Выбрать главу

Сурмач выключыў музыку, прыслухоўваўся. Яму нават пачало здавацца, што за магнітафонным гвалтам ён памыліўся і ніякага званка наогул не было. Але мудрагелістая трэль зноў, зараз ужо пэўна і выразна, дапяла Васілёвага слыху. Ды яшчэ ў дзверы дадалі кулакамі.

Паколькі Кулік не паказаўся са сваёй схованкі, Сурмач усадзіў Таццяну на канапу.

– Пайду зірну ў вочка – што там за ліха. – Ён накіраваўся ў прыхожую.

– А можа, наогул не адпіраць? – зашаптала наўздагон устрывожаная прыяцелька.

– А што калі гэта бацька Змітра заявіўся? Дзверы ж высадзіць… – абярнуўся да яе Васіль.

– У яго ключы павінны быць… Не, не ён гэта… Слухай, Вася, ты ўсё ж Змітрака вызаві.

– Ладна.

У пярэдняй хлопец асцярожна пастукаў у дзверы спальні. Амаль адначасова зноў цырыкнуў званок. Унутры пакоя нешта заварушылася, заскрыпела, затупала. Неўзабаве прачыніліся дзверы і бялявая ўскудлачаная галава Змітра вынікнула вонкі.

– Ты што, ачмурэў? Завошта не адгукаешся? – накінуўся на яго Васіль. – Гэта, часам, не бацька твой ломіцца?

– Ну, скажаш яшчэ! Стары мой не звоніць… – Кулік напалову выйшаў з цёмнай спальні. Ён быў у портках, басанож і з голым торсам. – Дый у камандзіроўцы ён. Гэта мо з хаўруснікаў хто.

– Дык ідзі і спытайся. – Васіль схапіў яго за дзягу дрэнна зашпіленых штаноў, пацягнуў на сябе.

– Ат, што ты баішся! – бестурботна махнуў рукой гаспадар і, не адыходзячыся ад дзвярэй спальні, гукнуў: – Хто там?!

– Адчыняй, боўдзіла! – адразу ж даляцелі да прыяцеляў прыглушаныя дзвярыма словы.

– Адкрывай, не тамі! – падключыўся яшчэ адзін грубы голас.

– Хрэн, ты? – ажывіўся Зміцер.

– А ты думаў! Бачыш, Хведзька, ёсць тут жывыя людзі! – зухавата крычаў за дзвярыма нехта Хрэн. – Я ж казаў, што музыку яны прыцішылі. Ды адчыняй жа, чарцянё паласатае…

– Ідзі адамкні, а я тут пакуль апрануся, – папрасіў Васіля Кулік і скрыўся ў спальні.

Праз некалькі секунд у Змітракову кватэру ўварвалася даволі вясёлая гурма: два дзецюкі і адна дзеўка, усе добра падрумяненыя спіртным. Адзін, рослы і мажны хлопец гадоў дваццаці васьмі, трымаў у руцэ скураную сумку. Праз незашпіленую да канца маланку з яе вытыркалася зафальгаванае рыльца шампанскага. На кажусе Хрэна (здаецца, гэтага хлапчыну так абазваў Кулік) літаральна вісела чарнявая вірлавокая дзяўчына не першай свежасці. За іх спінамі хмурыўся нягеглага віду дзядзька гадоў за трыццаць: бледнатвары, шчуплы, рэдкавалосы… Усе трое, па ўсім відаць, не ўпершыню трапілі ў гэтую кватэру і трымаліся досыць разняволена.

– Саша, – падаў Сурмачу руку Хрэн. – А гэта Ксюха і Хведзя.

Васіль прывітаўся з усімі. Рукапацісканне Хрэна было працяглым і моцным. Бледнатвары ж Хведзька ледзьве сунуў вялую халодную далонь і адразу вышмаргнуў яе назад. Яго аблічча не выяўляла ніякіх чалавечых пачуццяў. Гэта, відаць, быў ціхі і засяроджаны выпівоха. Ксюха з першых жа секунд пачала какетнічаць з Васілём – жмурыцца, адводзіць у бакі позірк.

Госці па-свойску звалілі верхнія вопраткі на тумбачку ў пярэдняй і, не разуваючыся, пакрочылі ў залу.

– Во, Хведзь, а тутака ўсё на мазі, – выкрыкнуў Сашка-Хрэн, калі заўважыў напаўспустошаны стол. – О, даруйце, мадам! Я вас спярша не заўважыў.

Ён карцінна прыпаў на адно калена перад збянтэжанай Таццянай, працягнуў ёй руку. Васілю зрабілася ніякавата. Ён рэдка сутыкаўся з людзьмі такога неўтаймоўнага тэмпераменту і не ведаў, як сябе зараз паводзіць. Хоць бы хутчэй падышоў гэты ёлупень Зміцер!

Хрэн ускочыў з каленяў і ўключыў верхняе асвятленне.

– Ну, рассаджвайцеся, даражэнькія! Навошта ж марнець упоцемку? – гаманіў ён, вывальваючы на нясвежы абрус змесціва сваёй сумкі. – Паглядзім, што прынёс дзед Мароз.

Прынёс клапатлівы дзядуля наступнае: дзве бутэлькі гарэлкі “Сталічная”, дзве – замежнага шампанскага. Калі дадаць сюды палову трохлітровага слоіка Куліковага віна ды рэшткі “Крышталя”, што засталіся ад першага аддзялення гэтага п’янага спектакля, то на чатырох мужыкоў выходзіла замнога. Дзяўчаты тут наўрад ці памочніцы. З закускай жа, наадварот, было кепска. Шумлівы Сашка-Хрэн вывудзіў са сваёй бяздоннай сумкі адно цагліну чорнага хлеба, слоік салянкі і пару бляшанак рыбных кансерваў.

Прыцёгся Кулік са сваёй вясёленькай сяброўкай і бяседа распачалася. Мажны Сашка піў больш за ўсіх, з апетытам умінаў сціплую закусь. Яго ж хаўруснік Хведзька пахмурна маўчаў, зусім не закусваў і меў такі выгляд, нібыта субяседнікі чымсьці яму не дагадзілі. Наташка і Ксюха паводзілі сябе вульгарна, вешаліся на кавалераў, пранізліва вішчалі, а то і ржалі, як кабылы, ад кожнага застольнага жарту.