Выбрать главу

Прапусцім тут банальнае разбіральніцтва, якое адразу ж адбылося паміж палюбоўнікамі. Скажам толькі, што былы Машын чалавек прыпёрся вымагаць грошы на апахмелку; сустрэўшы адпор, прывычна развар’яваўся і пусціў у ход рукі. Гэткая мілая сямейная сцэна.

Праз паўгадзіны Васіль выходзіў з кватэры (на работу яны заўсёды рушылі паасобку і з пяціхвіліннай разбежкай) з затоеным намерам скарыстаць гэтае здарэнне як падставу для вяртання дамоў – на сталае пражыванне.

33

Па абедзе, у гэты ж дзень, Васілю пазваніла Галя і сказала, што Алесь Хведаравіч Месціч будзе чакаць яго сёння ў рэдакцыі пасля шасці гадзін вечара. Сказаць, што Сурмач узрадаваўся, будзе няпраўдай. Разгубленасць – вось, бадай, найбольш прыдатнае слова.

– Ну і як яму?.. – неяк баязліва прамармытаў ён у трубку.

– Цярпі, Грышка, карчма блізка, – пажартавала Галя і дадала: – Толькі не спазняйся, бо Алесь Хведаравіч адмыслова для цябе пасля работы застанецца.

– Дык што ён усё-такі казаў? – нервова прынік да трубкі Сурмач.

– Сказаў, што цікава з табой пагаманіць будзе, – кінула братавая. – Ну, ладна, мне тут бегчы трэба. – І паклала трубку.

Другую палову рабочага дня Васіль не знаходзіў сабе месца. Ён браўся за працу, але яна не спорылася; загружаў кампутарную гульню, аднак гуляў рассеяна і аднаго разу быў заспеты Пятром Яфімавічам – атрымаў ад яго наганяй; спрабаваў падсаджвацца да купак гаварлівых саслужыўцаў, зачаста спускаўся ў курыльню, але не мог адцягнуць сваю ўвагу ад маючай адбыцца сустрэчы з літаратурным мэтрам. А то зноў кідаўся Васіль да свайго кампутара, употайкі адкрываў тэкставы файл з вершамі, якія адправіліся да Месціча, разглядаў іх і так і гэтак. Яны здаваліся яму то высокімі, то прыземленымі; то глыбокімі, то наіўна-дзіцячымі; то занадта канкрэтнымі, то празмерна расплывістымі… Васіль закрываў той файл, пераключаў кампутар на рэжым чарцяжа, але ж збродлівыя рукі самавольна вярталі на экран злашчасныя творы.

Хаця Сурмач перадаў вершы ў такую высокую інстанцыю не па сваёй ініцыятыве і без асаблівай надзеі, падсвядомасць яго не драмала, і ён міжволі насіў з сабой адчуванне чагосьці важнага, небяспечнага і ўрачыстага адначасова. Нібы часцінка яго душы адарвалася і паляцела ў нейкую лабараторыю, дзе маюць правесці строгі і няўмольны аналіз, будуць разглядаць гэтую адарваную часцінку ў розных ракурсах, скептычна ўсміхацца, маўляў, гэта навуцы вядома, ці, наадварот, здзіўлена разводзіць рукамі: несусветнае глупства. Васіль як бы напраўду адчуваў, як чаруюць над гэтай часцінкай, раствараюць у хітрамудрых рэактывах, а тады зноў умела крышталізуюць і ставяць пад вірлавокія мікраскопы. Жах!

Недзе без пятнаццаці шэсць, калі падыходзіў да рэдакцыі аўтарытэтнага часопіса, дзе працаваў Месціч, Сурмач цвёрда наважыў стойка прыняць вердыкт па сваіх вершах: будуць распякаць – не пярэчыць, будуць куражыцца – маўчаць, стануць абражаць – цярпець сцяўшы зубы. Хаця б дзеля Галіны, якая шчыразычліва да яго паставілася.

У назначаны час Васіль апынуўся перад абабітымі бурым дэрмацінам дзвярамі на другім паверсе старога, з высачэзнымі столямі будынка. У калідоры, з шэрагам такіх жа дзвярэй, было змрочна і вусцішна. І нельга было вызначыць, ці тоіцца тут яшчэ дзе-небудзь жыццё, або на ўсёй велізарнай прасторы – толькі ён ды нязнаны чалавек за сцяною. Словам, строгія дзверы і гулкая цішыня бязлюднага калідора не выклікалі ў Сурмача ні аптымізму, ні нават жадання пастукацца ў аддзел паэзіі. Але стукацца было трэба…

Пачуўшы: “Заходзьце!” – Васіль павярнуў ручку і пранік у пакой літаратурнага храма (другога па ліку ў сваім жыцці). Тут аказалася не намнога святлей, чым у калідоры, але значна ўтульней: тры рабочыя сталы – справа, злева і наперадзе; шырокае акно з відам на раку і стары горад; свежалакіраваная паркетная падлога адбівала толькі святло таршэра, што стаяў у левым куце – ля канапы. На канапе сядзеў чалавек і курыў. Перад ім, на прыземістым століку, стаяла попельніца, пузаты электрасамаварчык, кубкі, пачак з заваркай і ляжала яшчэ тое-сёе. Верхняе асвятленне адсутнічала, але пакой быў невялікі, і Васіль ахапіў усё яго змесціва, што называецца, адным позіркам.