Невінаватых няма. Кожны з’яўляецца не з пустэчы, кожны ходзіць не ў вакууме, кожны не знікае дарэшты. А значыць, нясе на сабе адказнасць, на ўзроўні клетак і генаў, за грахі продкаў; адказвае за кожную памятую на сваім шляху травінку, кожную незнарок задушаную на дарозе казюлю, адказвае за шчасце будучых пакаленняў…
Прыняўшы гэтую віну сэрцам, светла пакаяўшыся, мы тым самым выходзім за межы ўласнага цела, уласнай абалонкі душы і на міг становімся ўсім Сусветам… І вось тады, за прынятым намі болем, грахом безлічы жывых істот як закон раўнавагі Космасу струменіць у нашы сэрцы і радасць, гэтымі жывымі істотамі калісьці перажытая. У гэтым таінства пакаяння. Сурмач не ведаў гэтага, як не ведае гэтага кожны ў пару духоўнага дзяцінства. Няшчасныя тыя, хто не перасягнуў рубеж той духоўнай сталасці, якая ніколькі не тоесная сталасці фізічнай. Многія не перасякаюць гэты рубеж. Як не ўсе зведваюць на зямлі каханне. Хто вінаваты? Адказ – па-за жыццём, за тым даляглядам, дзе закрываюцца нашы зямныя вочы…
Сёння, у панядзелак, Васілю было асабліва цяжка. Пятро Яфімавіч Маскаленка з самага ранку загрузіў яго нуднай і бесталковай работай, а пасля абеду загадаў ісці ў тэхбюро ўзгадняць чарцяжы. Васіль не раз бываў у тэхбюро і ведаў уедлівых кабецін, што там сядзелі. Яны, як правіла, не даравалі ніводнай недаробкі, змушалі проста на месцы падціраць, выбельваць і правіць памылкі. Хлопцу дужа не хацелася туды перціся, але на чарцяжах стаяў яго подпіс, і тэхбюро патрабавала менавіта яго – Васіля Сурмача.
Даабедзенны час цягнуўся марудна і бязрадасна. За акном адранку вісела маркотная імжа. На заводзе яшчэ не ўключылі ацяпленне, у памяшканні было вельмі сыра і няўтульна. Васіль ужо неаднойчы хадзіў да самавара: заварваць чай і грэцца каля самаробнага каміна, які працаваў нелегальна – ад дармавой электрычнасці – і ў прынцыпе быў забаронены. Але ж па восені штогод запазняліся з ацяпленнем, і электракамін, змайстраваны па прынцыпе чайнага кіпяцільніка, быў адзіным сродкам, што выратоўваў ад холаду і павальнай прастуды. Не адны штаны і не адна спадніца былі прыпалены аб электракамін, калі нехта, тулячыся да яго, загаворваўся і на бяду дакранаўся тканінай вопраткі да напаленай чыгуннай арматуры. Летась выкінуў адны штаны і Сурмач.
Сістэматызаваць на кампутары прапанаваныя Маскаленкам табліцы і лічбы было зусім нецікава. Васіль неўзабаве атупеў і занудзіўся ад гэтай работы і міжволі скіроўваў увагу на галасы, дзеянні і перасоўванні саслужыўцаў. Па нязменнай звычцы аналізаваць і разумнічаць, ён спрабаваў даўмецца сэнсу гэтага размаітага шуму: скрыпаў, тупату, шэпту, гоману, адстуквання клавіятур, бразганняў лыжак аб кубкі, дзылінканняў тэлефонаў; намагаўся ўразумець значэнне прычосак і адзенняў жанчын, разабрацца ў выразах твараў мужчын, нарэшце дазнацца – што скрываецца за гэтымі вонкавымі шумамі, абліччамі, вопраткамі.
Гэта аказалася досыць жывым заняткам, а галоўнае, пакрысе адцягнула яго ад уласнага “я”, быць з якім сам-насам станавілася невыносна. Праз нейкі час хлопцу здалося, што ён адкрывае нейкую схему, па якой супрацоўнікі гуртуюцца ў тыя ці іншыя купкі, выяўляюць на сваіх абліччах тыя ці іншыя пачуцці альбо іграюць тую ці іншую ролю ў спектаклі працоўнага дня. Уяўлялася відавочным, што гэтае апрананне-гаварэнне-перасоўванне ёсць не чым іншым, як уцёкамі кожнага з саслужыўцаў ад адзіноты, адчайным неўсвядомленым пошукам сістэмы жыццёвых каардынат, каб не апынуцца твар у твар з бязмежным Космасам. Выходзіла, што наша чалавечая несвабода (цела, зямное прыцягненне, правілы грамадскага суіснавання), з якой мы нібыта няспынна змагаемся, з’яўляецца насамрэч аб’ектам нашае барацьбы, паратункам ад бескаардынатнасці і нябыту. То бок мы змагаемся не супраць, а за несвабоду.
Спрабуючы праводзіць далей гэтую думку, Васіль знаходзіў, што лінія яго мыслення ідзе не наперад, як яму таго хацелася, а загінаецца дугою і наровіць вярнуцца па крузе на свой пачатак. Бо, калі мы змагаемся за несвабоду, то рана ці позна заганяем сябе ў нейкую абмежаваную прастору, дзе ні трохі не чутна, не бачна, дзе ўсё нерухомае… А значыць, мёртвае? “Магіла! – асяніла Васіля. – Дамавіна!” Так, з ягоных разваг вынікала, што ўвесь плён нашага жыцця зводзіўся ў рэшце рэшт да поўнай несвабоды – магілы, якая нічым не адрозніваецца ад поўнай свабоды – Космасу, дзе няма ніякай сістэмы каардынат. Ані прасторавых, ані часавых. Замкнёнае кола.
А паколькі ў магілу ніводзін нармальны чалавек не спяшаецца, то мы не можам змагацца за абсалютную несвабоду. Як і за абсалютную свабоду, якая ёсць бескаардынатным (або бясконцакаардынатным) Космасам і тоесная магіле. Значыць, мы змагаемся толькі за пэўны ўзровень свабоды-несвабоды і як бы балансуем паміж смерцю і смерцю. І вось якраз гэтае ліхаманкавае балансаванне, гэтая звышняўстойлівая рыса і ёсць жыццём!