Выбрать главу

– Але ж семдзесят гадоў камунізму… – заўважыў Васіль. – Тут цемрашальства яшчэ горшае за царскае. Ці не адкат гэта назад? Пры цары ж была куды большая свабода творчасці…

– Слушна! – усклікнуў рэдактар. – Слушна кажаце. Рэч у тым, што гісторыя чалавецтва ёсць барацьбой светлых і цёмных сілаў. Часам тая пераважае, часам гэтая… Аднак і праз камуністычную немарач прабіўся новы і, бадай, адзіны літаратурны волат гэтага ваяўнічага стагоддзя – Салжаніцын.

– Скажыце, Алесь Хведаравіч… Вось зараз нібыта дэмакратыя, галоснасць, незалежнасць. Так? А ў літаратуры, наадварот, застой, зацішша, калі не заняпад… Так мне здаецца.

– Па-першае, дэмакратыя ў нас толькі фармальная. Ты паспрабуй надрукаваць якое-небудзь смелае, неардынарнае, задзірыстае апавяданне – адразу з тымі ж цемрашаламі сутыкнешся. Па-другое, літаратуры, Васіль, час патрэбны, каб пераасэнсаваць перамены, каб у рэчаіснасці разабрацца. Толькі праз гадоў дзесяць-пятнаццаць з’явяцца чаго-небудзь вартыя творы пра сённяшні дзень… Хаця, ліха яго ведае, што будзе з нашай беларускай літаратурай у будучыні. Вялікія ў мяне на тое сумненні ёсць.

– А мне здаецца, неблагія ў яе перспектывы. Якраз цяпер, як ніколі...

– Гэта яшчэ бабка надвое варажыла, – працягваў Месціч. – Уся бяда беларускай літаратуры ў тым, што дужа яна маладая і незагартаваная, цяплічная нейкая… Памятаеш, як у Булгакава – літаратурная аранжарэя, дый годзе. Наша літаратура ніводнага дня ўсур’ёз не змагалася за выжыванне, то бок пры вольнай рынкавай канкурэнцыі. Яна жыла, як паненка, бестурботна – на дзяржаўных датацыях для вузкага кола немаведама як абраных літаратараў. І таму ніколі не імкнулася быць цікавай, чытэльнай, захапляльнай, як імкнулася, скажам, калісьці французская літаратура – тыя ж Дзюма, Бальзак, Стэндаль… А грымнула перабудова, разваліўся Саюз, скончыліся буйныя дзярждатацыі – і асела, знемагла наша літаратурка. Не можа яна выжыць на кніжным рынку, бо туды паступаюць альбо выпрабаваныя стагоддзямі сусветныя перлы, альбо забаўляльнае, жывучае, як пустазелле, чытво.

– Трэба распрацаваць праграму падтрымкі… – няўпэўнена пачаў Васіль.

– Глупства! – рэзка абарваў яго рэдактар. – Нападтрымліваліся! Хай загартоўваецца ў жорсткай барацьбе. А не выжыве – то й трасца з ёй! Я хачу бачыць нашу будучую літаратуру рамонкам, валошкай сярод жыта, а не аранжарэйнай ружай-недатыкай. Палеткі, жыта – чытачы, а палявыя кветкі – мастацкія творы, што жывуць сярод людзей ды іх не цураюцца.

На некаторы час устанавілася маўчанне.

– Ведаеце, Васіль, чаму я з вамі размаўляю па шчырасці? – зноў загаварыў Месціч. – Сябе ў вас бачу: маладым, неабстраляным і задзірыстым. Але ж вам прыйдзецца зазнаць на сваім літаратурным веку ўсе крыўды, абразы, роспач, што і я перажыў. Скажыце, вам ужо давалі ад варот паварот?

– Была справа, – неахвотна адказаў Сурмач.

– І яшчэ дадуць, будзьце ўпэўненыя. А тое і выспяткам падгоняць. Я, Васіль, быў з чацвёртага курса універсітэта выключаны за “празмерныя” беларускамоўныя настроі. І аўтаматычна мяне перасталі друкаваць – усюды. Бедаваў, псіхаваў, адчайваўся, задушыцца хацеў. А потым скумекаў: куды я дзенуся з нашага балота. Хітрэйшым стаў. Затаіўся на тры гады, памёр для рэдактараў. А сам дзве кнігі за гэты час напісаў. Днём вагоны разгружаю – поначы пішу, і наадварот. А калі на маю асобу сталі нядобразычліўцы забывацца, я адразу некалькі падборак ва ўсе магчымыя выданні падаў. Чакаю. І прабілася-такі адна нізка вершаў у маладзёжным часопісе. Ды трэба ж такому надарыцца, неўзабаве адзін народны пісьменнік мяне ў сваім крытычным артыкуле станоўча адзначыў. Выпадковасць! Але яна дала штуршок, і прыйшлі ў рух мае астатнія рукапісы, што без гэтага народнага, зямля яму пухам, не пасунуліся б. Праз два гады выйшла мая першая кніжка вершаў, а яшчэ праз год – у Саюз прынялі. Вось так, брат... Але самае смешнае, што, ужо стаўшы сябрам Саюза, праціскаў я ў друк тыя самыя вершы, якія пад час майго дысідэнцтва ніводнай рэдакцыяй не прымаліся – з пазнакамі “слаба”, “неталенавіта” і падобнай хлуснёй. Мала таго, мне за іх, у тым ліку за іх, ганаровую літпрэмію прысудзілі. Усё, паважаны Васіль, адносна на гэтым свеце.