Выбрать главу

Дзве маладыя кабеты – Наташа і Света – чаявалі зусім блізка ад Сурмача. Сэнс іхняй гаворкі даходзіў да яго найболей выразна.

– Хіба можна далей так жыць! – жалілася Света. – Цэны як апантаныя скачуць, а нас частуюць адно абяцанкамі пра павышэнне заробку.

– І не кажы ты, Свецік! – страсным паўшэптам падхоплівала Наташа. – Той год яшчэ так-сяк перабіваліся, а сёлета дачку ў школу павялі – якія выдаткі! А тут яшчэ мужаў завод другі месяц стаіць, галава ім трэсні!

– Яны нібы мэтай задаліся нас вымардаваць! Дык як гаворыш: у школу выправіць – дорага? Мой Юраська наступнага году пайсці павінен.

– Не тое слова! Сшыткі, дзённікі – купляй! Дый падручнікі – купляй: калі такое было? А вопратка – думай як хочаш. Раней хоць школьная форма была, каштавала капейкі, як помню. А сваё дзіцё хіба хочацца апрануць дрэнна? Кожны ж вылузваецца, хто багацейшы…

– Божухна, во давялі краіну, ірады! – падвяла своеасаблівую рысу Света.

За размовай кабеты не забываліся сёрбаць моцна завараны чай ды ўпісваць хатняе пячэнне з неблагім апетытам. Васіля заўсёды раздражнялі такія закусванні ў рабочы час. Рэзкія пахі смачнай ежы адцягвалі ўвагу ад непасрэднай работы, запал да якой і так быў у Сурмача даволі слабы. У іхнім сектары елі часта, працягла і многа. Тут стаяў вядзёрны электрычны самавар, які ў працоўны час не астываў ніколі. Ледзь толькі прыцёгшыся з дому, супрацоўнікі пачыналі паліць гэтую электракачагарку, і на працягу дня рознымі галасамі абвяшчалася: “Самавар!”, “Кіпіць!”, “Выключайце!” І тады цугам цягнуліся да самавара саслужыўцы з кубачкамі і шклянкамі, у якія загадзя засыпалася заварка, кава або какава. Запоўніўшы ёмішчы кіпенем, інжынеры вярталіся на свае месцы, доўга і з веданнем справы настойвалі тыя напіткі. Некаторыя жанчыны з нуды спярша расціралі растварымую каву з цукрам, каб дамагчыся пены. Чым даводзілі Васіля Сурмача да крайняй ступені злосці – ён з маленства не цярпеў ляскату лыжак аб шкло і фарфор.

Пятро Яфімавіч Маскаленка проста знясіліўся змагацца з гэтымі чаяваннямі-перакусамі і закрываў на іх вочы. Як, між іншым, і на заўчасныя сыходы сямейных кабет на абедзенны перапынак і занадта позняе з яго вяртанне. Ён сам быў шматдзетным бацькам і не па чутках ведаў, як цяжка ўсё здабывалася ў магазінах на малую зарплату. Дарэчы, пад шумок перагульвалі і дзядзькі, і хлопцы.

…Нарэшце вярнуўся начальнік. Васіль рэзка выйшаў з вялага здранцвення, зморшчыў лоб, паклаў пальцы на клавіятуру і ўсім корпусам падаўся бліжэй да экрана. Бакавым зрокам ён бачыў, як Маскаленка абагнуў загарадку перад сваім сталом, зайшоў у праём і грузна сеў за рабочае месца. Спачатку галоўны з бразгатам адамкнуў сейф і доўга штосьці там перакладваў. Затым палез у шуфляду стала, корпаўся там. Управіўшыся, ён замоўк і (Сурмач знаў гэта) паглыбіўся ў развагі: каго б з супрацоўнікаў нечым азадачыць. Бо начальнік не мог сядзець без справы, а спраў у яго зараз не было.

– Лухвіч Марыя, – нягучна, нібыта для самога сябе, паклікаў Пятро Яфімавіч адну з супрацоўніц – стройную бландзінку не першай маладосці.

Такі зварот да падначаленых быў яго адметнасцю. Калі ж хто не пачуе, што найчасцей і выходзіла, ён называў прозвішча паўторна – ужо на ўсё горла. Затым гаварыў падышоўшаму:

– Так занятыя размовамі, што і не дагукацца да вас? Ці, можа, справы ўсе парабілі?

На гэты раз Марыя, відаць па ўсім, была напагатове.

– Я… – адказала яна.

– Падыдзі, калі ласка, сюды, – стомлена і ненатуральна млява вымавіў Маскаленка.

Хутка кабета паўстала перад сваім шэфам.

– Чым займаешся? – каварна пацікавіўся галоўны. – Ды ты сядай, сядай, не на допыце…

Васіль з нуды падслухоўваў іхнюю гутарку.

– Як чым? Рэдуктар даводжу да ладу. Дый схема электрабяспекі на мне…

– Якая схема! Ты што, з мяне здзекуешся, шаноўная?! – ускіпеў Яфімавіч. – Я табе што даў рабіць? Узмацняльны каскад во дзе мяне душыць! – Ён выразна паказаў на горле гэтае месца.

– А я вам яшчэ тым разам… тыдзень таму далажыла, што не вазьмуся за яго, пакуль рэдуктар не давяршу, – дзёрзка адказвала Маша.

– Што?! – Пятро Яфімавіч ажно задыхнуўся ад абурэння. – Ды як… Ды ты за каго мяне… Ды я ці ты, нарэшце, камандую?!

– А вы на мяне не крычыце, – асадзіла яго кабета. – Мяне за той рэдуктар вопытны цэх другі месяц тузае. А ўсё з-за дэталіроўкі, што вы мне падсунулі нібыта гатовую. Ды ў іх такіх дэталяў адроду не выраблялася!

– Ат, далася табе гэтая дрэнь! Кінь пакуль што і не турбуйся.

– То вы гэта начальніку аддзела давядзіце. Тады пабачыце, што ён скажа, – перахоплівала ініцыятыву Маша. – А толькі я ведаю: не злезе з мяне ён з гэтым рэдуктарам брыдкім.