Выбрать главу

Так, Зміцер зарабляў сам, але ні ягоны бацька, ні даўні прыяцель Васіль дакладна не ведалі, якім чынам. Бо пэўнага месца службы гэты дваццаціпяцігадовы хлапчына не меў. Дый, папраўдзе, цяжка было ўявіць Куліка на такім месцы. Характару ён быў няўрымслівага, авантурнага і нядобранадзейнага. Грошай хацеў мець адразу і многа – нейкімі калі не цёмнымі, то па крайняй меры нетрадыцыйнымі спосабамі. Такімі, як: скупка і перапродаж гарэлкі, прытрыманне левага тавару, гандаль на барахолцы, рэйды ў Польшчу па шмоткі, ігра ў саматужных ансамблях на вяселлях ці проста на вуліцах і ў падземных пераходах горада.

Абагаціўшыся, Кулік неадкладна спускаў грошы на шынкі, жанчын, курыва, пазычаў кожнаму стрэчнаму. Пасля буйных баляванняў у яго не толькі гуляў вецер у кішэнях – ён быў яшчэ вінен таму-сяму, каго паіў, карміў і даваў прытулак у сваёй кватэры.

4

– Ну ты даеш, браце, – вітаў Кулік Васіля ў дзвярным праёме. – Яшчэ хвіліну-другую, я б, яй-бо, не стрываў.

– Што, сверб неадольны? – аджартоўваўся Сурмач, пранікаючы ў паўзмрок пярэдняй.

У зале штомоцы віравала колерамузыка, чуліся дзявочыя хіхіканні.

– А ты думаў! З гадзіну чакаем. Я ўжо грэшнай справай дзве пляшкі піва паваліў.

Зміцер уключыў святло, і Васіль, распранаючыся, заўважыў характэрную чырвань на худым і рухавым твары прыяцеля. Укалоў:

– Канешне, ты ж не заправішся – не паедзеш.

– Вядома… Ты праходзь, праходзь. Годзе на люстэрка тарашчыцца.

– Не крычы, доўбня гарластая. – Васіль раптам перайшоў на шэпт, узяў прыяцеля за руку. – Тут просьба адна да цябе ёсцека.

– А што такое? – пасур’ёзнеў Кулік.

– Давай сюды пройдзем. – Сурмач паказаў у бок меншага пакоя.

Зайшлі. Прычынілі дзверы. Васіль уключыў святло.

– Выручай, брат. – Ён паказаў Змітру на свае штаны. – Начальнік запрог, халера яму, грузы цягаць. А на тэрыторыі – куламеса… Карацей, давай якія порткі і баста.

– Ага… – Кулік пачухаў патыліцу і палез у бацькаву шафу (яны былі ў пакоі Кастуся Пятровіча). Неўзабаве вышмаргнуў адтуль шэрыя адпрасаваныя штаны з рэменем, падаў прыяцелю.

– На, прымярай. І помні маю дабрату… Дарэчы, з цябе сто грамаў.

– Дзякуй, век не забуду. – Васіль тут жа прыклаў штаны да ног, прыкідваючы па даўжыні. – Мо крыху караткаватыя будуць… А пра сто грамаў добра што нагадаў: тамака ў мяне ў куртцы пляшка “Крышталю” завалялася.

– Во, гэта гожы напой, гэта я ўхваляю! – так і расплыўся ва ўхмылцы ахвочы да “вогненнай” Зміцер. – А то я сягоння даў маху: трохлітровік вінішча малдаванскага прывалок, а пра гарэлку забыўся…

– А нічога, наладзілі б вінны вечар. – Васіль якраз напяў новыя штаны Кастуся Пятровіча. – І праўда, крыху караткаватыя.

Ён нахіліўся і абцягваў штаны долу за калашыну.

– Ну, прабач, не даў мне Бог бацькі акурат твайго росту, – дасціпнічаў Кулік, падпальваючы цыгарэту. – Курыць будзеш?

– Потым.

– Адно параіць магу: спусці рэмень з таліі на бёдры. Шырыня ж дазваляе.

– Слушна кажаш. – Васіль скарыстаўся прыяцелевай парадай. – Кавалер, дый годзе. Хадзем – знаёміць будзеш.

Не памыўшы рукі, ён рушыў у залу.

– Светлая – мая, – паспеў шапнуць яму на вуха Кулік.

У зале было накурана, на стале ўзвышаўся трохлітровы слоік цёмнага віна, стаялі талеркі са сціплай закускай, пустая піўная бутэлька, пустыя келіхі. На канапе, пад самаробнай арматурай для дынамікаў і ліхтароў колерамузыкі, туліліся дзве прыгожанькія дзяўчыны. Прыкладна дваццацігадовага ўзросту кожная. Адна і напраўду была святлейшая – з раскошнымі белымі валасамі да плячэй. Другая, зразумела, цямнейшая – кароткавалосая брунетка. І хаця пра вартасці дзявочых фігур меркаваць пакуль не даводзілася (госці сядзелі, да паловы скрытыя сталом), усё ж было відавочна – Кулікова паненка і з твару прыгажэйшая, і пышнейшая целам. Ейная сяброўка была яўна не на Васілёў густ, ён не любіў пігаліц. На іх і часу больш патраціш, і аддача будзе меншая. Інакшая справа – жанчыны, так бы мовіць, у целе. Паводле свайго дзесяцігадовага любоўнага вопыту, Сурмач ведаў, што такія – найболей страсныя, яны самі вешаюцца на шыю, і каб авалодаць імі, не трэба асабліва высільвацца. Варта толькі напусціць на сябе загадкавы выгляд, глыбакадумна маўчаць, адказваць рэдка і трапна. Астатняе даробяць яго высокі рост, досыць шырокія плечы, бледны твар летуценніка і русая кучаравая чупрына. Так ужо павялося ў Васілёвым жыцці.