Выбрать главу

Як той казаў, куды дзенешся з падводнай лодкі! Васіль неяк няўзнак і лёгка апынуўся ў абдымках спрактыкаванай, заўжды галоднай на вядомыя ўцехі Зоські. Які чорт піхнуў яго зайсці да яе па цыгарэты! Хаця, не. Яна сама да яго пастукала, затым занадта доўга курыла ля форткі, здаецца, запрасіла да сябе папіць кавы. Так, дакладна так усё і было: пад час піцця яна ўсяляк жмурылася, строіла вочкі, соладка пацягвалася, дэманструючы і так і гэтак вартасці сваёй багатай фігуры… А голас яе ліўся пяшчотай, а позірк працінаў мужчынскае застаялае нутро проста ашаламляльна. Было спякотна. Яны падышлі да адчыненага акна, там курылі. Шальговіч пацягнулася паўз Васіля нібыта па кубак-попельніцу на падваконні. Крамяныя грудзі маладухі крануліся яго грудзей, доўгія валасы казытнулі шыю… Сурмач не памятае, як ускідваў Зоську на стол; добра занатаваў адно: не ён, а яна затым распранала яго і рабіла ўсё так бессаромна і спрытна, што праз пятнаццаць хвілін выйшаў Васіль з той лабараторыі з нейкім няўцямным дваістым пачуццём, гэткім вычварным спалучэннем жывёльнага задавальнення і цнатлівага сораму.

Тым летам Васіль часцяком начаваў у Зосьчыным інтэрнаце. І кожнага разу адчуваў сябе зняможаным цялесна і маральна абрабаваным – настолькі вымотвала яго гэтая страсная асоба. Злавала і ейная разумовая абмежаванасць, і нетактоўнасць пры сустрэчах на рабоце, калі Шальговіч усім выглядам намагалася паказаць саслужыўцам сваю ўладу над ім. Яна была задужа патрабавальная, гэтая дзяўчына. Яна кантралявала кожны яго крок, наладжвала сцэны рэўнасці, хацела частых і працяглых спатканняў. Яна ці не штодня званіла яму дамоў, пагражала заявіцца ўласнай персонай і ўчыніць скандал перад яго бацькамі. Нарэшце, проста маліла з імі пазнаёміць. Яўна набівалася ў жонкі.

Яна хутка надакучыла Сурмачу, і ён даўно шукаў нагоды з ёй развітацца. І, як на злосць самому сабе, ужо трэці год запар нязменна аказваўся ў яе палкіх абдымках. Васіль лаяў сябе за бязвольнасць, але ніяк не мог супрацьстаяць Зосьчыным чарам і хітрыкам. Што ён мог парабіць, калі цела прагнула гэтае жанчыны неймаверна, незважаючы на іх поўную духоўную несумяшчальнасць, больш за тое – на безагаворачнае непрыняцце яго сутнасцю ўнутранага свету гэтай асобы. Калі, зразумела, такі свет існуе.

Гэта была нейкая дзікая, надуманая і нікому не патрэбная барацьба паміж імі – з падкопамі, каверзамі, узаемнай нянавісцю. Вось на што марнаваўся бясцэнны час маладога жыцця! А Сурмачу, нагадаем, было ўжо дваццаць пяць гадоў, і ўсё часцей задумваўся ён пра жаніцьбу на прыстойнай дзяўчыне. Але Зоська збіла яго густ, разбэсціла цела, якое не хацела слухацца розуму і патрабавала шалёнай разрадкі. Васіль аніяк не мог па-сапраўднаму сысціся з харошай жанчынай.

…Так, гэтую ганебную сувязь трэба было канчаць, і Сурмач рашыў быць з Шальговіч нязломным. Ён спадылба зірнуў на яе відную постаць, якая неадхільна набліжалася па калідоры. Параўняўшыся, адно ўдастоіў дзяўчыну прывітальным кіўком галавы, затым палез на хаду ў кішэнь штаноў – быццам бы нечага шукаў. Але ўсё ж Шальговіч тармазнула яго вокрыкам:

– А як жа гэта, малады чалавек, называецца? – Васіль адчуў, як спрытная рука шуснула яму пад локаць і моцна яго сцяла.

Ён стрэльнуў вачыма наперад: стуль набліжаліся дзве жанчыны з ягонага сектара. Каб нікога паблізу не аказалася, можна б было без цырымоній адшыць гэтую прыставалу. Аднак зараз Сурмач мусіў адысціся да сцяны, куды цягнула яго Зоська. Ён ведаў, што яго заўжды бледнаваты твар цяпер залівае чырвань.

– Гэта што, звычка ў цябе такая на локці вешацца кожнаму стрэчнаму? – стрымана і разам з тым грубавата буркнуў Васіль. – Мікалаеўна, там галоўны пра мяне не пытаўся? – Апошнія словы ён скіраваў да Веры Мікалаеўны, адной з супрацоўніц, што ўжо з ім параўняліся.

– Ды не відно яго, гуляй далей! – Мікалаеўна, як падалося хлопцу, уклала ў гэтыя словы пэўную долю шматзначнасці.

Чамусьці захацелася пляснуць Зоську па набеленым твары, па гэтай самазадаволенай ухмылцы. Яна ж знарок яго падстаўляе – адыгрываецца за ўчарашняе!

– У цябе, хлопча, з памяццю нелады, як я бачу, – патыхала Зоська ўдушлівай парфумай Сурмачу ў ноздры.