Выбрать главу

– Наташа ж мая сяброўка… – разгублена адказала дзяўчына.

– Ды як ты не разумееш, што гэта ўсё пашляціна? Што брыдка ўсё гэта і нізка? Гэтыя разгарачаныя гарэлкай, тупыя, юрлівыя, хцівыя да асалоды твары!

– Ну тады ўжо і ты мяне прабач за адно пытанне: што там рабіў ты, такі выхаваны і адукаваны? Мне што! Я ў вучылішчы навучаюся на цырульніка. Мы вышэйшых адукацый не маем, і яны нам не свецяць…

– А пры чым тут вышэйшая адукацыя, Тань? – гарачыўся Сурмач. – Ды я сярод сваіх сукурснікаў, сярод інжынераў, нават прафесараў знаю процьму самых сапраўдных неандэртальцаў! Ды што далёка ісці – я сам такім быў… Ды, пэўна, і ёсць. Я сам толькі нядаўна, пару месяцаў, як стаў гэта разумець… Разумець, што я самая жывёльная жывёла на свеце… Ну а ты, Таня, дзяўчына тонкая, далікатная… Я ж бачыў – табе там не месца! Завошта ты да Куліка прыцягнулася?

Загаварыўшыся, Сурмач спатыкнуўся на ўхабе асфальту і ледзьве не паляцеў ніцма. Утрымала яго маленькая спадарожніца.

– Прабач, – сканфузіўся ён. – Здаецца ж, не такі й п’яны… Бывае.

Таня ледзь улоўна хіхікнула.

– Ведаеш, Вася… Табе лёгка разважаць са сваёй званіцы. Аднак ты і мяне зразумей. Я, да твайго ведама, расла ў простай сям’і, у звычайным спальным мікрараёне, вучылася ў самай шараговай школе, і здольнасцяў у мяне не было ніякіх.

– Ну і што?

– А тое, што я з шаснаццаці гадоў знаюся, скажам так, з хлопцамі і да дваццаці аднаго года не была знаёмая ні з адным прыстойным. Ні з адным – па-за гэтага кола сыноў рабацягаў. Ні з адным – каб з вышэйшай адукацыяй. І сяброўкі мае – такія ж. Ты, напэўна, думаеш: Наташка кепская, распусная, брудная дзеўка. А яна ж, калі хочаш знаць, дабрэйшай душы чалавек, за бацькам сваім, паралітыкам, каторы год даглядае, і па доме ўсё робіць, і сястрыцу малодшую гадуе, і вышывае, вяжа… А дзе ёй, беднай, харошага мужыка знайсці, калі тут спрэс адны кулікі ды хрэны шныпараць? А прыстойныя хлопцы з ёй толькі пазабавіцца могуць. Гэтак жа, як і Зміцер – цялесна.

– Ну, навошта ж так размяжоўваць... – не вельмі ўпэўнена абвяргаў Васіль Таццяну. – У жыцці не ўсё так катэгарычна і проста.

– А вось мы і прыйшлі. – Дзяўчына спынілася каля пад’езда дзевяціпавярховага дома. – Будзем развітвацца?

Яна мякка пазірала на Васіля. Нібы толькі зараз прыкмеціў ён ладненькую, амаль ідэальную фігуру сваёй спадарожніцы. Гэтую грацыёзную маленькую фігурку пад асеннім плашчом, апяразаным дзяжкай. З-пад незашпіленага ля падбародка шэрага плашча, кантрастуючы з цёмнай капой валасоў і навакольным паўзмрокам, віднелася бялюткая Таніна шыя. Яна была так блізка ад Васіля, што моцна захацелася яму нагнуцца ды пацалаваць гэтую белую часцінку дзявочага цела. Яна, напэўна, такая пяшчотная на дотык.

– Дык бывай, Таня, – прамовіў ён і пасля невялікай замінкі дадаў: – А можна, я табе калі-небудзь пазваню?

– А… гэта калі ласка. – Дзяўчына прадыктавала нумар тэлефона. – Адно… бацька ў мяне, бывае, па тэлефоне грубіць незнаёмым маладым людзям. То ты не звяртай увагі, патрабуй мяне да трубкі – і ўсё тут.

– А што, кавалеры даймаюць?

– Ды не вельмі, – усміхнулася Таццяна. – Проста стары ў мяне задужа сваявольны таварыш. Ты звані, не бянтэжся.

– Згода. – Васіль дакрануўся да бязважкага локціка новай прыяцелькі. – Ну, да пабачэння.

– Усяго добрага, Вася.

Таня жвава ўзбегла на ганак і скрылася ў пад’ездзе.

Добры настрой, з якім Сурмач рушыў ад Танінага дома па асфальтаваных сцяжынах апусцелага мікрараёна, сапсавалі наступныя падзеі.

Ледзь прамінуўшы чарговую арку паміж гмахамі, Васіль нарваўся на дзве вялізныя постаці. Менавіта постаці, бо штучнае святло падала ім у спіну, і разгледзець твары напатканых не выпадала. Сурмач ні трохі не спасаваў ад такой сустрэчы, хаця месца было зусім бязлюднае і малаасветленае, а наўпрост пакіраваў на названых спадароў. Адным словам, дарогу саступаць ім ён не збіраўся. І вось у той міг, калі Васіль амаль прайшоў паміж гэтымі двума здаравеннымі ценямі, ён атрымаў рэзкі ўдар кулаком пад дых і тут жа быў звалены на дол падножкай. Не паспеў ачомацца, як адзін з нападнікаў насеў на яго ўсёй вагою і пачаў выкручваць правую руку. Гэта адбывалася люта, без адзінага слова. Васіль цудам паспеў выдраць кісць з рук-абцугоў грамілы і, схапіўшы яго за шыварат, таргануў долу. Нападнік уваткнуўся носам у асфальт, завыў ад болю і кучай зваліўся з Сурмача. Але той не паспеў ускочыць на ногі, як атрымаў магутны ўдар нагой па галаве ад другога ліхадзея. Уваччу пацямнела, і ўсё далейшае цалкам выпала з Васілёвай свядомасці.