Выбрать главу

– Ды недзе тут увіхаліся… здаецца, хвілі тры таму… – хітраваў Грыша, бо тыя аболтусы мелі звычку збягаць дамоў прыкладна за гадзіну да заканчэння законнага тэрміну. – Мо ў курыльні яны, ці па лабараторыях пашукайце.

– Я ім пашукаю заўтра… пытлю гарачага, – сярдзіта буркнуў Яфімавіч і схапіўся за трубку ўнутранага тэлефона.

На тым канцы лініі доўга не адгукаліся, затым нехта вялы (Сурмач стаяў побач і ўсё чуў) прагугнявіў:

– Слухаю… трыста пятнаццаты сектар…

– Ігарок, ты? – узрадаваўся Маскаленка.

– Ён самы…

– Гэта Пятро, выручай! Слухай… Ды не бойся, не пра схему. Дай мне чалавечка падмагчы станцыі прыцягнуць… А няма сваіх, адны бабы! Каго – Матуса? Давай Матуса, толькі хутчэй! Хай сюды шыбуе!

Сашка Матус быў рахманым вясковым хлопцам, працаваў тут толькі год і таму заўсёды аказваўся крайнім. Цягавітасці яму не бракавала.

…Ад працяглых і моцных дажджоў заводская тэрыторыя пакрылася шэрым хлюпотным рэчывам. Грузавікі і аўтакары нанеслі на разбітае асфальтавае пакрыццё дарожак тоны гразі, нарабілі ў ёй глыбокія каляіны. Гожых пешаходных праходаў тут проста не было, і таму Васіль з Сашкам прабіраліся да складоў, нібы беларускія партызаны. Коўзаліся цывільным абуткам па калдобінах і выбоінах. Васіль аднаго разу наогул упаў і прызямліўся на вытапыраныя рукі. Далоні сталі чорнымі. Ён быў узрадаваўся, што не запэцкаў вопратак, але тут жа нейкі фургон выруліў з найбліжэйшага тупіка, скіраваў у іхні бок і, гупнуўшы на ўхабіне, шчодра абдаў маладых інжынераў масляністай гразёю.

Немэтазгодна цалкам апісваць іх пакутлівы шлях па расквашанай мокрым кастрычнікам заводскай тэрыторыі. Скажам толькі, што калі небаракі даперлі адну сямідзесяцікілаграмовую скрыню ад складоў да месца прызначэння, то нават таўстаскуры Пятро Яфімавіч не рашыўся выправіць іх на другую ходку. Выгляд хлопцы мелі страхалюдны.

Чартыхаючыся, доўга мыўся Сурмач у туалеце. Сціраў анучкамі са штаноў і курткі насычаны машынным маслам і ўсялякай брыдой гліназём. Вопраткі ўсё адно прыйдзецца аддаваць у хімчыстку. Гэта ясна. І калі б стаяла пытанне проста дабрацца дадому, ён бы моцна не перажываў за свой мурзаты выгляд. Тым больш што змяркалася рана. Ды, як на грэх, Васіль быў сёння запрошаны ў госці. Не тое каб у сапраўдныя госці, а так – да аднаго прыяцеля, Змітра Куліка, куды ён заўжды адпраўляўся без усякіх цырымоній. Але ж сёння там маюцца быць незнаёмыя дзяўчаты, і з’яўляцца туды абшарпанцам не хацелася.

Каб зноў не плюхнуцца ў якую лужыну, з завода Васіль выбіраўся найкарацейшым шляхам – праз цэнтральную (не сваю) прахадную. Пільны стары вахцёр заўважыў неадпаведнасць Сурмачава пропуска і хацеў быў парушальніка запыніць… Як атрымаў такую порцыю адборных мацюкоў, што знячэўлена асеў на сваё крэсла.

Збегшы з ганка, Васіль пакіраваў пехатой у бок праспекта. Тут было недалёка. Каб хоць трохі падсаладзіць бязрадасны будны дзень, ён купіў у прыдарожным гандлёвым шапіку бутэльку піва і на хаду яго выпіў. Крыху палягчэла. А пасля дзвюх цыгарэт, якія хлопец выкурыў адну за адной, ён канчаткова пераканаў сябе ехаць да Змітра Куліка. Заквэцаную куртку ён здыме ў пярэдняй, дый са штанамі нешта скумекаць можна. Мо пераапране якія прыяцелевы.

Праспект, як рака, цёк перад Васілём. Праўда, плыні тут было дзве – сустрэчныя. Фары і падфарнікі машын, уключаныя ўжо ліхтары, падсвечаныя знутры вітрыны і паасобныя агеньчыкі цыгарэт надавалі разгорнутаму перад Сурмачам краявіду казачны выгляд. Направа, за рачным мостам, праспект узбіраўся на вялікі пакаты ўзгорак. Наўсцяж рэчышча магістралі грувасціліся высокія старыя камяніцы і стваралі ўражанне стромых берагоў. Як маленькія пячоркі з вогнішчамі ля ўваходаў, зіхцелі ў кастрычніцкім прыцемку кватэрныя вокны. Тралейбусы раз-пораз зрывалі з дратоў пырскі іскрынак, якія не даляталі да асфальту, раствараліся, гасіліся вільготным паветрам. Чалавечая гамонка, гул і ракатанне транспарту, рыпенне пад ветрам прыдарожных дрэў і мокры шолах апалага лісця зліваліся ў адну не надта стройную, затое жывую і праўдзівую мелодыю. Своеадметны гарадскі блюз. Безліч дзей спраўдзіцца сёння пад гэтую мелодыю. Колькі людзей закахаюцца адно ў аднаго, колькі пасварацца і расстануцца назаўжды! Крык не адной нованароджанай душы ўпляцецца ў гэты блюз, і не адна, на жаль, душа развітаецца з зямлёй гэтым чароўным вечарам.

Падобныя разважанні віхурылі ў галаве Васіля, пакуль ён набліжаўся да аўтобусна-тралейбуснага прыпынку. Аднак яны зніклі раптоўна і беспаваротна, ледзь толькі яму давялося ўзяць удзел у змаганні за месца пад сонцам. А іменна: штурмаваць з гудам і ляскатам падыходзячы транспарт. Першыя дзве спробы ўлезці ў патрэбны нумар аўтобуса поспехам не ўвянчаліся. Мэтанакіраваныя дзядзькі і кабеты з торбамі, а таксама рэдкія, але не менш напорыстыя дзяды і бабулі лёгка адціралі ад уваходных дзвярэй Сурмача. Хаця быў ён чалавекам даволі высокага росту, а целаскладу зусім не худасочнага. Хлопцу бракавала нахабства. Таму перад трэцяй спробай, каб канчаткова не скалець на пранізлівым ветры, ён вымушаны быў забыцца на такія выключна чалавечыя якасці, як сумленне і спагада да бліжняга. Ён рынуўся скрозь натоўп дзікім зверам і меў неблагі поспех. І хоць сядзячае месца заняць не ўдалося, прадрацца ажно да шыбы процілеглага акна і схавацца за поручань Васіль здолеў.