Пагляд Галіны мімаволі скіроўваўся на суседнія пясочніцы, дзе маладыя мамы пасвілі сваіх нашчадкаў. Да сардэчнага болю марыла сама Галя пра такое ціхае і простае шчасце. Гэта наганяла невясёлыя думы аб ейных дваццаці васьмі гадах, аб хуткаплыннасці жыцця, аб немагчымасці нешта змяніць да лепшага. І тады пазірала яна скоса ў другі бок, дзе мажнаваты Яўген махаў выбівалкай, і злавалі яе гэтыя метадычныя рухі, гэтыя тупыя глухія гукі, гэтая шырокая спіна пад ватоўкай. Хацелася сказаць мужу колкасць.
Яўген жа ў той час мысліў зусім у іншым кірунку. Высокія творчыя задумы тут перапляталіся са злабадзённымі рэдакцыйнымі праблемамі. У рэдакцыі надарылася буйная непрыемнасць, якая перарасла ў скандал. Маглі паляцець галовы. У тым ліку і Яўгенава. Гэта дужа таміла маладога рэдактара, замінала вечарамі пісаць любімы раман, выклікала начное бяссонне. Яўгену рупела падзяліцца з жонкай.
– Ведаеш, – сказаў ён нарэшце Галі, калі яны чарговы раз згортвалі дыван у трубку. – Там у нас у рэдакцыі катавасія завярнулася. Як бы цяпер пад раздачу не трапіць.
– Ну і што там у вас? – без асаблівай цікавасці, больш для прыліку спыталася Галя. Толькі не ставала ёй яшчэ мужавых праблем: сёння і так прыйдзецца страчыць поначы крывадушны хвалебны водгук на тэатральную прэм’еру славалюбна-крыўдлівага рэжысёра.
– Ды вярстальшчык наш напартачыў, скаціна! – Яўген вешаў на турнік вялізны дыван і таму гаварыў з цяжкімі выдыхамі. – Правераны-пераправераны тэкст збрыдзіў. Дакладней, з тэкстам там усё нармалёва, апроч аднаго абзаца, які гэты нядбалец чортведама як выдаліў: націснуў не тую кнопку, ці што, але абзац прапаў, а ўся далейшая вёрстка дагары паехала. І яшчэ б тае бяды, каб на халеру злашчасны абзац не аказаўся з аповесці народнага пісьменніка.
– Дрэнная справа, – усур’ёз устрывожылася Галіна. – Слова – вецер, а пісьмо – грунт. І што, так і ў тыраж пайшло – без абзаца?
– У тым жа і злыбеда, што прамаргалі. – Яўген са злосцю ўрэзаў выбівалкай па бязвінным дыване. – А як там не прамаргаеш, калі ўся аповесць – плот з лебяды, ні складу, ні ладу. Тутака хоць главу выкінь – аніхто не заплача. Карацей, усё адкрылася, калі гэты стары хрэн сам сваю несусвеціцу перачытваў. Тут жа – званкі: у рэдакцыю, у Саюз пісьменнікаў, нават у гаркам наскардзіўся. Пачалі разбірацца. Балазе ў мяне ўсё шыта-крыта: правёў апошнюю рэдактуру, аддаў папраўляць вярстальшчыку, а ён адразу ж – на калькі, “галоўнаму” на подпіс і ў друкарню. Такая ў нас завядзёнка. І тут бы ўсе камяні на вярстальшчыка. Ды – не! Яго толькі паспрабуй зачапі! Вярстальшчык у нас – святое. Харошыя кампутаршчыкі цяпер нарасхват!
– Затое пісьменнікаў, што паганак! – шматзначна ўставіла Галя.
Але таўстаскуры Яўген не ўлавіў гэтага досціпу і захоплена доўжыў:
– “Галоўны” паспрабаваў усё замяць. Ды дзе там! Патрабуюць крайнюю задніцу. Ахвяру гэтаму народнаму падавай! Праз тыдзень выклікалі мяне з Кузьмічом у Саюз пісьменнікаў, да самога Піменава. Застроіў ён нас, бы шкаляроў, і распякае: “Як жа вы пасмелі старога заслужанага чалавека скрыўдзіць!” І так і гэтак яму даказвалі, што не вінаватыя мы, што ў макеце ўсё правільна было, што гэта памылка друку. А ён адно дзяўбе: чаму пасля прынтэра не зверылі, чаму калькі з арыгінал-макетам не супаставілі?! Кузьміча ледзь да інфаркту не давёў. Сам жа, чынадрал, гэтак штаты ўрэзаў, што насілу па адной карэктуры-рэдактуры ўпраўляемся! Калі ж там яшчэ калькі вывяраць! Усё з плеч ды ў печ робім… – Яўген перавёў дух. – Словам, сышліся на публічным прабачэнні ад імя рэдакцыі ў “літаратурцы”.
– Ну, і надрукавана?
– Што?
– Прабачэнне.
– Надрукавана. А што толку! У гэтага народнага ва ўсіх рэдакцыях завязкі-падвязкі. Нябось паўсюль раззваніў. Цяперака і аповесці маёй гамон, і кнізе апавяданняў капцы прысняцца.
– Няўжо ўсё так сур’ёзна?
– А ты думала! Сама, дзякуй Богу, не першы год пішаш. Канешне, у вочы мне ніхто нічога не скажа. Проста перанясуць кнігу на пару кварталаў наперад, затым яшчэ на месяц-другі адтэрмінуюць. І ў рэшце рэшт вылеціць яна з гадавога плана. А там: выбачай, браток, абмежаванае фінансаванне, на класіку не хапае, трэба пачакаць, будзем спадзявацца, у наступным годзе… Ведаю я іхнія фокусы!
– А мне, Жэнь, здаецца, дарэмна ты паніку сееш, – спрабавала Галіна суцешыць мужа. – Сам жа сябе распаляеш. Думай пра добрае…
– Ды кінь ты свае бязглуздыя парады! – ускрыкнуў Яўген так, што на іх абярнулася некалькі дзяцей і мам у пясочніцах. Змеціўшы гэта, ён перайшоў на нервовы, раз’юшаны шэпт: – Табе лёгка тут філасофстваваць, калі сама нічога ў жыцці сур’ёзнага не пісала.