Выбрать главу

Так думаў Васіль. Але ж пэўна акрэсліць які-небудзь крытэрый для выяўлення аплодненага Музай верша хлопец не мог. Крытэрыяў найхутчэй і няма, паколькі Яна жыве ў іншых, недаступных нам, вымярэннях і выразна перасякаецца з зямным, чатырохкаардынатным, светам адно ў мізэрнай колькасці мастацкіх твораў, якія прынята называць геніяльнымі. Гэтыя творы з’яўляюцца акенцамі ў Вечнасць. І сапраўды, хто можа пэўна сказаць, чым на працягу стагоддзяў бударажыць чалавецтва Леанардава “Джаконда”? Тэхнікай жывапісу? Аднак з такім і нават вышэйшым умельствам пісаліся тысячы карцін. (Узяць хаця б партрэты рукі таго ж Леанарда да Вінчы.) Прыгажосцю жанчыны? Дык яна, бясспрэчна, не першая прыгажуня ў свеце. Задуменны яе пагляд, усмешка? Ды мала хто летуценіць і ўсміхаецца на партрэтах.

І вось у той самы міг, калі здавалася Васілю, што наблізіўся ён да таямніцы таямніц жыцця, што на абалонцы яго душы ўжо адчуваюцца дабрадатныя павевы Космасу, прарэзлівы, у самае вуха, енк зрынуў яго з нябесных яснот у брудную рэчаіснасць. Над ім, у завэдзганай безрукаўнай майцы і пакамечаных абвіслых штанах, стаяў ускудлачаны бацька і ў злосным утрапенні, псіхавата жэстыкулюючы, выкрыкваў абразлівыя словы. Гэтыя выгукі зліваліся ў адзін прарэзлівы шум, гэтакі адмоўны энергетычны фон кшталту ваеннай сірэны, гуду горнага абвалу ці плёскату вадаспада. І толькі крайне напружыўшы слых, вылучыў Васіль з гэтага гвалту самае пранізлівае: “скаціна”, “я надрывацца буду…”, “ды колькі можна цярпець…”, “марш працаваць, а іначай…” “у магілу загоніш…” ды “ненажэрная твая морда”.

Васіль адчуў, як гарачая хваля хлынула ад грудзей да галавы, і нешта сціснула скроні. Рукі ж, наадварот, пахаладзелі. Перад ваччу паўстала мільготкая снежная павалока. Чыста машынальна і безразважна Васіль пачаў уставаць з канапы. Выгляд ён, відаць, меў страхалюдны, паколькі Сяргей Уладзіміравіч увобмірг збляднеў, ссутуліўся і, вытапырыўшы рукі наперад, задам затэпаў да дзвярэй у калідор. Збарвянелы сын, выпнуўшы вочы, марудна насоўваўся на яго. На выхадзе ачумелы ад страху бацька зачапіўся за ножку аляпаватага крэсла, спатыкнуўся і грымнуўся на падлогу. Пакуль паднімаўся на ногі, сын наблізіўся і навіс над бацькам. Скурчаны, варты жалю, пазіраў Сяргей Уладзіміравіч на Васіля знізу ўверх. Ён ліхаманкава спрабаваў прыкрыць твар рукамі, нібыта сын і напраўду будзе яго зараз мяцеліць. Падбародак Уладзіміравіча торгаўся, па шчоках прабягалі сутаргі.

– Не-на-віджу! – больш здагадаўся, чым расчуў бацька словы, сказаныя навіслым над ім нялюбым раз’юшаным сынам. – Я цябе не-на-віджу!

Вымавіўшы гэта, Васіль прыціснуў далоні да твару, укленчыў перад крэслам і, уткнуўшыся ў абіўку, заплакаў.

Перапалоханая крыкамі-стукамі, бегла праз калідор Людміла Пятроўна. За яе спінай якраз залузваўся ў кватэру Яўген з абярэмкам дываноў…

29

Пасля вышэйапісаных падзей Васіль перабраўся жыць да Марыі Лухвіч. Адчуваў ён сябе кепска. І не так гняло гэтае часовае развітанне з бацькоўскім домам, як веданне ўласнае вінаватасці. Найперш перад маці. Бацьку ён меў падставы недалюбліваць. Але Людміла Пятроўна… Сурмач штораз унутрана скаланаўся, успамінаючы яе дакорліва-разгублены позірк, калі ён, напхаўшы спартыўную сумку пажыткамі, баязліва выбягаў з кватэры. Маці сядзела ў пярэдняй, на крэсле каля трумо, і гладзіла па галаве сівавалосага Сяргея Уладзіміравіча. Бацька так і не паспеў падняцца з падлогі і, укленчаны, рыдаў несуцешна і амаль бязгучна…

Сурмач не бачыў розумам сваёй віны, але яе цяжар на сэрцы быў неаспрэчны. З гэтым друзам жыць было даўка і невыносна. Не ўсцешвалі ні апантанае каханне Машы, ні надоечнае павышэнне па службе, ні ўзаемадачыненні з прыяцелямі і супрацоўнікамі. Паўсядзённыя дзеянні Сурмач рабіў механічна, не спагадаючы душою, не перажываючы. І здавалася, усё адно: з’есці зараз крэмавае пірожнае ці атрымаць па мордзе ад падваротнай шпаны.

У першыя пасля сыходу дні, а прамінуў ужо тыдзень, навальвалася моцнае і назойлівае жаданне напіцца. Не проста напіцца – нырнуць у самы чорны, беспрасветны запой. Неаднойчы набіраў ён нумар Змітра Куліка і сам жа, пасля першых гудкоў у адказ, націскаў на гашэтку. Нібыта добры анёл пільнаваў Васілёў лёс, не даваў абрынуцца ў прорву.

Гэтае пачуццё віны, тыя цьмяныя дакоры сумлення, было зусім новым, нязнаным для Васіля. Ён не ведаў, што чалавек, не здольны пакаяцца, не варты называцца Чалавекам на гэтай зямлі. Прынамсі хрысціянінам – дакладна не можа. Балючае, нязноснае напачатку пачуццё (а не разважнае ўсведамленне) віны, у далейшым ператвараецца ў Вечны агонь, з якога цярплівыя выходзяць больш падрыхтаванымі да Бясконцасці.