Выбрать главу

Пэўна, Васіль бы так і зрабіў.

Гастраном зачыніўся назусім акурат перад Сурмачавым носам. Хлопец сярдзіта зірнуў спярша на мажную прадаўшчыцу, якая загарадзіла ўваход, затым на наручны гадзіннік, што паказваў без дзесяці дзесяць. Ён быў падумаў папрасіць гэтую вартаўніцу прапусціць яго на хвілінку, але ж панура-рашучы твар кабеціны не абяцаў ніякай саступкі. Тым больш што прыкупіць курыва можна было тут жа – у тарцы гэтага будынка знаходзілася кругласутачная крама. Праўда, Васіль не любіў тое пажыўнае месца, асабліва познім вечарам, калі там збіралася даволі рызыкоўная публіка. Але гандлёвыя шапікі каля прыпынку даўно закрыліся, і зараз Сурмачу нічога не заставалася, як падацца ў бок “начніка”.

Зрабіўшы некалькі крокаў, ён пачуў са спіны выгукі лаянкі і шум тузаніны. Абярнуўся. У загароджаны табурэткай праём, які сцерагла мажная прадаўшчыца, напралом лез нядошлага выгляду высокі дзядзька. Ён ужо прасунуў туды рукі і галаву ды намагаўся пераступіць цераз табурэтку, але тоўстая рука знутры штурхала яго ў грудзі і тым замінала здзейсніць задуманае. Дзядзька, апрануты ў зашмуляную целагрэйку, шалёна крыў прадаўшчыцу мацюкамі, за што тая абяцала яму “падраць морду” і “бакі паламаць”. Раптам упарты бузацёр атрымаў штуршок у грудзі, куды мацнейшы за папярэднія, адляцеў ад дзвярэй на пару метраў, саскочыў з ганка, згубіў раўнавагу і расцягнуўся на зямлі. За ім выскачыў суровага выгляду міліцыянт у зімовай форме і некалькі разоў смачна выцяў небараку нагамі. За вартаўніком правапарадку з крамы вылузаўся плячысты мардаты дзяцюк у сінім халаце (відаць, грузчык). Удвух яны адарвалі недалужнага дзядзьку ад долу і літаральна занеслі ўнутр магазіна.

Забавіўшыся гэтай сцэнкай, Васіль паплёўся да “начніка”. Там, як і штовечар, было шматлюдна, нячыста і гаманліва. У непрасторным памяшканні натоўп згрудзіўся пераважна каля аднаго прылаўка – там адпускалі спіртное. Чарга хвалявалася. Ад яе брыдка несла танным курывам, барматухай, гарэлкай нізкіх гатункаў. Каля іншых двух прылаўкаў стаялі толькі паасобныя пакупнікі: там прадаваўся хлеб, малочныя і мясныя вырабы, кансервы, дыхтоўныя алкагольныя напіткі, што не па кішэні прапойцам, і, на шчасце Васіля, дарагія цыгарэты. Хлопец купіў пачак “Космасу”, падзівіўся на размаітыя дзівосныя пляшкі він і каньякоў, палюбаваўся на прывабную маладую прадаўшчыцу, што стаяла за гэтым прылаўкам, і пакіраваў назад. Метры за тры да выхаду з крамы ён абамлеў: у гэтае смуроднае памяшканне ўваходзіў яго чыстаплюй-брацельнік. Але найбольшую недарэчнасць сітуацыі надаваў букет шыкоўных чырвоных ружаў у руках Яўгена. Падслепавата жмурачыся, ён з нетаропкай паважнасцю прайшоў міма малодшага брата і падаўся да чаргі, што прагнула барматухі. Васілю здавалася, што ўсе прадаўцы і наведвальнікі крамы зараз жа павернуцца да Яўгена і паразяваюць ад здзіўлення раты, – настолькі не гарманіравала ў яго свядомасці прысутнасць тут з іголачкі апранутага, грэблівага да нечыстаты, наскрозь інтэлігентнага Яўгена, ды яшчэ з шыкоўнымі ружамі ў руках. І хоць ніхто з прысутных ашаломлена не ўсклікнуў і не стаў паказваць на Яўгена пальцамі, Васіль не марудзячы выбраўся на вуліцу: чамусьці не хацелася быць заўважаным.

Там ён закурыў і, апанаваны цікаўнасцю, забег пад павець прыпынку, стаў назіраць за выхадам з начной крамы. Яўген, які ўсё ў жыцці рабіў крайне няспешна, не паказваўся. Тут Васілю падумалася, што брацельнік можа таксама пайсці на гэты прыпынак, каб ехаць у горад. Прыйшлося хутка змяніць месца дыслакацыі: Васіль кінуўся да рада гандлёвых кіёскаў – зараз закрытых і цёмных, і ўжо адтуль цікаваў за выхадам з “начніка”. Давялося выкурыць яшчэ цыгарэту, перш чым паявіўся Яўген. У руках, акрамя раскошных ружаў, ён трымаў бутэльку шампанскага. Крочыў ён неяк урачыста; калі праходзіў блізу шапікаў, Васіль заўважыў, што шампанскае замежнае, дарагое. Пакінуўшы леваруч аўтобусны прыпынак, Яўген пайшоў цераз вуліцу.

Сурмача-малодшага, які міжвольна апынуўся ў ролі прыватнага дэтэктыва, разбіраў, туманіў розум паляўнічы азарт, карцела дайсці да фіналу гэтай катавасіі. Ён зладзеявата прыгінаўся і хаваўся ва ўсе магчымыя цені і неадступна трухаў за старэйшым братам.