Выбрать главу

У пакоі запанавала цішыня. Сурмач нясмела паспрабаваў яе перарваць:

– Паколькі вы самі пацярпелі ад гэтай сістэмы, то і стараецеся дапамагаць маладым…

– Чорта лысага! – нечакана вылаяўся рэдактар. – Я па сутнасці такі ж бюракрат, як і ўсе. А ведаеце чаму? Таму што я сам – прадукт гэтае сістэмы і не змог бы ў ёй існаваць, калі б ішоў супроць плыні. Ды памяркуйце самі, што я магу зрабіць, калі аб’ём часопіса ўсяго дзвесце пяцьдзесят старонак? На добры лад, я павінен прымаць усё бездакорнае хаця б у плане тэхнічным, бо які чорт там разбярэ – талент ці не талент? Гэта можа вызначыць толькі час, чытацкая любоў, але не я адзін… Дык вось, калі прымаць усе тэхнічна правільныя творы, то аб’ём часопіса мусіць быць не дзвесце пяцьдзесят, а дзве тысячы пяцьсот старонак! Што, самі разумееце, нерэальна. Вось і даводзіцца крэмзаць харошым людзям адпіскі, грашыць перад сваім сумленнем, начэй не спаць – а раптам хто ўтапіцца задумае? Сапраўдныя творцы – яны, браце, народ кволы. Гэта графамана нічым не проймеш. Ты яго ў дзверы, а ён у акно лезе! Багата такіх у Саюз пісьменнікаў пранырвае. А ўжо пранырнуўшы, графаман будзе душыць усіх канкурэнтаў бязбожна – і рэальных і патэнцыйных.

– Надта вы непрывабную карціну намалявалі. Гэтак пісаць не захочаш, – нявесела пажартаваў Сурмач.

– Гэта я вас проста папярэджваю. Дзеля вашага ж шчасця. І яшчэ: старайцеся не высоўвацца. У нас не любяць выскачак, асабліва таленавітых. У нас любяць харошых, ціхіх хлопчыкаў, якіх можна патрапаць па плячы і павучыць, як трэба пісаць, адчуць на іх, так бы мовіць, пераемнасць пакаленняў, сваю дастойную змену ўбачыць. Таму я вашы вершы прымаю да друку, але хай яны сваю чаргу вылежаць. Гэтак ім здаравей будзе. У вас колькі ўвогуле вершаў?

– Штук семдзесят.

– Ну і слаўна. Актывізуйце сваё пісанне, каб можна было, скажам, са ста штук адабраць тых жа семдзесят, па ўзроўні – як гэтыя дзесяць. Тады падрэдагуем іх, падчысцім, і я перадам у часопіс “Маладосць”, там у серыі “бібліятэка” выходзяць кніжкі маладых літаратараў. Я мяркую, і ваша ў іх ціхамірна праскочыць.

– Дзякуй вам, Алесь Хведаравіч. – Васіль падняўся з канапы. – Пайду я, позна ўжо.

– Можа, чаю яшчэ? На дарожку.

– Не… праўда, трэба ісці… – Сурмач, як помніцца, наважыў сёння вярнуцца ў бацькоўскую хату: не заяўляцца ж туды цемначы.

– Што ж, прыемна было пагутарыць. – Месціч таксама ўстаў і працягнуў хлопцу руку. – Спадзяюся, не апошні раз… Калі што, тэлефануйце.

35

Наступныя два лістападаўскія тыдні Васіль жыў, нібыта ў іншым вымярэнні. Пахмурнае неба, шкілеты дрэў і хмызоў, нячысты асфальт і ўчарнелае апалае лісце паўставалі для яго ў нейкім інакшым, нязнаным святле. Адчуванне чагосьці важнага трывала пасялілася ў Сурмачавым сэрцы. Гэтае адчуванне вяршэнствавала над усімі ўчынкамі, дзеяннямі і ладам мыслення Васіля Сурмача. Быццам удыхнулі ў яго новыя сілы.

Падобную акрыленасць ён зведаў толькі раз у жыцці, гадоў у шаснаццаць. Ён тады выпадкова пазнаёміўся з дзяўчынай у агульных сяброў і праводзіў яе дадому. Давялося ехаць на тралейбусе ў адзін з аддаленых новых мікрараёнаў. Усю дарогу Васіль захоплена гаманіў са сваёй прыяцелькай і не заўважыў, як яны сышлі на патрэбным прыпынку, не запомніў і звілісты шлях сярод аднастайных дзевяціпавярховак да дому дзяўчыны. Надоўга затрымаліся яны ля пад’езда. Калі ж развітваліся, Васіль перапісаў нумар тэлефона тае дзяўчыны і адчуў сябе непамерна шчаслівым. Занураны ў салодкія думкі, ён пабрыў куды вядуць вочы. Неабжытаму мікрараёну бракавала ліхтароў, але быў пачатак зімы, і сам снег асвятляў хлапцу шлях. Васіль караскаўся на пагоркі, скочваўся з іх па заледзянелых сцяжынках, пералазіў цераз нейкія агароджы, мінаў новабудоўлі… Ішоў абсалютна бяздумна, бо толкам не думаў нават пра сваю сімпатычную знаёмую. Адно адчуванне шчасця, дзівоснага новага шчасця вяло Васіля па цёмных чужых дварах і вуліцах… Апамятаўся ён гадзіны праз паўтары, калі выйшаў на ўскраіну горада. Зірнуў на гадзіннік і жахнуўся: палова дванаццатай. Ён паспрабаваў зарыентавацца на мясцовасці і не змог, бо ніколі не бываў у гэтым закінутым, зусім новым мікрараёне іхняга вялізнага горада. Ззаду высіліся аграмадзіны дамоў, збольшага – цёмныя, з пустымі вачніцамі акон; і толькі паасобныя дамы зіхацелі негустымі электрасузор’ямі. Наперадзе – пустка з зацярушанымі снегам кучамі цэглы, блокаў, скруткаў дратоў. За светлай пусткай, далёка, – цёмная паласа лесу. Паблізу – ані душы, пустая асфальтаваная дарога. Аднак усё гэта – позні час, адсутнасць арыентацыі, бязлюднасць – чамусьці тады не пужала Васіля. Вострае адчуванне шчасця перакрывала сабой усё на свеце, надавала сілу, смеласць, упэўненасць у сабе. Свет уяўляўся казачным, вясёлым, свежым. Васіль быў гатовы ісці пехатой усю ноч. Крочыць і мроіць пра тую дзяўчыну… З якой, дарэчы, ён пасля так і не сустрэўся.