Выбрать главу

Замест апрыкрых кананічных герояў прасавецкай літаратуры, замест мускулістых, з курынымі мазгамі супергерояў сучаснага літаратурнага смецця ў творах гэтага цудоўнага аўтара паўставалі нармальныя, сярэднія, нічым не адметныя і разам з тым надзвычай выразныя і аб’ёмныя характары. Яны размаўлялі, як размаўляюць нармальныя людзі – простай і сакавітай мовай. Іх апаноўвалі натуральныя пачуцці, і дзеянні іх былі гэтаксама натуральныя – чалавечыя. Добрае, высокае і боскае тут праўдзіва перапляталася з нізкім, заганным, бязлітасным.

О, як паверыў тады Купрыну Сурмач! У той памятны дзень чытаў ён да позняй ночы. Вакол хадзілі бацькі, вярнуўся брат з жонкай, гаманілі, нават звярталіся з чымсьці да Васіля, затым леглі спаць – хлопец не заўважаў гэтага. Прачытаўшы з лёту, запоем, палову першага тома, ён са здзіўленнем зазначыў назаўтра, што выразна памятае кожнае са шматлікіх кароткіх апавяданняў, што можа пераказаць любое. І ён пераказваў іх мысленна, пераказваў сабе, пакутліва чакаў заканчэння працоўнага дня, каб ізноў акунуцца ў нечакана адкрыты свет чалавечае Праўды. Так, чытаць Праўду, чытаць па сваім інтарэсе і волі – гэта было новае, ашаламляльнае адчуванне – накшталт першага юначага, шчырага і апантанага кахання. За адным выключэннем: у каханні, калі яно напраўду каханне, начыста адсутнічае розум. Кахаць можна і вельмі непрыстойнага, і вельмі цёмнага, і нават вельмі заганнага чалавека. У каханні, як ні круці, усё-ткі пераважае цела. Пры захапленні ж высокай літаратурай розум не толькі не зацьмяваецца, ён прасвятляецца і шырэе. Сурмач, на той час чалавек вельмі пасрэднага культурнага выхавання, востра адчуваў гэта.

Пасля А.Купрына паслядоўна пералапаціў Васіль зборы твораў і А.Чэхава, і Л.Талстога, і Ф.Дастаеўскага. Усю рускую класіку ўмясціў гэты дзівак у сваім не запоўненым школьнымі ведамі мозгу. Балазе многае было пад рукою: у багатай братавай бібліятэцы. Сам Яўген, бачачы непадробнае захапленне малодшага брацельніка сур’ёзным чытвом, адно паблажліва хмыкаў і незласліва з яго пакепліваў. Маўляў, цешся-цешся, дружа, доўбнем нарадзіўся, доўбнем і памрэш. Сам жа засяроджана пісаў чарговую векапомную рэч.

А тым часам у Васілёвай душы праходзілі грунтоўныя пературбацыі. Думкі вялікіх аўтараў, спярша прагна і шпарка ім праглынутыя, пакрысе і няўзнак сталі складацца ў сістэму. Прычым ва ўласную сістэму Васіля Сурмача. Сам ён спачатку не здагадваўся аб гэтым. Бачыў адно: ягонае жыццё пачынае распадацца на дзве прынцыпова далёкія адна ад адной палавіны. Усё часцей прыходзіла вярэдлівая думка: жыццё паўсядзённае, у якім ён дваццаць тры гады варыцца зранку да вечара, дзе нязменна атрымоўвае кухталі і трывае абразы, дзе калі-нікалі і сам выдзірае кускі часовага шчасця, – гэта не яго жыццё. Гэта жыццё несапраўднае. Жыццё ж існае, скрытае дагэтуль ад яго, так бы мовіць, за сямю пячаткамі, толькі цяпер адчыняе свае блаславёныя дзверы. Яно ад нараджэння і да сталасці скрыта як ад яго, так і ад абсалютнай большасці грамадзян ягонай краіны цяжэрным друзам. Гэта матэрыялістычнае выхаванне, разнастайныя жадункі плоці і азартныя амбіцыі духу, скажоная ў пэўны бок сістэма адукацыі, амаль пагалоўнае адрачэнне народа ад сваіх каранёў, ад мовы сваёй і культуры. І як вынік – рабская псіхалогія большай часткі дарослага насельніцтва, усеагульная бескультурнасць. І да яго – быцця існага, заваленага гэтым матэрыяльна-ідэалагічным шалупіннем – прабіваюцца, пракопваюцца адзінкі. А між тым яно, існае, насампраўдзе ляжыць не так і глыбока і тэарэтычна даступнае кожнаму. Варта толькі працягнуць руку і ўзяць з паліцы патрэбную кнігу ў строгай вокладцы, шарэнгі якіх так старанна расстаўлены для аздобы кватэр паважных прасавецкіх грамадзян. Расстаўлены напаказ, расстаўлены, як правіла, не для прачытання. Варта толькі працягнуць руку…