Між іншым, Маша настойліва зазывала яго да сябе на выхадныя, але Васіль адваяваў хоць суботу, каб прывесці ў парадак занядбаныя апошнім часам вершаваныя накіды. Апроч таго, хацелася разабрацца нарэшце з забракаваным рукапісам вершаў, даўмецца: ці сапраўды яны нічога не вартыя, альбо проста шаблонна спляжаны літаратурным бюракратам. Для гэтага Васіль узяў з Яўгенавай бібліятэкі некалькі падручнікаў і дапаможнікаў па вершапісанні, філфакаўскі крытычны даведнік ды гару томікаў класічных і сучасных паэтаў.
Ляцелі хвіліны, сплывалі гадзіна за гадзінай, а Сурмач так і не здужаў адшукаць у сваіх вершах яўных заган. Як, дарэчы, і яўных вартасцяў. Праўда, выявілася, што многія творы тоесныя па рытміцы самым вядомым, чытаным-перачытаным класічным творам. А добрая з іх палова і наогул упісвалася ў зухаватае: “Служил Гаврила дровосеком, Гаврила дровосеком был”. Гэта засмучала. Але, сабе ў апраўданне, адзначаў Васіль, што і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Барыс Пастарнак значную частку сваіх твораў змяшчаў у памянёным рытмічным каркасе (“Большое озеро, как блюдо, За ним скопленье облаков…”, “Ворота с полукруглой аркой. Холмы, луга, леса, овсы…” і яшчэ, і яшчэ…). Заўважана была Васілём і недакладнасць рыфмы паміж некаторымі сваімі радкамі, якую ён раней не ўпільнаваў, і якая магла стацца прычынай нізкай ацэнкі ягоных твораў у рэдакцыі. Але ж у многіх класічных вершах таксама не выконваецца строгасць рыфмы, і класікаў ніхто за гэта як быццам не ганіць, не распякае. Ды ўрэшце, не рыфмач жа Сурмач, а паэт. У вершах адметнае – вобразнасць, напор, тэмперамент… Мусіў таксама прызнаць Васіль, што падчас не знаходзіў лагічнага сэнсу ў сваіх тварэннях. Суцяшаўся, аднак, тым, што піша па натхненні, што яму нехта надыктоўвае і што логіка пярэчыць самой прыродзе верша. Гэта прэрагатыва прозы. Праўда, надта ўжо мулялі такія выразы, як “удумлівая спякота” ці “надзвычайная цішыня”; такія словазлучэнні, як “сіняя высь” ці “завейныя сны”, падаваліся скрадзенымі ў Багдановіча, а канструкцыі тыпу “калыша ветрык” і “цурчыць вадзіца” бачыліся малаарыгінальнымі. Васіль спрабаваў самаапраўдацца глыбінёю думання ды нестандартнасцю свайго паэтычнага светаўспрымання, але часцяком напаткоўваў на старонках класічных томікаў штосьці сугучнае з уласнай творчасцю. І мэтазгодна было меркаваць, што менавіта тыя слынныя аўтары, а не Сурмач, былі тут першапраходнікамі.
У галаве ўтварылася вязкая каша. Раздражненне, спароджанае немагчымасцю ахапіць неахопнае, усё ўзмацнялася. Васіль ужо некалькі разоў сярдзіта шпурляў сшытак з вершамі на канапу, браўся за падручнікі і дапаможнікі, зноў хапаўся за апрыкры сшытак, сёе-тое там перарабляў, перачытваў, касаваў выпраўленае. У пэўныя моманты ён ненавідзеў паэзію, увесь свет і сябе ў гэтым свеце. Іншым разам, наадварот, якісьці свой радок уяўляўся яму выбітным, на душы цяплела, а змрочны стандартны пакой нібыта прасвятляўся. Гэтае азарэнне працягвалася нядоўга – пакуль не натыкаўся Сурмач у сшытку на нешта накшталт “пярэстая даўжыня” альбо “рукастая поўня”. І тады адчуванне ўласнай несамадастатковасці і малаадоранасці ўспыхвала наноў.
Праз тры гадзіны ад пачатку корпання ў горах накладзенай літаратуры, пры карпатлівым аналізе і самаедстве пачало высноўвацца наступнае: галоўным у паэзіі ёсць не тэхніка вершаскладання, не адметнасць канструкцый і нават не меладычнасць радкоў. Найзначным тут з’яўляецца нейкая дзівосная, скрытая за радкамі Існасць. У Яе няма вызначэння на чалавечай мове, але Яна гэтаксама рэальная ў Сусвеце, як сціло, чарніла, сшытак. Яна жыве дзесьці далёка-далёка, але неабсяжная касмічная прастора для Яе не адлегласць. Яна – гэтая Існасць – адно люструецца, і не болей, у вершах некаторых паэтаў. Больш за тое, нават у творах гэтых абраннікаў не заўсёды мы бачым менавіта Ейнае аблічча. Толькі пад час неймаверных душэўных узрушэнняў дух паэта зліваецца з Ёю, і ў такім, скажоным паэтавым досведам, выглядзе чытач зазнае Яе твар. У чыстым выглядзе яна наогул недаступная для нашага ўспрымання. Бездакорная тэхніка і мелодыка верша, глыбокая яго чалавечая філасафічнасць не ёсць абсалютнымі крытэрыямі аплодненасці яго Існасцю (Музай). І наўсперач, самы неахайны, тэхнічна нязграбны верш можа быць уганараваны Яе прысутнасцю. Без гэтай Існасці любы верш – рыфмаваная проза.