Выбрать главу

– Так, хлопча, гэта Таня, – кіўком галавы паказаў Зміцер у бок цямнейшай, – а тое – Наташа.

– Вельмі прыемна… – Васіль з прыкрасцю адчуў, як яго твар самохаць зацягваецца штучнай задуменнай павалокаю.

– А гэта наш Вася-Васілёк, прашу шанаваць і мілаваць, – гаманіў падзаведзены півам Кулік. – Найразумнейшая галава. Я думаю, вы з ім паладзіце.

“Каб ты спрах са сваімі рэкамендацыямі!” – злаваў пра сябе Сурмач, а напаказ светла ўсміхаўся, глыбакадумна глядзеў кудысьці ўбок. Аднак жа краем вока не прамінуў заўважыць, што ў Таццяны досыць някепскія, стройныя ногі. Іх ужо можна было разгледзець.

– І я рады, вельмі рады… – бяздарна лепятаў Васіль, – правесці вечар у атачэнні, так сказаць, гэтакіх пекных жанчын… дзяўчат, прабачце.

Дзяўчаты какетліва захіхікалі. Зарагатаў і Зміцер, але тут жа схамянуўся і памчаўся ў пярэднюю. Вярнуўся адтуль з пляшкай гарэлкі, якую вывудзіў з Васілёвай курткі.

– Вось яна – матухна. – Ён любоўна пагладжваў бутэльку па дыхтоўнай наклейцы. – Ёй пачэсны пасад! – І ўсталяваў “Крышталь” на самае віднае, цэнтральнае месца.

Перакінуўшыся яшчэ дзесяткам такіх жа неістотных слоў, хаўруснікі распачалі бяседу.

– Ну, слова нашаму разумніку, – падкалоў Кулік Васіля, спрытна наліваючы дзяўчатам па поўным келіху віна з грувасткай пасудзіны, – для першага, так сказаць, тосту. – (Ва ўяўленні прымітыўнага Куліка чалавек з вышэйшай адукацыяй быў абавязкова разумным.)

“Здзекуецца, дрэнь! – падумаў Васіль. – Ведае ж, што не ўмею я за сталом красамоўнічаць”.

– Вып’ем за ўдачу, – прымаючы ад Змітра чарку з “вогненнай”, хітра выйшаў са становішча Васіль. Коратка і талкова.

– Святая справа! – Кулік па-свойску ляпнуў яго па спіне. Ажно выплюхнулася колькі кропель гарэлкі.

Між іншым, Кулік ляпнуў па спіне і сваю сяброўку Наташку, але – як мага бліжэй да таліі. Пускаць у ход рукі пад час застолля было ў Змітрака нязводнай і непрыстойнай звычкай. Разгарачаны напоямі і гамонкай, ён мог гэтак пляскаць па нагах, руках, спінах і задах амаль незнаёмых людзей. Часцяком нарываўся на скандалы. А ўсё ад няўрымслівага тэмпераменту.

– А Васіль дзе працуе? – звярнулася да нейкай пятай асобы Наташа, пры гэтым нясмела пазіраючы на Сурмача. Шчокі яе запунсавелі ўжо ад першага келіха.

– Ён у нас інжынер… інтэлігент. Ха-ха, – паясняў Кулік з набітым ротам. – А ў цэлым – выдатны хлопец! Ух.. хр.. кхе-кхе… – На апошніх словах ён папярхнуўся.

Варта сказаць, што слова “інжынер” на пачатку дзевяностых гадоў азначала дрэнны дастатак, не вельмі высокую культуру, забітасць і бесперспектыўнасць для носьбітаў гэтага звання. Куды больш шанаваліся такія прафесіі, як бізнесмен, эканаміст, бухгалтар, дробны гандляр і нават проста ашуканец грамадства. Таму Васіль заўсёды пачуваўся няёмка, калі даводзілася рэкамендавацца і раскрываць сваё сацыяльнае становішча.

– А дзе, дазвольце пацікавіцца… у якой установе?.. – падлівала масла ў агонь Таццяна.

Прыйшлося адказаць.

Каб перавесці размову ў іншы кірунак, Сурмач прамовіў:

– А што, дзяўчаткі, ці не прапанаваць нам гэтаму таварышу, – ён паказаў рукой на Змітра, што жвава арудаваў сківіцамі, – нам пайграць-папець?

– З задавальненнем паслухаем, – адразу адгукнулася Наташа. – Ён жа ў нас карыфей у гэтай справе! Я табе не гаварыла? – Яна схіліла галаву да Таццяны.

– А няма ахвоты пакуль, – набіваў сабе цану Кулік. – Дый да кандыцыі прыйсці трэба. Васёк, налівай не марудзячы! Наталі, Таня, вам – вінца? Ну й слаўна! А мы па беленькай з дружбаком пройдземся.

Ён зухавата напаўняў ёмішчы алкагольнымі напоямі і праз паўгадзіны амаль не вязаў лыка. У свае дваццаць пяць гадоў Кулік быў ужо прывычны алкаш. Добра падпаіў ён і сваю Наташку, палез да яе абдымацца, узвалок на калені.

Бачачы, што застолле заўчасна прымае непрыстойнае адценне, Сурмач выклікаў прыяцеля на балкон – быццам бы пакурыць.

– Што ж гэта ты раскіс, браце? – трасянуў ён загрудкі ачмурэлага Змітрака. – Гадзіны не прайшло, а ты ўжо вочы пазаліваў. А што далей будзе: штаны спусціш ды на кралю сваю палезеш?

Кулік неўразумела глядзеў на Васіля, дурнавата ўсміхаўся і пагойдваўся на кволых нагах.

– Ды не турбуйся, усё нармалёва будзе. Зараз яешню змайструем, запяём, па беленькай… – мармытаў ён.

– Дык вось, слухай мяне, “па беленькай”! Калі ты зараз не пойдзеш у ванную ды не памыешся пад халоднай вадой – хаця б да напаўпрытомнага выгляду, то праз хвіліну мяне тут не будзе. Зразумеў?! – Сурмач нямоцна тузануў маларослага Куліка за каўнер.