Выбрать главу

Яўген наблізіўся да пагорка са здзічэлым садам і пачаў яго абгінаць па асфальтаванай дарожцы. Раз ён азірнуўся, і Васілю прыйшлося рэзка сагнуцца долу, нібыта завязваючы шнуркі. Калі ж пераследнік падняў галаву, то ўбачыў наперадзе адно пустую сцяжыну. Праклінаючы сябе, Васіль памчаўся па ёй… Праклінаў ён сябе яшчэ больш, калі неўзабаве ўбачыў брацельніка, які няспешна крочыў па двары свайго дома і прычым яўна кіраваў да роднага пад’езда.

Каментарыі тут залішнія. Ва ўсякім выпадку, Васіль адназначна рашыў, што далейшае яго ўмяшанне ў ход падзей не толькі не патрабуецца сітуацыяй, але і будзе непажаданым. А таму сунуў рукі ў прасторныя кішэні кажушка, развярнуўся на сто восемдзесят градусаў і бязмэтна пацёгся наперад. Азарт прапаў, вечар паэзіі пайшоў на глум, вакол было бязлюдна і сыра…

38

Неяк няўзнак Сурмач ізноў апынуўся пад пагоркам, перасек вуліцу. На прыпынку і перад гастраномам зараз было зусім пустэльна. Адно каля “начніка”, аб чымсьці змаўляючыся, аціралася купка падазронага выгляду грамадзян. Васіль пайшоў па выбоістай асфальтаванай дарожцы ўздоўж вуліцы. Яна рабіла шырокую дугу і праз паўтара кіламетра праходзіла паблізу Сурмачава дома – толькі з іншага боку. Гэта быў гожы маршрут для прагулак.

Абапал вуліцу сціскалі бязладна і маляўніча пастаўленыя “хрушчоўкі”, наперадзе, дзе дарога рабіла найкруцейшы выгін, пачыналася раздольная пустка, за ёй паўставалі два новыя мікрараёны. Адзін – пару гадоў як абжыты. Другі – пустынны, з цёмнымі аграмадзінамі будынкаў, з цыбатымі высознымі кранамі. Дзякуючы гэтым новабудоўлям Сурмачаў мікрараён ужо тры гады як не лічыўся гарадской ускраінай, а колькасць і частата грамадскага транспарту, што праз яго праходзіў, значна павялічыліся.

Вось і зараз, няглядзячы на позні час, Васіля, які нетаропка крочыў наперад, раз-пораз абганялі бурклівыя аўтобусы і тралейбусы. І рэдка-рэдка – легкавікі. З супрацьлеглага боку амаль што нічога не выязджала. І не дзіўна: па нечай эканамічнай задуме, усе маршруты грамадскага транспарту былі пушчаны па кольцы аднабакова.

Дарожка, па якой ішоў Сурмач, асвятлялася ліхтарамі слаба – праз два на трэці. Але, як бы ім у дапамогу, з акон навіслых абапал “хрушчовак” лілося сваё адмысловае святло. У войску, калі Васіль стаяў у каравуле, за агароджай іхняй часці высіліся такія ж стандартныя пяціпавярхоўкі. За тысячы кіламетраў ад роднага дома – акурат такія ж! І, прыхіліўшыся поначы да каравульнай вышкі, падоўгу ўзіраўся тады салдат у рэдкія жоўтыя плямы акон, намагаўся разгадаць іх таямніцу, грэўся іхнім цяплом, мройліва ўяўляў якую-небудзь “хрушчоўку” сваім домам, куды ён, адкінуўшы аўтамат і перамахнуўшы цераз агароджу, можа завітаць у любы момант. Але не ідзе, але церпіць… Таму што так трэба.

Перад пусткай, што адкрывалася праваруч, Васіль наблізіўся да скрыжавання. У дваццаці метрах ад мірглівых жоўтых святлафораў знаходзілася павець аўтобуснага прыпынку, у доме напроці – маленькі магазін, а каля яго – пару тэлефонных аўтаматаў. Людзей паблізу не было, толькі з падваротні вычмыхнуў увішны “жыгулёнак”, асляпіў фарамі і віскліва збочыў на галоўную вуліцу.

Сурмач падышоў да аўтаматаў. Першы з іх не падаў ніякіх прыкмет жыцця. Зняўшы трубку з другога, Васіль расчуў кволы гудочак. Набраў нумар Марыі Лухвіч. Кароткія сігналы ўпарта сведчылі аб тым, што нумар заняты. Васіль, пацепваючыся ад золі, выкурыў цыгарэту і зноў зняў трубку: тыя ж кароткія гудкі.

Ён перасек вуліцу і паплёўся ўздоўж пусткі з аднаго боку і свайго мікрараёна – з другога. Ветру не адчувалася, аднак халадала з кожнай хвілінай, на дол увачавідкі напаўзала малочная імгла. Яна завалакла і прыглушыла далёкія агеньчыкі мікрараёна за пусткай. Нежылых гмахаў там зусім не было відно. Заціхалі навакольныя рухі. Усю дарогу да наступнага прыпынку Васіля ўжо не абагнала ніводная машына, не сустракаліся і прахожыя. Рэльеф паніжаўся, і сцюдзёная бель ахутала першыя паверхі “хрушчовак”, што злева туліліся да самай дарогі. У ёй патанулі кватэрныя лямпачкі…

І толькі ля павароткі, якая вяла на новабудоўлі, мерна міргалі жоўтым колерам святлафоры. Здавалася, што сама Беларусь, здранцвеўшы ў нямым чаканні, рахмана і бездапаможна лыпае тут вачыма.

Васіль скіраваў да тэлефонных аўтаматаў, што прыгарнуліся да соннага газетнага кіёска, зняў трубку… Нумар Марыі Лухвіч быў па-ранейшаму заняты. Сурмач крыху павагаўся, затым дастаў нататнік, адгарнуў патрэбную старонку і зноў крутануў наборнік… Кароткія гудкі сведчылі і пра занятасць нумара Таццяны. Ужо зусім замаркочаны, Васіль набраў трэці нумар – Змітра Куліка. На гэты раз сігналы былі нармальныя, доўгія; яны мерна ўспыхвалі і затухалі ўвушшу, гучалі настойліва, раз за разам спрабавалі адчыніць цішыню… Але і на іх не было адказу.