Выбрать главу

– У яго правы кватаранта, нахлебніка! – узбуджана затэпаў па пакойчыку стары інжынер. – У яго правы – пакуль я добры!

– Ты што, ашалеў, бацька?! – гыркнула на Уладзіміравіча жонка, выпрастала спіну і пагрозна зрабіла пару крокаў ад століка ў мужаў бок.

Яна была ніжэйшая ад яго на галаву, але моцнага целаскладу і, бадай, не меншай вагі.

– Так, ашалеў! – тэнарова ўскрыкнуў Сурмач-бацька. – Ашалееш тут з вамі! Бо ўсё маё, мазольнай працай нажытае…

Ён раптам бухнуўся на калені, ухапіўся за ножку крэсла і пачаў яе таргаць і пагладжваць, мармычучы:

– Маё, усё маё, крэўнае…

– Не раві, зараз Жэня прымчыцца! Блазен стары… – перарвала яго рулады Людміла Пятроўна.

– Хай драхлае, нягеглае, – рэзка перайшоў на сіплы шэпт укленчаны Уладзіміравіч, – але ж маё, дарагое бязмерна… У кожнай драбнюткай, самай нявартай рэчы гэтае кватэры часцінка майго і твайго жыцця, маці. І ў гэтым таршэры, і ў абшарпанай секцыі, і ў гэтым сакрэтніку рыпучым, і тут, у гэтым дарэшты вынашаным пакрывале, наша жыццё!

Пры гэтым ён поўзаў на карачках і адну за адной абмацваў названыя рэчы.

Людміла Пятроўна насмешліва, узяўшыся ў бокі, пазірала на гэтыя штукарствы.

– І хай уцяміць сабе, сынок твой даражэнькі, – доўжыў лямантаваць бацька, – што ён тут пастаяльцам жыве. Хай паспрабуе мне толькі не знайсці жонку з кватэрай! Хай прывядзе сюды якую маладуху – абоіх вышпурну!

– Я зараз “хуткую дапамогу” вызаву, калі не сунімешся! – прыгразіла бузацёру жонка.

– Вызывай! Уладкуюць мяне ў вар’ятню – толькі радыя будзеце! Лішняя жылплошча аслабаніцца!

– У, бессаромная твая душа, – з прыкрасцю махнула рукой Людміла Пятроўна і зноў занялася бялізнай. – Балабонь, заўтра ж шкадаваць аб тым будзеш.

– А мне, як люмпену, няма чаго губляць, апроч сваіх путаў! – зноў плюхнуўся ў крэсла муж і схапіўся за газеціну. Аднак чытаць не змог – рукі моцна дрыжалі.

– Ты ж зразумей, Люда, што я яму толькі дабра жадаю! Што ў дваццаць пяць гадоў прападзеш без цара ў галаве! Што жыццё сваё планаваць трэба! Ну няма ў нас умоў на тры сям’і жыць у адной кватэры. Хлопец жа відны – знойдзе сабе адпаведную пару. Адно мэту трэба такую паставіць. Ну няма ў нас іншага выйсця. Жэнька – старэйшы, яму і жыць тут належыць. Думаеш, чаго яны з Галяй дзіцёнка не заводзяць? Ізноў у тую ж праклятую жылплошчу ўтыркаюцца справы. Дык зразумей жа, здаецца, дарослы ты чалавек! Дай людзям пажыць!

– Балабонь-балабонь. Добра што язык па-за вушшу ходзіць! – Васілёва маці зняла стос бялізны са стала, панесла да шыфаньера.

– У іх і адносіны, я гляджу, з тае прычыны пагаршаюцца, – перайшоў на шэпт бацька – Што гэта за сям’я без дзіцяці? Жэнька сваім раманам прыкрываецца: маўляў, давяршу, апублікую; нібыта пакуль няма часу… Лухта – ведае, што побач з гэтым шалапутам нашчадка не пагадуеш. Дый умоў няма, элементарнага паветра ў гэтай бетоннай скрыні…

– Я табе сказала, – абарвала прамоўцу жонка, – сын мой будзе тут жыць як хоча і колькі хоча! Бо гэта мой сын! Я сыду, калі табе не стае паветра!

– Ат, загнула! – сярдзіта зашалахцеў газетай муж і падробна ў яе ўткнуўся. – Ну мучся з гэтым пераросткам, галава малінавая…

– Во, давай, абражай! Гэта твой інтэлектуальны ўзровень. Для таго трэ было інстытуты заканчваць.

– А жыццё зацкавала, вельмішаноўная! Я цяперака мацёры ваўчына…

– Вось менавіта ваўчына і ёсць. Не дзіва, што на людзей кідаешся, – злосна сыкнула Людміла Пятроўна.

– “Людзі”! – грэбліва скрывіўся ейны муж. Праўда, імгненна апомніўся: – Так, ты чалавек. І Жэнька, і Галя – людзі. А гэты?! Хіба так людзі сябе паводзяць?! Надоечы, у выхадныя, кажу: “Хадзем, Вася, у гараж. З машынай падмагчы трэба, дый бульбы, варэнняў якіх прыцягнуць…” Дзе там! Занятым назваўся. А сам як ляжаў на канапе дагары нагамі, калі я адыходзіў, так і застаўся ляжаць ажно да майго вяртання! Толькі касеты ў магнітафоне мяняе ды пультам тэлевізар перашчоўквае. Гэта ж да чаго дайшло: бацька ў сваёй кватэры тэлевізара паглядзець не можа! А зробіш яму заўвагу ці прымусова гук прыцішыш, калі ўжо няможна цярпець гэты лямант, то лаецца ці біцца лезе. Балазе ж вымахаў дылда. Затое ледзь толькі я слоікі з варэннем на сваім гарбе прывалок, ён увобмірг іх паўскрываў ды давай упісваць…

– Што табе – варэння шкада? – неспагадліва заўважыла жонка.

– А ты думала! Так, шкада, калі хочаш! – зайшоўся новым прыступам злосці муж. – Гэта што ж атрымоўваецца? Мы ўсёй сям’ёй на дачы гарбацімся, садавіну-гародніну вырошчваем, у горад перавозім, цягаем штотыдзень з гаражнага склепа, каб усё свежанькім было, у лепшым, так бы мовіць, выглядзе… А гэтая прорва толькі жэрці здатная. Дзе, я ў цябе, маці, пытаюся, Васілёва дапамога? Колькі разоў ён за лета на дачы пабываў? Два, тры разы?