Выбрать главу

Гэтак, па сутнасці, было і цяпер, пасля двухгадзіннай гутаркі ў рэдакцыі з Алесем Хведаравічам Месцічам. Свет быццам бы расхінуўся для Васіля, пашырэў, палагаднеў, а ўласнае жыццё набыло нечаканую значнасць. Нібы ўсё чалавецтва, раней такое насцярожанае і непрыветлівае да Сурмача, раптам раскрыла яму свае абдоймы. Для таго аказалася патрэбным не так і многа: каб з мільярдаў людзей рэальна знайшліся адзін-два блізкіх па духу чалавекі, прывецілі, абагрэлі, уразумелі яго, Васілёву, існасць. Гэтага дастаткова. Так бывае ў каханні: сыходзяцца два няшчасныя, не вельмі прыгожыя, знявераныя ў жыцці чалавекі, і чорна-белы сыры і бязрадасны свет раптам успыхвае для іх феерычнымі, карнавальнымі агеньчыкамі. Адметна, што і яны – закаханыя – таксама ўпрыгожваюць сабою, сваім шчасцем навакольны свет. Паасобку яны не маглі браць удзел у гэтым свяце жыцця, супольна – могуць. Хіба гэта не Божая таямніца?

Гэтак і творчасць для нас – толькі абуза, крыніца душэўных ваганняў і невыносных пакут, пакуль не знойдзецца хаця б адзін-адзіны чалавек, здольны ёй спагадаць. Гэта закон прыроды. І шчаслівыя тыя літаратары, якія яшчэ пры жыцці завітваюць праз свае кнігі ў сотні тысяч дамоў, гасцююць там вечарамі, засынаюць ля падушак удзячных чытачоў, на доўгія гады робяцца іх сябрамі. Але, мабыць, найшчаслівейшыя ўсё ж тыя пакутнікі, што так і не патрапілі пабачыць сваіх лепшых кніжак, але ў нязломнай веры, замардаваныя галечай, нячуласцю і цемрашальскай цэнзурай, без блізкай надзеі пісалі, хавалі, шматкроць перараблялі і зноў хавалі свае рукапісы. Яны каналі заўчасна, почасту – у засценках, нярэдка – у поўным вар’яцтве. Рукапісы выходзілі ўжо без іх, з Божае волі, бо насамрэч не з’яўляліся ўласнасцю тых нябогаў. Рукапісы выжывалі, як выжывае ўсё вартае на гэтай зямлі, ператвараліся ў кнігі, якія паступова набывалі ў масавай свядомасці статус геніяльных. Адной з іх стала “Майстар і Маргарыта” М. Булгакава…

І ўсё ж жаданне даць жыццё сваім творам з’яўляецца зусім нармальным для кожнага пісьменніка, і ён мае святое права змагацца за гэта ўсімі прыстойнымі сродкамі. Бо хіба ж якія бацькі пажадаюць свайму дзіцяці пакутнай долі? Хіба захочуць яны, каб іх нашчадак ад нараджэння гібеў у голадзе, холадзе, цемры і неадукаванасці? Не, яны будуць імкнуцца даць яму ўсё магчымае… Важна, каб не за кошт іншых дзяцей. Гэтак жа важна, каб пісьменнік, што выдаў за жыццё трыццаць тамоў, падумаў: а ці не змарнаваў ён лішні вагон паперы, а ці не магла тая друкаваная плошча спатрэбіцца якому не меней таленавітаму літаратару?

Калі б нейкі кваліфікаваны псіхолаг узяўся правесці аналіз знешніх дзеянняў, рою думак і агульнага фону настрою Васіля Сурмача, то ён, мажліва, мусіў бы засведчыць, што ўсе яны ўскосна вынікаюць з тых прынятых да друку дзесяці Васілёвых вершаў. Прынятых без пэўных гарантый, пад слова гонару толькі аднаго чалавека, які за некалькі месяцаў можа, да прыкладу, звольніцца з працы… І тым не менш, гэтыя дзесяць не надта выдатных вершаў вызначалі паводзіны Васіля. Бо за гэтымі творамі стаяла, па сутнасці, усё яго жыццё, прычым і будучае – у тым ліку. Праз іх, як праз чароўныя дзверцы, рыхтаваліся да выхаду на свет божы туманныя немаўлячыя згадкі, дзіцячыя алавяныя салдацікі, першыя каляровыя мультфільмы, школьная муштра, вясновыя капяжы, духмяны бэз пад акном, празрыстыя воды Нарачы, нешчаслівае каханне, атуленыя сумётамі елачкі, гаротныя гады армейскай службы, груз перачытанага-перадуманага за апошнія гады і багата, багата чаго яшчэ.

Васіль быццам адчуў сваё права на існаванне пад гэтым нелагодным беларускім небам, на гэтай няспешчанай зямлі, сярод гэтых людзей з вечна напружанымі, недаверлівымі тварамі. Адчуў, што можа быць кімсьці запатрабаваны. Восеньскі горад ужо не ўяўляўся яму, як раней, ненажэрнай бяздушнай пачварынай, якая штодзень заглынае яго ў восем гадзін раніцы і выплёўвае ў восем вечара знясіленым і знявераным, каб назаўтра паўтарыць тое самае. Васіль убачыў яго як найскладанейшы, блізкі да дасканаласці арганізм са сваім дыханнем, пульсам, сваімі біялагічнымі і духоўнымі законамі. Трэба не баяцца яго, трэба адчуць сябе клеткай гэтага арганізма і праз яго, у ім, з яго дапамогай выяўляць сваю чалавечую сутнасць. Сурмач нібы развярнуўся да горада тварам, і той паважліва прыняў яго ў сябе. У гарадскіх лабірынтах, сярод тысяч дамоў, процьмы дзвярэй і акон таілася штосьці і для Васіля Сурмача.