Выбрать главу

Васіль ужо неаднойчы мог падняцца і пайсці. Гэтага патрабавалі здаровы розум, позні час, абставіны, красамоўныя позіркі Таццяны, духоўная адчужанасць ад няпрошаных гасцей, крыўда на Куліка… Патрабавала нездаровая аўра гэтай кватэры. Але ж ён сядзеў. Сядзеў, усведамляючы недарэчнасць свайго становішча, разумеючы фальш сваіх нацягнутых, натужных усмешак у адказ на дзікунскія жарты Хрэна. А жахлівейшым за ўсё было тое, што пачні зараз гэты дзяцюк распранаць сваю развязную сяброўку ды, прабачце, ладзіць прылюдны палавы акт, і тут бы Васіль, найхутчэй, не зрушыўся. Надта ўжо гэта было цікава. Цікава на ўзроўні гіпнатычнага псіхозу, шаманства.

Становішча выправіла Таня.

– Мне пара дамоў, – сказала яна і рашуча паднялася з месца.

– Я цябе правяду, – адразу ж адгукнуўся Сурмач і ўзяў дзяўчыну за руку.

З яго вачэй нібы спаўзла вядзьмарская павалока, ён пачаў успрымаць сапраўднасць у нармальным, так бы мовіць, чалавечым святле.

Сашка-Хрэн стаяў да іх спінай. Ён перакуліў сваю партнёрку дагары і, абхапіўшы за талію, навіс над ёй усім сваім масіўным тулавам. Напэўна, яны цалаваліся. Пасінелы з перапою Хведзька ў аддаленым куце панура і засяроджана дапіваў рэшткі гарэлкі. Спадылба, амаль з нянавісцю пазіраў ён на Васіля з Таццянай. Карацей, быў самы момант пакінуць гэтую заліхвацкую сябрыну.

У цеснай пярэдняй пераключальнік святла быў завалены і завешаны верхнім адзеннем, і таму апранацца давялося амаль вобмацкам. Канешне ж, было не да таго, каб вярнуць Куліку штаны яго бацькі. Тым больш што гаспадар, насыціўшыся сваёй палюбоўніцай, відаць ужо адключыўся ад рэчаіснасці. Ва ўсякім разе, са спальні не даносілася ні галасоў, ні шэпту, ні іншых варушэнняў, якія б пераканалі Васіля ў адваротным.

Хлопец прапіхнуў Таццяну за дзверы і ўжо быў гатовы сам пакінуць гэты агорклы прытон, калі нешта цупкае і халоднае ўхапіла яго за руку. Сурмач нервова здрыгануўся. Падобны страх ён зазнаваў толькі ў дзяцінстве, калі ў пакоі, дзе ён знаходзіўся адзін, раптоўна прападала святло. Закарцела проста куляй вылецець з кватэры і бегчы не азіраючыся. Але, перасіліўшы прыкрую баязлівасць, Васіль знарочыста марудна абярнуўся. Перад ім прывідам стаяў шчуплы Хведзька. Яго кашчавы нездаровы твар у паўцемрадзі набыў проста злавесны выгляд. Вочы гэтага слімака гарэлі нейкім наркатычным агнём. Ён так і не выпусціў Сурмачаву кісць са сваёй далоні, і таму Васіль рэзка і з яўнай гідлівасцю трасянуў рукою, каб пазбыцца дотыкаў гэтай непрыемнай істоты. Пазбавіўся, як ад медузы ці марской гідры.

– Што такое? – цвёрдым голасам спытаўся Сурмач.

– Слухай, браток, пакінь дзяўчыну… – больш па інтанацыі сіпатага голасу Хведзькі, чым па гуках, зразумеў Васіль яго жаданне.

Такой подласці, недарэчнасці, асабліва ад гэтага безаблічнага тыпуса, ён ніяк не чакаў. Было няўцям, што такая бляклая істота яшчэ можа хацець жанчыну. Ды прытым як пачварна!

Пакуль магчымыя варыянты адказу пракручваліся ў галаве Васіля, ён пачуў, як нешта зашамацела на ўзроўні яго жывата, а тады ткнулася ў руку. Міжволі таргануўшы кісцю, хлопец адчуў на дотык нешта хрумсткае і адначасова мяккае. Гэта былі грошы.

Ух, як зарупела Сурмачу адной рукой схапіць Хведзьку загрудкі, другой скамячыць ненавісны твар, адарваць цела ад падлогі і шпурнуць у залу. Але добра разумеў хлопец, што ў любой з кішэняў гэтае пачварыны могуць ляжаць нож, разак, кастэт – што заўгодна. Да таго ж не забываўся Васіль і пра дужага Хведзькавага хаўрусніка – Хрэна. Таму, грэбліва зірнуўшы на цьмяны абрыс непрыяцеля, ён адно працадзіў:

– А яна не мая ўласнасць. Шчасліва заставацца. – І выйшаў вон.

Увесь час, пакуль яны з Таняй чакалі ліфта, пакуль спускаліся на ім з дзевятага паверха, Васіль скурай прадчуваў нейкую вераломную неспадзеўку. Бо гэтак жа, як пакрыёма зажадаў Хведзька для сябе жанчыну, магло замануцца яму нагнаць іх недзе ў нетрах пад’езда ды засадзіць нож у спіну. Чаму не? “Ну і агіднае ж рыла!” – скрывіўся Сурмач, калі на выхадзе з пад’езда яшчэ раз згадаў бляклы твар зацятага выпівохі. Сплюнуў на дол.

– Нам куды? – спытаў ён у Таццяны, якая моцна трымала яго пад левы локаць.

– А во тутачкі недалёка, – дзяўчына паказала рукой у цямравы праход паміж гмахамі, – метраў трыста будзе.

Васіль запаліў цыгарэту. Разам з тытунёвым дымам у яго грудзі пранікала золкае начное паветра. Сырасць прабіралася і за каўнер, і за рукавы курткі. Ад гэтага плечы міжвольна падымаліся дагары, а галава тулілася ў тулава.

– Слухай, Таня, – керхануўшы, прамовіў Васіль. – Ты мяне, канешне, прабач, але навошта ты пайшла да Куліка? Што ў цябе з ім агульнага? Ды зрэшты, што ў цябе агульнага з тваёй развязнай прыяцелькай?