Выбрать главу

Шальговіч прыняла яго з гарачай душой. Так бы мовіць, накарміла, абагрэла і спаць улажыла. А яшчэ і прывяла ў парадак, наколькі было магчыма, Сурмачавы вопраткі.

Пакуль разыдзецца фінгал пад вокам, і загояцца драпіны на твары, Васіль мусіць пражываць у гэтай хлебасольнай гаспадыні. Яна кожную раніцу прыводзіла яго фізію да ладу з дапамогай парфумы і выпраўляла на работу. Ішлі яны паасобку. Так запатрабаваў Сурмач. Бацькам жа ён зманіў па тэлефоне, што нібыта нейкі прыяцель на час свайго ад’езду папрасіў яго прыгледзець за кватэрай, павыгульваць сабаку.

…Васіль з прыкрасцю схаваў блакнот з недапісаным вершам у кішэнь кашулі – ля сэрца. Тут жа недарэчы згадалася, што Зоська намерылася зацягнуць яго сёння на вечарынку да адной сваёй прыяцелькі. Гулянка адбудзецца ў інтэрнаце, і ўзровень яе мае быць не нашмат вышэйшы за памятнае Сурмачу баляванне ў Куліка. Апроч таго, Шальговіч за сталом пачне віснуць у яго на плячы, туліцца целам і наогул паказваць іхнія цесныя ўзаемаадносіны. А ў інтэрнаце ўсё знаёмыя людзі.

Ад безвыходнасці і прыніжанасці свайго становішча (грошай таксама не было) Сурмач апошнія два дні знаходзіўся ў крайнім нервовым разладдзі. А Зоська яшчэ адранку ўлавіла яго непрыхільнасць да маючай адбыцца вечарыны і ўвесь дзень вачэй з яго не спускала. І хаця яе рабочае месца знаходзілася праз чатыры кабінеты па калідоры ад сектара Маскаленкі, яна ўхітрылася цалюткі дзень ацірацца блізу Васіля. Куды толькі глядзеў строгі Пятро Яфімавіч! Зоська балакала з кабетамі, какетнічала з мужыкамі ды трымала на прыцэле палюбоўніка, у якога, як на бяду, надарыўся дзень паэтычнага натхнення.

Спускаючыся па лесвіцы на свой паверх, Сурмач утрапёна думаў пра астабрыдлае яму раздваенне ўласнай асобы. Бо ўзнёслыя і, як яму здавалася, даволі неблагія па літаратурных мерках ягоныя вершы ніякім чынам не сугучыліся з яго грубымі, цялесна-меркантыльнымі вонкавымі паводзінамі. Вось і зараз, пачуўшы дзявочы смяшок на лесвіцы, ён міжволі сцепануўся, запыніў ступу і насцярожыўся: раптам Шальговіч? Тут жа мысленна вылаяў яе шалавай, дадаў і болей крутыя словы. Нібыта Васіль, што знаходзіўся зараз на лесвічным пралёце, і нядаўні летуценны вершаскладальнік у холе паблізу дырэктарскай – розныя людзі.

А між тым, папракаючы сябе ў двухаблічнасці, цьмяна разумеў хлопец, што іначай і быць не можа. Бо неспадзеўкі прыдбаны скарб ведаў, які няўрымсліва распірае яго каторы год, імкнучыся вонкі, скарб, які нясцерпна хочацца камусьці паказаць, кагосьці ім ашчаслівіць, гэты таемны ўнутраны скарб – пагібель для паэта ў жорсткім матэрыяльным жыцці. “Молчи, скрывайся и таи и мысли и дела свои…” – даўно сказаў вялікі паэт. Як усё геніяльнае, гэтыя словы актуальныя і зараз. Нібы цнатлівая дзяўчынка, што намалявала і песціць для сябе крылаты вобраз бездакорнага белага прынца, так мроіў Васіль Сурмач аб вузкім коле таварышаў-аднадумцаў. Аб гэткай літаратурнай фемідзе, дзе за кубачкам гарбаты можна прачытаць сваё запаветнае, не баючыся згледзець кплівых ухмылачак, пачуць паблажлівага шэпту ў свой адрас. Ён нават знаў, што існуе такі літаратурны свет, але не ведаў туды пралазаў.

У грубым жа рэальным свеце было ясна відаць адно: слабакоў і ўшчэмленых – калек, меланхолікаў, гомасэксуалістаў – здаровы натоўп не любіць. Мала таго, ён з іх здзекуецца, ён іх б’е, вынішчае. Гэтакі прыродны адбор. Далоў усё недалужнае, занадта чулае і вонкава непрыгожае! Менавіта з вышэйпрыведзеных прычын і Васіль Сурмач – хлапчына з выгляду дужы, прывабны для жаночага полу, нахрапісты ў паводзінах напаказ – мусіў трывала хаваць ад брудных лап рэчаіснасці сваю пяшчотную існасць паэта. Каб жыць, каб не пазбавіцца работы, куска хлеба, каб не быць вышпурнутым людскім калаўротам на самую ўзбочыну жыцця.

…Увайшоўшы ў памяшканне сектара, Васіль не аглядваўся па баках, а хутка заняў сваё працоўнае месца. Уткнуўся ў экран кампутара. Але, яшчэ калі прамінаў “засек” Маскаленкі, напрактыкаваным бакавым зрокам заўважыў, як начальнік правёў яго позіркам і штосьці чыркнуў у рабочым журнале. Сурмач ведаў, што гэтак Пятро Яфімавіч пазначае парушальнікаў і прагульшчыкаў. Праз некаторы час галоўны выклікаў у свой кабінет аднаго падначаленага, і Васіль, скарыстаўшыся гэтым, перасеў да найбліжэйшага тэлефона.