў яго плашчом, ляжаў карычневы ганчак з вузкай разумнай мордай.

— Не спяшайся, княжа! — крыкнуў Мядзведзь праз шум ветру.— Зараз Сокал павядзе нас!

Ён ткнуў у нос ганчаку кашулю Святаславы — і калі толькі паспеў яе прыхапіць? Пасля спусціў яго з каня.

— Шукай, Сокал,—- сказаў ён сабаку.— Шукай яе. Ну!

Сокал, нізка апусціўшы галаву, пабег у кусты. Следам, ломячы іўняк, пабеглі дружыннікі.

След, вузенькі, як шнурочак, яны ўбачылі адразу, калі выскачылі на луг. Ішоў ён праз луг да Дзвіны, па беразе. I тады зразумеў княжыч, куды накіравалася бяглянка. Там, за жальнікам, за бярозавым гаем, ёсць сяльцо. Жыве там нехта з родзічаў Святаславы, пра гэта прагаварылася яна неяк у хвіліну адкрытасці. Збегла! Ад яго ласкі, ад блізкасці, ад падарункаў, якія ён прыносіў штодзень!

Знайсці, засекчы лазінамі да смерці, распяць на варотах!

Дзікае, помслівае пачуццё, як тады, калі ўпершыню адмовіла яму, гнала яго наперад. Ён не адчуваў стомы, адно свістаў у вушах вецер. Далёка ззаду засталіся грыдні і знясілены Сокал.

Ён здалёк убачыў белую яе постаць. Ішла таропка, але не азіраючыся, каб не губляць дарэмна часу. Але раптам, як адчуўшы яго далёкі позірк, а можа, пачуўшы конскі тупат, Святаслава азірнулася.

Кінулася бегчы ўздоўж берага, але тупат насцігаў яе ўсё бліжэй і бліжэй. Далёкае гаўканне сабак пачулася ад гаю, крыкі грыдняў, што імчаліся за княжычам.

Яна спынілася, стала тварам да яго. I ўжо мог разгледзець Рагвалод збялелы твар, бачыў, як хістаецца пад абрывам тонкая постаць у белым.

Ён сцебануў каня, і ў той жа момант, страшна ўскрыкнуўшы, Святаслава зрабіла да абрыву адзін крок, другі — і раптам кіпулася ўніз, у бездань, што сінела ўнізе, пенілася імклівьімі, шалёнымі струменямі цяжкай вады!

Распластанае ў палёце цела з заломленымі ў адчаі рукамі мільганула ў паветры, пасля пачуўся моцны плёскат... Даляцеў да абрыву княжыч, але ўбачыў толькі, як пацягнула вада маладое, моцнае цела. Мільганулі рукі яе, пасля твар... а пасля стала так ціха, што адчуў Рагвалод, як штуршкамі б'ецца яму ў галаву кроў і ціха, але няспынна шуміць рака. I быццам ніколі не было на свеце Святаславы, яе чуйнага сэрца і рук, што сумавалі па рабоце!

...Васількоўна, калі стала жонкай Рагвалода, крадком зняла са сцяны паляўнічы рог, упрыгожаны рукамі суперпіцы, увесь час баязліва гледзячы на дзверы, нібыта баялася, што вось-вось прыйдзе муж, хаця ведала, што няма яго — днямі прападае Рагвалод на паляванні, рэдка заходзіць да яе ў святліцу. З дурной бабскай зацятасцю выняла яна прынесеную грыднем сякеру, і з усяе сілы ўдарыла па рогу...

Мінулі гады, стагоддзі.

Раўнадушная зямля прыняла ў сябе і князя, і Рагвалода, і патомкаў іх. Нікога не засталося з роду Рагвалодава...

Але затое застаўся Дажбог — вечны, ненарушны, як чалавечая памяць.

Стаіць ён у музеі і глядзіць навокал таямнічым, усёпранікальным позіркам. Многае помніць ён, і асабліва тую, якая дала яму жыццё. Маўчыць Дажбог, але гаворыць сама ягоная прысутнасць. Гаворыць пра тых, хто хадзіў раней па зямлі, па якой ходзім мы, пра тых, чыя кроў цяпер пульсуе ў нашых жылах — успамінам і напамінкам...

РАСАНКА

...На сёмым веку Траянавым кіпуў Усяслаў жэрабя аб дзяўчыне, яму мілай...

Слова аб палку Ігаравым

Шарак, падняты ганчакамі, панёсся па полі, высока ўскідваючы ногі, перамахваючы купіны. Ястраб-цецеравятнік кінуўся на яго зверху, але заяц імкліва перавярнуўся, шкрабануў лапамі, так што птушка, ратуючыся ад вострых кіпцюроў, узвілася, нібы падкінутая магутнай хваляй. Маленькі шэры камячок з новай сілай кінуўся да лесу. Але, калі чэліг зноў павіснуў пад ім, шарак не паспеў перавярнуцца. Імгненне — і пачуўся заечы крык, цягучы і тонкі, як у перапалоханага дзіцяці.