Выбрать главу

Калі праз некаторы час ён апрытомнеў, то перш-наперш адчуў, што спіну муляе нешта халоднае і сырое. Ён ляжаў дагары, тварам у неба. Вакол зіхцелі акенцы дзевяціпавярховак. Злёгку імжэла – вада капала з непрагляднага неба Сурмачу на лоб, вочы, вусны. Ад ветру шорхала па баках апалае лісце. “Я бачу і чую…” – вызначаў стан рэчаў ачунялы мозг. Хлопец паспрабаваў паварухнуць спярша пальцамі, потым паднёс далонь да твару, абмацаў яго. Тады падняў адно калена, другое…

Праз хвіліну ён ужо стаяў на нагах. І хаця ўнутры цела – жываце, грудзях і галаве – была праведзена сур’ёзная ператруска, ніводзін рухальны член не страціў сваіх функцый, ніводная костка не была паламана. Каб праверыць гэта, Васіль прысядаў, падскакваў, усяляк круціў рукамі і пераплятаў пальцы. Так, ён быў жывы і, можна сказаць, цэлы і здаровы. Гэта самае важнае. І не дужа смуткаваў затым Сурмач, калі выявіў пустэчу сваіх кішэняў, нястачу кашалька, наручнага гадзінніка і вялікага партманэ, калі знайшоў куртку сваю скамечанай у найбліжэйшай сметніцы. Зрэшты, пазней ён успомніў, што ў спешцы забыў партманэ ў Куліка.

Ужо калі ехаў адным з апошніх тралейбусаў да цэнтра горада, разгледзеў ён у няпэўным люстэрку шыбы гузак пад левым вокам, застылую кроў на губах і мноства драпін на твары. У пісягах былі і кісці рук. Дзіўна, толькі заўважыўшы ўсё гэта, і адчуў Васіль, як гараць падраныя аб асфальт далоні, як смыліць скура пад падбітым вокам. Непрывабны выгляд мела і ўся яго вопратка.

Словам, вяртацца дамоў у такім разбэрсаным стане Сурмач дазволіць сабе не мог. І таму, калі даехаў да цэнтральнай плошчы, пакіраваў у бок інтэрната свайго роднага прадпрыемства – да гасціннай Зосі Шальговіч. Балазе тут было недалёка. Між іншым, электронны гадзіннік на гарадской вежы паказваў палову першай ночы: дадому ўсё адно прыйшлося б цёгціся пешкі. А гэта кіламетры чатыры.

7

Прыкладна ў той час, калі Васіль Сурмач даводзіў да завяршэння свой крайне няўдалы дзень, у яго трохпакаёвай кватэры адбываліся наступныя падзеі.

Яго старэйшы брат, Яўген Сурмач, са сваёй маладой жонкай Галяй рыхтаваліся да сну. Яны насялялі другі па велічыні пакой кватэры. Зазначым, што ў самым буйным жыў Васіль, у самым маленькім туліліся бацькі – Сяргей Уладзіміравіч і Людміла Пятроўна Сурмачы. У дадзены момант усе жыльцы кватэры, за выключэннем Васіля, знаходзіліся ў адведзеных ім лёсам пакоях.

Галя, стройная чарнявая маладзіца гадоў дваццаці сямі, напаўляжала ў крэсле і млява пераключала праграмы тэлеперадач з дапамогай дыстанцыйнага пульта. Апранута яна была ў хламідападобную мяккую піжаму. Яўген сядзеў за пісьмовым сталом пад абажурам у куце памяшкання і па сваёй завядзёнцы нешта пісаў. Канапа, што стаяла пад акном з відам на панылыя “хрушчоўкі”, была ўжо раскладзена, пасцель – паслана.

Яўген, мажнаваты трыццацігадовы дзядзька, займаў пасаду шараговага рэдактара не самага самавітага літаратурнага часопіса. Ён лічыў сябе перспектыўным маладым пісьменнікам, надрукаваў ужо некалькі апавяданняў у рэспубліканскай перыёдыцы і бачыў сваю будучыню менавіта як шчыраванне за пісьмовым сталом. Сядзеў ён за ім штовечар, ужо другі год запар пісаў нейкі адмысловы гістарычны раман, якім, пэўна, хацеў перавярнуць свет. Ну, ва ўсякім разе пакарыць чытачоў і ўразіць літаратурных крытыкаў – дакладна.

Справа не спорылася, твор выходзіў празмерна грувасткім і надзвычай цягамотным. Ды, папраўдзе, і таленту маладому пісьменніку яўна бракавала. Яўген цьмяна аб гэтым здагадваўся, пэўна разумела гэта яго жонка. Але, як маўчаць спагадлівыя родзічы перад ложам цяжкахворага чалавека аб ягоных перспектывах пражывання на гэтым свеце, так маўчала Галіна Сурмач, якая хоць і была радавым журналістам шматтыражкі, у вартасцях мастацкіх твораў разбіралася беспамылкова. Яна рабіла, так бы мовіць, добрую міну пры кепскай гульні, вонкава патурала мужу ў ягоных літаратурных мроях аб пашане і славе, а ўнутрана цярпела гэта як бяскрыўдную пацеху вялікага дзіцяці. Гэтакае хобі будаваць сказы і практыкавацца ў мысленні. Галя цярпела і тое, што муж з-за сваёй штовячэрняй пісаніны клаўся спаць запозна і мала ўдзяляў ёй увагі як маладой і вабнай жанчыне.

– Слухай, Галь, – падаў голас Яўген, адарваўшыся ад рукапісу (пісаў ён, як класік, уручную). – Як табе вось такая думка?..

Ён прачытаў пакручасты сказ, дзе было, мусіць, не менш як дзесяць косак.

– Мне здаецца – неардынарна і даволі лаканічна… А ты як думаеш? – спытаўся муж тонам чалавека, упэўненага ў сваёй непагрэшнасці.

– Няблага, Жэня, – вымучыла на сваім сонным твары ўсмешку жонка. – Толькі… як бы табе сказаць, асноўная думка ў цябе па-за слоўнымі аздобамі крышку губляецца…