Выбрать главу

Там ён паглыбіўся ў вершы і прыкладна на гадзіну забыўся на ўсё вонкавае. Верш, што бывала рэдка апошнім часам, не клеіўся. І пагатоў гэта было дзіўна таму, што Сурмач сядаў за пісьмовы стол з папярэдне напісанымі дзвюма строфамі, з яснай задумай і нават накідам дзвюх астатніх. Але выйшла зусім па-іншаму. З лёту дабіўшы верш да чатырох строф, Сурмач раптам выявіў, што пачатак і канец гэтага твора не толькі не гарманіруюць паміж сабою, але неяк ускосна адно аднаму супярэчаць. А да ўсяго ён не ўгледзеў, што рытмічныя памеры “ўчарашняй” і “сённяшняй” палавін верша не супадаюць. Гэта было асабліва прыкра: Васіль раней не заўважаў за сабой падобных агрэхаў і лічыў сваё пачуццё рытму абсалютным. Але ж калі з неадпаведнасцю рытмічных канструкцый яшчэ можна было сяк-так прымірыцца (гэта сустракаецца і ў класікаў), то сэнсавы бок твора выдаваў на яўную бязглуздзіцу. Атрымоўвалася, што лірычны герой, ад асобы якога і вяшчалася ў вершы, з’яўляецца альбо псіхічна няўстойлівым, альбо проста хлуслівым чалавекам, паколькі па сутнасці абвяргаў свае ж думкі. Гэтага Сурмач ніяк не мог дапусціць, а таму рашуча сцёр (ён заўсёды пісаў алоўкам) дзве апошнія страфы верша і задумаўся над гэтым пустым месцам. У галаву, як на грэх, прыходзілі ўсё тыя ж ідэі, толькі ўжо на новай, правільнай, рытмічнай аснове. І хаця розум пэўна падказваў Васілю, што думкі гэтыя ёсць бесталковымі і неразумнымі, упартае пяро так і наравіла іх вывесці. Свае ж, мэтазгодныя, думкі выходзілі надзіва нязграбнымі ў паэтычным сэнсе і здаваліся вершаванай прозай. Усур’ёз запісваць іх рука не паднімалася. Такім чынам, Сурмач патрапіў у своеасаблівы тупік. У гэты вечар ён найвыразна адчуў, што паэзіі супрацьпаказана рацыянальнае мысленне, што для яе законы не пісаныя, што яна досыць сваявольная пані.

Апамятаўся Васіль ужо на пачатку дзесятай гадзіны, і з прычыны вельмі банальнай: моцна захацелася ў туалет. Ён пакінуў сшытак разгорнутым (бо цвёрда намерыўся ўсё ж дамучыць непаслухмяны верш) і пашкандыбаў праз калідор у прыбіральню. Але хутка вярнуцца да пісьмовага стала яму не давялося.

Праз пяць хвілін, калі рушыў праз пусты калідор, Васіль знайшоў, што нездаровая цішыня ягонай кватэры нібыта яшчэ пацішэла, згусцілася. Штосьці было не так… І тут Сурмача асяніла: тэлефон! Што тэлефон? Маўчыць? Не, якраз быў, за гэты час быў адзін тэлефонны званок. Але захоплены літаратурнымі рэбусамі Сурмачаў мозг як бы адзначыў гэты званок і, каб не трывожыць свайго гаспадара, паклаў на далёкую паліцу падсвядомасці. Аднак не ў званку была загваздка – у ягонай працягласці. Быццам хтосьці хутка, праз паўтара гудка, яго перарваў. Гэта магло адбыцца ў двух выпадках: або той, хто званіў, па невядомай прычыне перадумаў, або трубку паднялі ў Сурмачавай кватэры. Адзін тэлефонны апарат стаяў у бацькоўска спальні, якая зараз пуставала. Але паралельны тэлефон быў у пакоі брата…

Васіль выйшаў у калідор, наблізіўся да дзвярэй братавага пакоя і замёр, прыслухоўваючыся. Зноў тая ж вязкая ціша. У прынцыпе, ніякіх гукаў ён і не чакаў, бо дзверы былі абабіты тоўстым слоем дэрмаціна. (Гэтак Яўген колісь адасобіўся ад вонкавых шумоў дзеля высокай творчасці.) Васіля апаноўвала жаданне пастукацца і павярнуць ручку, але ўвагу яго прыцягнуў дзвярны праём у пустыя “харомы” бацькоў. Святло ад калідорнай лямпачкі выяўляла за ім абрысы канапы, тумбачкі, крэсла… Сурмач рашыў туды заглянуць. Уключыўшы святло, ён убачыў ціхамірна пусты пакой з унутраным парадкам, які заўсёды ўстанаўлівала Людміла Пятроўна перад ад’ездам. Шторы былі па завядзёнцы зашморгнуты. Васіль у некалькі крокаў перасек гэтае невялікае памяшканне, адсунуў адну шторыну ўбок і зірнуў у акно. Ён не ведаў, нашто ён гэта робіць. Наперадзе прывычна гарэлі вокны стандартнай блочнай пяціпавярхоўкі. Толькі яны і асвятлялі двор, які таксама прывычна вымер у гэты час. Прычым вокны наперадзе свяціліся ў тым самым вечаровым парадку, які Васіль прывык бачыць з дзяцінства, і які стаўся такім жа звычайным, як дзіцячыя гушкалкі, альтанка ў цэнтры двара, кашлатая блакітная яліна…

Васіль, не пагасіўшы святло, выйшаў у калідор і накіраваўся на кухню. Як у дзяцінстве, калі панічна баяўся цемрадзі, рэзка націснуў пераключальнік. Кухня мела зусім мірны выгляд. Краявід, які паўставаў за акном, быў ужо іншым і значна прывабнейшым: пад пагоркам пралягала нявузкая вуліца, каля аўтобуснага прыпынку тырчала некалькі чалавек, правей ад яго – весела гарэлі вітрыны гастранома. Тут Васіль канчаткова ўразумеў, што ўся адмоўная энергія, якую ён адчуваў скурай, зыходзіць усё-такі з пакоя брата.