Выбрать главу

Нудныя аблажныя дажджы скончыліся, і горад нібы замёр у чаканні зімы. Не, людское жыццё візуальна не спынялася ні на секунду. Спяшаліся на работу грамадзяне, бурчалі цягавітыя грузавікі, лёталі порсткія легкавушкі, снавалі па рэйках трамваі, гулі неўгамонныя тралейбусы, бойка ішоў вулічны гандаль садавінай-агароднінай, прадпрыемствы і ўстановы своетэрмінова адчынялі дзверы для працаўнікоў і службоўцаў, холад не замінаў кахаць, любіць, ненавідзець… Але душа горада як бы ўзнялася пад самыя хмары і з тых вышынь крытычна і самакрытычна пазірала долу. Яна, думаў Сурмач, апусціцца на зямлю разам з першым зазімкам – абноўленая, ачышчаная і радасная. І, як па камандзе, павесялеюць людзі, будуць узрушана рыхтавацца да навагодніх і калядных святаў. У вітрынах крамаў паявяцца адпаведныя атрыбуты, пабагацеюць і папрыгажэюць прылаўкі, пасвятлеюць абліччы прадаўцоў і пакупнікоў. На двары і завулкі павысыпае асмялелая дзятва з канькамі, санкамі, лыжамі, у закутках паўстануць нехлямяжыя снежныя бабы і крэпасці… Усё гэта будзе пазней, але абавязкова – будзе.

Думкі, нават самыя глыбокія і светлыя, калі празмерна затрымоўваюцца ў чалавечай душы, калі занадта доўга не знаходзяць сабе выйсця, робяцца ворагам іхняга носьбіта. Васіль, чалавек па прыродзе не злосны, цягам апошніх гадоў змагаўся не з вонкавым светам (як ён меркаваў), а са сваім унутраным разладам, які ўтварыўся ад перанасычанасці незапатрабаванымі ведамі. І вось цяпер праз нейкую ўяўную адтуліну з Сурмачавай душы выцякалі гэтыя застаялыя веды. Іх яшчэ пакуль ніхто не ўспрымаў, але яны крануліся, але душы палягчэла. Як старадаўні ўрач даваў палёгку хвораму выпусканнем крыві, як скандал і лаянка ёсць сродкам пазбаўлення печані ад залішняй жоўці, гэтак магчымасць (хаця б патэнцыйная) публічна выказацца з’яўляецца спосабам духоўнага аздараўлення для паэта.

Васіль яшчэ толькі прадчуваў светлыя грані быцця, але ж відавочна пазбаўляўся ад цёмнага яго боку. Ён набліжаўся да раўнавагі, той раўнавагі добрага і благога, якую ўсе мудрацы лічылі шчасцем. Ён, як аказалася, толькі вучыўся спазнаваць добрае, прыгожае, боскае і адкрываў яго зусім не там, дзе мог бы сабе ўявіць. Яно ляжала па-за законамі грамадскага суіснавання, па-за логікай, па-за матэрыялістычным поглядам на рэчы. Яно цуралася якой-кольвек выгады і карыслівасці. Яно, наадварот, вымагала аддаваць, спачуваць, а значыць – траціцца. Аддаваць сваю ўвагу купцы вераб’ёў на сцюдзёным асфальце, аддаваць ім кавалак свайго батона, траціць час на пазачарговае прыбіранне кватэры, на добрыя словы для бліжняга, на пакупку незапланаваных падарункаў родзічам, спачуваць суседу па аўтобуснай цісканіне, саступаць сядзячыя месцы нямоглым і дзецям, – усё гэта цалкам супярэчыць барацьбе за існаванне, на якой, па меркаванні аднаго барадатага разумніка-натураліста, і стаіць свет. Не, ён стаіць насуперак той барацьбе. Бо канчатковы яе вынік, яе ідэал: нейкая ўсёмагутная зубастая істота з курынымі мазгамі – адна на ўсім свеце, бо пажэрла ўсё жывое.

У лістападзе Сурмач зазнаў небывалы творчы ўздым. Ён напісаў больш, чым за папярэднія пяць месяцаў. Цяпер радкі не трэба было вымучваць – яны з’яўляліся міжвольна, прычым у самых нечаканых і, бывала, нязручных месцах. Вершы прыходзілі на рабоце, пад час абедзенных прагулак, у душна-тлумным грамадскім транспарце, вечарамі ў кампаніі таварышаў, яўляліся з начным бяссоннем, а нярэдка – проста па першым абуджэнні ад сну. Васіль нібыта падвоіўся, і ўжо нехта куды болей дасведчаны ў літаратуры і значна мудрэйшы прапаноўваў яму богведама адкуль узятыя думкі, вобразы, словы. Адчуванне гэтага “другога” было настолькі рэалістычным, што Васіль, калі заставаўся на адзіноце, абсалютна сур’ёзна звяртаўся да свайго двайніка, а дакладней, як бы пераходзіў у яго асобу і, паназіраўшы збоку, ставіў ацэнку сабе самому. Гэта давала Сурмачу магчымасць выразней бачыць свае чалавечыя заганы, агрэхі ў вершах, дапамагала расці і ўдасканальвацца. Да таго ж, як ніколі, стала хораша і цікава з самім сабой, адзінота больш не прыгнятала.