Выбрать главу

– Ну, дагаманіліся! Мне ж на радыёстудыю спяшаць трэба: тры гадзіны ўжо, а ў чатыры – запіс.

– Паспееш, я табе зараз таксі вылаўлю, – рашуча сказаў Сурмач. – Бяжым наверх!

– Што ты – таксі! – запрацівілася Галя. – Неяк скрамней дабяруся. Яшчэ ёсць час.

– Я цябе загаварыў, я і плачу, – падміргнуў ёй Васіль. – З ветрыкам даімчышся. Яшчэ і на гардэроб, на буфет паўгадзіны будзе.

Праз пяць хвілін жоўтая “Волга” павезла Галю ў напрамку радыёстудыі. Сурмач жа, нанова пракручваючы ў галаве іхнюю гутарку, нетаропкай ступою рушыў да роднага завода. Ён ужо безнадзейна спазніўся ў тэхбюро, але зусім не перажываў з гэтай прычыны. З Маскаленкам яны паразумеюцца.

32

Пасля сустрэчы з Галяй прамінуў тыдзень. Васіль ужо наступнага дня перадаў ёй дзесяць сваіх найбольш дапрацаваных вершаў. Без асаблівай веры ў іх будучыню. Жыццё пацякло ў звычайным, па-восеньску маларадасным рэчышчы. Аб вяртанні дамоў ён пакуль не задумваўся, днём адседжваўся на рабочым месцы, вечары і ночы бавіў у Марыі Лухвіч на поўных правах грамадзянскага мужа: хадзіў па прадукты, кашаварыў, прыбіраўся, тое-сёе рамантаваў у заняпалай дамашняй гаспадарцы і соладка спаў на шырокім сямейным ложку. Васіль здружыўся з сынам Машы – Косцікам, гуляў з ім пасля работы, а некалькі разоў нават адводзіў малога ў дзіцячы садок.

Надышоў лістапад, а з ім – нежартоўныя начныя прымаразкі, і дрэвы неяк знячэўку і дарэшты згалелі. Пра летнюю раскошу цяпер нагадваў хіба варухлівы лісцевы дыван на газонах ды асобныя ўчарнелыя лісточкі, што шаргатліва перакочваліся па асфальце. Па даўняй завядзёнцы на ачыстку ад прэлага лісця гарадскіх тэрыторый павыганялі школьнікаў і студэнтаў пачатковых курсаў. Праз які тыдзень голы добраўпарадкаваны горад будзе поўнасцю гатовы для першага зазімку. Але чаканне снегу, Сурмач ведаў гэта, можа зацягнуцца на доўгі, тамліва доўгі тэрмін. Ён і любіў і пабойваўся гэтай пары. Шэры, халодны, панылы горад нібыта адцягваў з яго энергію. Чорныя сырыя вечары, якія адваёўвалі ў дня хвіліну за хвілінай, успрымаліся Васілём як нейкае агрэсіўнае, беспрасветнае асяроддзе, дзе тонуць найлепшыя пачуцці, творчыя памкненні, растае само здароўе. Але ж акурат тады, стылай восенню, і бачыў сябе Сурмач не ненасытным біялагічным арганізмам, а здольным да нечага вартага чалавекам.

Гледзячы на скурчаных ад сіверу людзей, на рукастыя змярцвелыя дрэвы, на дротападобнае голле хмызоў, не верылася Васілю, што яшчэ які-небудзь месяц таму мог ён расслаблена сесці ў скверы на лаўку, слухаць шапаценне кляноў, а ў прагалах пышнай, злёгку парудзелай лістоты назіраць мільготкае люстра ракі, праводзіць вачыма лодкі і катэры, прыслухоўвацца да гоману і смеху людзей, што шпацыравалі паблізу.

Людзі цяпер не смяюцца і нават не ўсміхаюцца. Яны засяроджаныя, быццам занураныя ў сябе і таму непрыветлівыя, суровыя. Не раз разважаў Сурмач над асаблівасцямі характару сваіх землякоў і прыйшоў да цвёрдай высновы, што менавіта клімат, а дакладней – рэзкая змена надворных умоў на працягу года робіць асноўны ўплыў на менталітэт тутэйшага люду. Змушаныя пастаянна змагацца за выжыванне – з маразамі, аблажнымі дажджамі, неўрадлівымі землямі, – беларусы вонкава не вельмі вясёлы народ. Чалавек, які без дай прычыны рагоча на вуліцы ці ўсміхаецца ў краме, міжволі выклікае ў беларусаў падазрэнне, калі не раздражненне наогул. Так паводзяць сябе іншаземцы. Гэтыя беласнежныя зубы, добразычлівыя румяныя твары, парывістыя жэсты амерыканцаў, італьянцаў, французаў аніяк не ўпісваюцца ў нашу сціплую расліннасць, стандартныя немудрагелістыя будыніны, нячыстыя вуліцы ды бязбожна цесны грамадскі транспарт. Шчыра смяяцца беларус можа адно з прычыны легкадумнай маладосці, альбо на добрым падпітку, калі навакольны свет паўстае ў радасна скажоных алкаголем фарбах.

Беларус млявы і безыніцыятыўны, палітычна неактыўны чалавек. Гэта таксама тлумачыцца халоднай няплыткай крывёй, якая стагоддзямі фарміравалася ў тутэйшым балотна-лясным, пахмурным асяроддзі. Сонечных дзён у нас рэдка калі траціна на год выпадае. А сонца – адзіная крыніца энергіі на зямлі. Ці да страснага кахання, ці да апантаных памкненняў, смелых грамадзянскіх учынкаў нам пад хмарным беларускім небам? Аднак ліха без дабра не бывае, і менавіта нашы прыроджаная суровасць, недаверлівасць, цярплівая здольнасць унурвацца ў сябе з’яўляюцца падмуркам не для павярхоўнага, а глыбінна-істотнага спазнавання быцця. Беларусы, дзесяцігоддзямі і стагоддзямі змушаныя духоўна выжываць пры агрэсіўных захопніцкіх рэжымах, дасягнулі сур’ёзных вышынь у паэзіі і, асабліва, фальклоры. Там, у песнях, паданнях, абрадах, народжаных у счарнелых сярод непралазных лясоў і балот вёсках, трымціць душа Беларусі. Трымціць яе душа, выгнаная з забетанаваных, закамунізаваных гарадоў… У беларуса, у адрозненне ад амаль усіх еўрапейскіх народаў, няма і ніколі не было сваёй гарадской культуры. Гэта відаць хаця б па крайне бедным наборы літаратурных твораў, якія выяўляюць непасрэдна гарадское жыццё. Затое вяскова-партызанскіх апавяданняў, раманаў, паэм і вершаў – вялікае мноства.