Выбрать главу

– У якім сэнсе? – скрывіў недаўменную міну Васіль і ад таго стаў сам сабе ненавісным.

Па нейкіх чэпкіх жыццёвых законах ён мусіў доўжыць гэтую крывадушную гульню, хаця з вуснаў так і рваліся грубыя праўдзівыя словы, лаянка.

– Ты што гэта дурня ўдаеш?! – віскліва зашаптала дзяўчына. – Дзе ты ўчора быў?!

Твар Зоські сказіўся ад гневу, і Васіль каторы раз за апошнія месяцы падзівіўся, як можа ён мілавацца з такой агрэсіўнай, драпежнай жывёлінай.

– Дома… – Васіль неяк жулікавата азірнуўся, трасянуў рукой і выслабаніў локаць ад жорсткіх пальцаў палюбоўніцы. – А што?

– Во морда! – забушавала Зоська. – Сам да мяне напрасіўся ўчора, я ўвесь вечар ад пліты не адыходзіла!.. Ты што, мяне за дзяўчынку лічыш?!

“Хоць бы хутчэй знайшла яна сабе гожага хахаля. Бо ж не адчэпіцца!” – падумалася Сурмачу.

– Не крычы! Разышлася… Не на базары. – Хлопец паправіў пакамечаны світэр. – Прабач, не паспеў… непрадбачаныя абставіны… Потым пагаворым.

Ён паспрабаваў адступіць на пару крокаў. Шальговіч схапіла яго за рукаво, ірванула на сябе. Тады Васіль мусіў балюча вывернуць яе кісць і ададраць ад дыхтоўнай адзежыны.

– Ды ты ж укленчаны да мяне прыпаўзеш! – зараўла барвовая ад лютасці палюбоўніца. Вусны яе дрыжалі. Гэта прадвяшчала істэрычную сцэну. – Свінчо няўдзячнае!

Шальговіч ужо ўсхліпвала, калі Сурмач улавіў краем вуха зычны голас галоўнага канструктара сектара – свайго прамога начальніка: Пятро Яфімавіч Маскаленка з кімсьці ажыўлена гаманіў і набліжаўся з-за выгіну асноўнага калідора. Нічога не заставалася, як пакінуць поле сваркі, так і не разабраўшыся да канца з агорклай палюбоўніцай. А каб не выйшла эксцэсу, прыйшлося, адбягаючы, кінуць:

– Не псіхуй, завітаю сягоння! Там і дагаворым. Прабач… – Васіль павярнуўся да Шальговіч спінай і прыспорыўся да дзвярэй свайго канструктарскага сектара.

– Калі, у якім часе, Вася?! – неслася наўздагон ад абнадзеянай Шальговіч. Занадта гучна.

“Прыдушыць бы цябе, ненасытная!” – мільганула незычлівая думка. Сурмач усё ж паспеў унікнуць начальніцкага вока, своечасова скрыўшыся за дзвярыма.

2

У лабараторыі рабочы дзень падыходзіў да заканчэння. Па ўсіх прыкметах. І хаця па законе працаваць належала яшчэ каля дзвюх гадзін, саслужыўцы душою былі ўжо па-за прахадной завода. Нехта ганяў чаі, нехта ў прыемнай разняволенасці аддаваўся свецкім гутаркам.

Васіль сеў за свой кампутар, хапатліва загрузіў чарцёж і заклапочана нахмурыў бровы. Чакаў прыходу начальніка. Побач, за суседнім кампутарам, сядзеў Віцька Крукаў і, відаць па ўсім, рупіўся зусім не на ніве вопытнага канструявання. Ягоны апарат быў павернуты да Сурмача збольшага спінай, але па Віцькавым жывым і зацікаўленым позірку, па напружана засяроджаным выразе твару можна было беспамылкова здагадацца: чалавек заняты нейкай гульнёй.

Крукаў быў найзацяты аматар размяцца ў віртуальных гульнях і, па сваёй прыроджанай кемлівасці, як толькі атрымаў новы кампутар, паставіў яго задам да ўваходных дзвярэй і начальніцкага стала. Паколькі Пятро Яфімавіч не меў звычкі пастаянна знаходзіцца на рабочым месцы і сноўдаў з сектара ў сектар, з аддзела ў аддзел, а з Віцькавага фарпоста выдатна праглядваліся ўваходныя дзверы, то можна было спакойна займацца ўлюбёнай справай – электроннымі прэферансамі, гонкамі, тэтрысамі. Пры раптоўным з’яўленні начальніка Крукаў націскаў пару кнопак і пераходзіў у рэжым чарцяжа, які заўсёды трымаў паралельна загружаным у сістэме “Windows”.

…Начальнік, відаць, загаманіўся на калідоры або завітаў у якую са шматлікіх лабараторый. Таму ўдаваць напружаную дзейнасць пакуль не было патрэбы. Працаваць жа напраўду Васілю не хацелася. Ён у асноўным завяршыў сваю распрацоўку тры дні назад, але не спяшаўся дакладваць аб гэтым Пятру Яфімавічу, бо адведзены на чарцяжы тэрмін заканчваўся толькі праз тыдзень. Навошта ж лезці на ражон? Як той казаў, не цябе стрыгуць, дык і нагамі не дрыгай. Сурмач расслаблена адваліўся на спінку крэсла і тупа ўтаропіўся ў мудрагелісты чарцёж, як у сцяну.

Неўзабаве з аморфнага фону галасу саслужыўцаў Васілёў слых пачаў вылучаць нейкія ўцямныя фрагменты. Да прыкладу, купка мужчын за яго спінай абмяркоўвала перыпетыі ўчарашняга футбольнага матчу ў Лізе Чэмпіёнаў. Бэсціла галоўнага трэнера расійскага клуба, што разваліў харошы калектыў, зняславіў перад усім светам і паставіў яго на грань вылету з Лігі яшчэ да Новага года. Праскаквалі і матывы нараканняў на агульны разлад эканомікі, з якога ў рэшце рэшт вынікаюць усялякія беды, нягоды, спартыўныя паразы.