Выбрать главу

– Васёк, не бянтэжся! Што сядзіш, як надзьмутая вош?! – груба падбадзёрваў таварыша Зміцер. – У нас тутака ўсё папросту, палюбоўна! Праўда, Хрэн?! – Ён стукнуў Сашку па плячы.

– А ты яму налівай, сам нябось ужо трэцюю выжлукціў! Ат, дай я сам… – Хрэн нязграбна ўхапіў “Сталічную” і пацягнуўся з ёй праз стол да Сурмача. – Васіль, давай сваю пасудзіну…

– Я не хачу. – Сурмач адсунуў убок чарку.

– А я гавару – выпі! – нечакана ўскіпеў наваяўлены госць і злосна вытарашчыўся на Васіля.

Таня, што сядзела поруч з Сурмачам і ўвесь час прыпалохана маўчала, сцяла яго локаць і шапнула: “Няхай наліе, а ну яго да ліха! Не звязвайся…” Неяк выходзіла, што ў жудаснай вакханаліі толькі гэтая худзенькая дзяўчына была для яго больш-менш прымальным чалавекам.

– Я сваё на сёння выпіў, – рашуча закрыў Васіль далонню верх сваёй чаркі.

Але распалены алкаголем і ўласнай упартай дурнотай і ад таго дрэнна каардынаваны Сашка ўжо пачаў наліваць “Сталічную”. Спыніць гэты рух ён адразу не змог, бо вісеў над сталом у няёмкай позе. Ладная колькасць бясцэннага напою выплюхнулася Васілю на руку, заліла скацерку. Тут жа па зале распаўсюдзіўся непрыемны, млосны пах спіртнога.

– Што ж ты вытвараеш? Га?! – абурыўся Хрэн. Ён заткнуў пластмасавым коркам бутэльку. Любоўна паставіў яе бліжэй да сябе. – Я да яго, можна сказаць, усёй душою… Змітрок, не знаў, што ў цябе такія фрукты!

Сурмач сціснуў левы кулак пад сталом. Ён ведаў, што яшчэ пару падобных выказванняў у яго бок – і стрываць будзе цяжка. Кроў кінулася ў галаву і бойка пульсавала ў скронях. Магутнымі намаганнямі хлопец узяў сябе ў рукі.

– Ды годзе вам цапацца, – супакойваў сабутэльнікаў дабрадушны Кулік. – У маёй кватэры каб ніколі такога не было! У мяне – мір і злагада!

– А я ж нічога… – раптам палагаднеў Хрэн. – Вась, яй-бо, я без ніякай злосці… Хведзька, скажы, брат!

Ён абвёў мутным паглядам суседзяў па стале, запыніўся на прыяцелі. Хведзька толькі няветла хмыкнуў і, як здалося Васілю, нядобра стрэльнуў вачыма ў ягоны бок. Гэты тыпус злаваў Сурмача больш за гаманлівага Хрэна. У таго хоць што ў галаве, то і на языку. А ад гэтага зялёнага смаржа не ведаеш, чаго і чакаць. Да яго спінай не паварочвайся. Васіль толькі зараз заўважыў на левай Хведзькавай кісці шырокую і густую татуіроўку. Ці не на “зоне” зробленую? Трымаецца ж ён, быццам злодзей у законе! Не, Сурмач цвёрда рашыў не заядацца з гэтымі нязванымі гасцямі і як найхутчэй пакінуць Кулікову блатхату.

Неўзабаве Зміцер зноў павалокся з палюбоўніцай у спальню.

Дарэшты напалоханая Хрэнавымі штукарствамі Таццяна ўсё шчыльней тулілася да Васіля. Так, трэба было адсюль змотвацца.

– Чаго не стаецца, бывае і буйвал уп’ецца! – басавіта выкрыкнуў Хрэн, крутануў да канца пераключальнік магнітафоннага гуку і вылез з-за стала. – Гайда, браткі, патанцуем!

З цыгарэтай у зубах ён пусціўся ў п’яныя скокі. Ад яго грузнага цела ходырам захадзілі шыбы паліц секцыі, стол і настольны посуд. Гэтак ён доўжыў хвіліны тры. Узмакрэлы, збуракавелы, Сашка нагадваў страхотлівага звера.

– Ксюха, а ну хадзі да мяне! – загадаў ён.

Не дачакаўшыся, пакуль дзяўчына выйдзе з-за стала, ён памкнуўся да яе, схапіў за руку, ірвануў на сябе. Пры гэтым наваліўся на стол і скінуў локцем пару відэльцаў і нечую чарку. Вывалакшы сяброўку на цэнтр імправізаванай танцавальнай пляцоўкі, ён лёгка ўскінуў яе на плячо і пачаў шалёна круціцца на месцы. Ксюха зайшлася віскатам жывёльнай асалоды. Ёйны партнёр роў, як драпежнік.

6

І разам з тым Сурмача разбірала дзіўная, нездаровая цікаўнасць да гэтага дзейства. Неадужная ўнутраная сіла трымала яго на месцы. Ці не па гэтай хваравітай цікаўнасці спакон веку некаторыя паважаныя грамадзяне, дастойныя бацькі і маці сямействаў неадрыўна назіраюць крывавыя баі гладыятараў, катаванне тарэадорамі бязвінных жывёл, разнастайныя бойкі без правілаў, жаночы бокс і падобную агіднасць. Глядзяць усё гэта прагавіта, да ўнутранага трымцення, да ўтрапёнасці, калі з носа, вачэй, рота мярзотна цякуць соплі, слёзы, ліпкая сліна. Гэтыя самавітыя спадары, гэтыя добрыя ў паўсядзённасці людзі пад час відовішчаў, дзе ўчыняецца гвалт над жывымі істотамі, верашчаць ашалелымі звярамі і ўжо самі гатовыя рынуцца ў цэнтр рынга: таптаць, грызці, драць валасы і вочы слабейшага, ляжачага… Дабіваць недабітага. А з якой асалодай яны – клапатлівыя таты і мамы, узорныя сыны і дочкі – усмоктваюць у сябе відовішчы жаночага і мужчынскага стрыптызу, пракручваюць на відэамагнітафонах порнаэротыку! А назаўтра, як пярэваратні, пойдуць выхоўваць нашчадкаў, чытаць лекцыі, строіць з сябе паслухмяных дзяцей і вучняў, выдатнікаў…