Выбрать главу

– А паспрабуй. – Галя гарэзна штурхнула яго ў плячо. – А то апошнім часам глядзіш на мяне, што на мэблю.

– Ух, дагуляешся. – Яўген схапіў яе за руку, пацягнуў на сябе. Паспрабаваў залучыць у абдымкі.

Галя вырвалася і з хіхіканнем ускочыла з канапы. Тады грузнаваты Яўген усчаў ганяцца за ёй па пакоі, злавіў, незважаючы на моцнае супраціўленне, ускінуў на плячо і стаў жартам пляскаць далонню па тугіх ягадзіцах. Ад гэткай гульні абое хутка прыйшлі ў вядомае ўзрушэнне. Не апускаючы жонку, якая ўтрапёна малаціла яго па спіне кулачкамі, малады муж запёр дзверы на зашчапку, рушыў да канапы і абваліўся на пасцель разам з ношай. Пачалася вясёлая валтузня. Тым і закончылася гарачая калялітаратурная спрэчка.

8

У гэты ж час, а дакладней, паралельна апісанай гутарцы, адбывалася размова ў суседнім пакоі. Там перад сном гаманілі Сяргей Уладзіміравіч і Людміла Пятроўна Сурмачы.

Бацька Васіля, шчуплы чарнявы дзядзька, шамацеў пад таршэрам газетамі, разваліўшыся ў старэнькім крэсле. Ён быў у вынашаным трыко, вахлакаватай майцы і басанож. Маці, паўнаватая светлавалосая кабета, завіхалася ля процілеглай сцяны гэтага несамавітага пакойчыка – прасавала на століку бялізну пры святле бра.

Для лепшага разумення іхняй гутаркі скажам, што абое былі шараговымі інжынерамі аднаго буйнога прадпрыемства, абоім было крыху за пяцьдзесят, абое былі не так даўно няшчадна абрабаваны гайдараўскай грашовай рэформай і, зразумела, абое былі не задаволены сваім жыццём і рэчаіснасцю ўвогуле.

– Дзе гэта наш Васіль швэндаецца? – кінула за справай Людміла Пятроўна мужу. – Ужо дванаццатая гадзіна, між іншым.

– А дзе ж быць гэтаму ветрагону! – сярдзіта азваўся патанулы ў разгорнутай газеце Сяргей Уладзіміравіч. – Вядомая рэч, недзе з дзеўкамі трэцца.

– Ну, мог бы ён пазваніць, па меншай меры? – уздыхнула Васілёва маці.

– Ага, чакай, пазвоніць! – з’едліва хмыкнуў бацька. – Яму нашыя трывогі – на лапату ды за хату. Пляваць ён на ўсіх хацеў!

– Што ты на яго ўз’еўся апошнім часам? – дакорліва зірнула на мужа Людміла Пятроўна.

Той злосна перагарнуў газету.

– А глядзець на яго моташна. Дваццаць пяць гадоў, а клёку ў галаве не мае. Пара ўжо неяк на ногі станавіцца, грошы нармальныя зарабляць, сям’ёй абзаводзіцца нарэшце. Гэтак лягчэй за ўсё: прыйшоў, пажор, ногі дагары і давай музыку слухаць.

– Бач, аб’еў ён ужо цябе! Ты што, нашмат больш за яго зарабляеш?

– “Зарабляеш”! – раптам віскнуў бацька і адрынуў ад сябе газеціну.

У час моцных душэўных узрушэнняў пераход на тэнаровыя гукі быў яго асаблівасцю.

– Ды хіба мне даюць зарабляць! – галасіў стары інжынер. – Ды такіх спецыялістаў, як я… Ды на мне ўвесь аддзел трымаецца! Хіба я вінаваты ў гэтым вэрхале! Гэта я ў сябе свае законныя, назапашаныя гадамі тысячы рублёў украў у адну ноч?!

– Не крычы, суседзяў перапалохаеш, – не перастаючы прасаваць бялізну, незласліва ўпікнула прамоўцу Людміла Пятроўна. – Не адзін ты такі пацярпелы.

– “Не адзін”! Ды я перажыць не магу такой подласці. Ды мы ж з табой не сабе тыя грошы збіралі. Дзеля таго ж Васіля і Жэнькі. Кватэры сынам пабудаваць марылі. А прыйшоў чужы дзядзька – і забраў усё як маргнуць вокам.

– Ты гэта мне тлумачыш?

– І табе, калі хочаш. І табе, каб ты зразумела, што не я ў гэтым кавардаку вінаваты. Грошы ў мяне адабралі, зарплату з жаўтаротымі інжынерамі накшталт Васіля ўраўнавалі. Што мне застаецца? Красці і рабаваць людзей я не ўмею. Не той гарт у мяне!

– Завошта абавязкова красці? Адкрый свой бізнес і зарабляй, колькі ўлезе… Чым зайздросціць больш абаротлівым.

– Што?! – зноў віскнуў Уладзіміравіч. – Абаротлівыя? Ды я такіх абаротлівых у магіле бачыць хачу!

– Не кашчунствуй! – асадзіла яго жонка.

– Так, у магіле! – не сунімаўся збуракавелы муж. – Бо зладзеі яны, ашуканцы і прайдзісветы… А я сумленны чалавек! Праўда, гэта ўсё, што ў мяне засталося…

– Ну і сядзі са сваім сумленнем!

– І буду сядзець! Кватэру маю ў мяне ніхто не адбярэ. А прыйдуць – стрэльбу вазьму. Памру – а не зрушуся.

– Вой, бач, які храбры!

– Так, храбры! Бо кватэра мая, крэўная! Я яе вось гэтымі сукаватымі пальцамі за кульманам зарабіў!

– Са мной на пару, не забывайся!

– Так… з табой! – трохі апамятаўся Сурмач-бацька.

– Іменна са мной, – перайшла ў наступ Людміла Пятроўна. – І таму мой сын мае правы на гэтую кватэру не менш, як мы з табою. Ты гэта сабе цвёрда запомні.

– Птушыныя яго правы! – падскочыў з крэсла распалены спрэчкай Сяргей Уладзіміравіч.

Ён аказаўся даволі высокага росту, і ад таго яшчэ болей выявілася яго нездаровая худзізна і сутуласць. Стагоддзе таму людзі такога целаскладу неадменна паміралі ад сухотаў.