Выбрать главу

– А Шагал, Левітан? – спытаўся Сурмач. – Ды, наадварот, на яўрэях усё мастацтва трымаецца...

– Не думаю, што гэтыя постаці супараўнальныя з Мікеланджэла ці Рэмбрантам… Да таго ж сумняваюся, ці былі Шагал з Левітанам перакананымі іудзеямі... – сказала Галіна. – Хаця – не! Левітан быў іудзеем, і нават строгім. Успомніла: ад таго на яго карцінах і няма людзей. А чалавек, яго душа – самае складанае і цікавае для мастака; толькі праз яго, чалавека, можна да Бога наблізіцца. Іудзейства забараняе маляваць людзей. Хрысціянства – адчыняе гэтыя вароты, дае нам творчы прасцяг. Ад нязгаснай духоўнай аўры Хрыста сілкаваліся і сілкуюцца сотні тысяч літаратараў, мастакоў, музыкаў; ільвіную долю лёсавызначальных для сусветнай культуры мастацкіх твораў далі нам хрысціяне. Гэта неаспрэчны факт.

– А вось як на тваю думку, Галя, – Васіль раздумна глядзеў долу, на хвалі, што біліся аб бетон, – навошта жывуць святыя, юродзівыя, убогія, дзівакі розныя? У чым сэнс іхняга існавання? На добры лад, дык нармальны чалавек жыве дзеля асалоды… Я не маю на ўвазе толькі асалоду ў цялесным, заганным сэнсе. Але ж літаральна з пялёнак мы адстойваем свае правы, толькі “дай” ды “хачу” вымаўляем. Адмалку пнёмся, нечага дамагаемся, дасягаем пастаўленых мэтаў... Карацей, стараемся адхапіць за адведзены нам адрэзак жыцця як мага болей. Гэта, так бы мовіць, нармальны закон прыроды.

Тут Галя захацела нешта сказаць, але Васіль жвава захітаў галавой, апасаючыся збіцца з думкі.

– Чакай, чакай, Галь! – гаварыў ён. – Агульнапрыняты закон жыцця – якраз браць столькі, колькі зможаш і колькі табе дазволіць грамадства і яго прававыя законы. Ці не так?

– Спрэчна…

– Тут я, магчыма, згушчаю фарбы, аднак агульнае правіла менавіта такое – браць. А ёсць людзі, адзінкі, мізэрная колькасць ад усяе масы, якія немаведама чаго жывуць па супрацьлеглых законах. Як бы знарок так жывуць. Гэтакі антысвет – насуперак нашаму. А ведаеш, які іх – тых юродзівых, дзівакоў – закон? Аддаваць. Успомні, што атрымалі Хрыстовы апосталы за свае добрыя справы – гвалтоўную смерць. І гэтак усе іх паслядоўнікі: жывуць, бескарысліва аддаюць сябе чалавецтву, а маюць ад людзей знявагі, праклёны, гвалт. І думаецца мне, што ў гэтым нейкі жахлівы закон прыроды: хто бярэ, той жыве бязбедна і беспакутна; хто аддае, той бядуе, галадае, церпіць і пакутна канае. Найярчэйшы прыклад – Хрыстос. – Васіль пранікліва глядзеў на Галю. Яна, як ніколі, падавалася яму вельмі прыгожай. Нейкай жаноцкай, але беззаганнай красою ўразіла яна Васіля на фоне спакойных свінцовых вод, недабудаванай царквы ў атачэнні дзівосна зжаўцелах дрэў. – І ведаеш, адно цешу сябе думкай, што ў існаванні гэтых нябогаў ёсць нейкі вышэйшы сэнс. Я нават здагадваюся, дзеля чаго святыя прыходзяць на нашу зямлю. Яны ж цудоўна ведаюць, што нясоладка ім тут будзе. Але ж без іх не можа ўстаяць чалавечая вотчына. Бо мы пераважна бяром, а хто ж аддаваць будзе?! Вось яны, гэтыя адзінкі святых падзвіжнікаў, і аднаўляюць энергетычны баланс зямлі. Яны сабою як бы ўраўнаважваюць мільёны нас, спажыўцоў жыццёвае сілы, аддаючы сябе даастатку. Так я думаю, Галя. Бо сусвет мусіць быць энергетычна збалансаваны. Іначай ён папросту разваліцца.

– А я думаю прасцей чым ты, – нарэшце ўступіла ў спрэчку братавая. – Святыя, непрыкметныя ў жыцці людзі, неабходныя нам для таго, каб, да прыкладу, ты, на правах дужага, зараз не ўзяў ды не задушыў мяне, ці дзеля пацехі цераз парапет не перакінуў… А каб нехта, убачыўшы гэты гвалт, не зарагатаў ад сытае весялосці, не ўхваліў бы гэты пачварны ўчынак… Каб па вуліцах не хадзілі людзі з доўгімі нажамі ды адкрыта і беспакарана не рэзалі людзей… Каб вадзіцель аўтобуса зважаў на пешаходаў, а не душыў іх коламі, – вось для чаго прыходзяць на зямлю святыя. Дзеля сусветнага парадку, які ў канчатковым выніку трымаецца на любові і міласэрнасці. Хіба ты станеш аспрэчваць, што не задушыш слабейшага проста ад страху пакарання, ад трапятання перад законам. Ты не зробіш гэта перш-наперш з-за глыбіннага пачуцця чалавечнасці, агіды да гвалту.

– Я не зраблю, а нехта зробіць. За грошы, дый проста дзеля пацехі…

– Я маю на ўвазе нармальных людзей, а не вырадкаў, пэўны працэнт якіх заўсёды прысутнічае ў чалавечай масе… У самага стройнага дрэва знойдзецца адна каравая галіна.

Тут Галя зірнула на наручны гадзіннік і спахапілася: