Выбрать главу

Сурмач абагнуў кіёск, падышоў да лавак аўтобуснага прыпынку, прысеў, бяздумна ўтаропіўся на замглёныя вокны пяціпавярхоўкі, што стаяла праз вуліцу. Святлафор то жаўціў, то цямніў яго твар.

Раптам з-пад лаўкі данёсся слабы піск, і між Васілёвых чаравікаў вылезла шэрае кацянё. Вартая жалю істота дрыжала ўсім сваім убогім цельцам, але вочы, вытарашчаныя на чалавека, гарэлі нязломным жыццём. Гэтае дамесячнае кацянё, якое пакуль што бачыла на белым свеце адно холад і голад, якое ў любы міг магло быць расціснута коламі машын і закатавана хуліганамі, глядзела на незнаёмага агромністага Васіля Сурмача з першабытнай любасцю! Яно, якое даверліва церлася аб яго ногі і патрабавальна пішчала, было значна мацнейшым за гэты туман, за гэтыя панурыя гмахі на даляглядзе, за цемру і пустату. Бо праз агеньчыкі яго вачэй гаварыла сама Прырода.

Васіль сунуў руку ў кішэнь штаноў і намацаў там некалькі цукерак, якія сёння сунула яму на дарогу Маша. У мігатлівым святле хлопец знайшоў сярод іх “Кароўку”, зняў абгортку і надкусіў. А тады асцярожна падняў дрыготкае кацянё, якое амаль нічога не важыла, паставіў сабе на калені і стаў тыкаць яму ў рот гэты ласунак. Ад страшэннага голаду істота калацілася ў яго руках і ела прагна. Яна ўвобмірг умяла цукерку і прынялася вылізваць Васілю пальцы сваім шурпатым язычком. Ад гэтых цёплых дотыкаў стала неймаверна хораша. Васіль засунуў кацянё за пазуху. Яно прыліпла да яго грудзей, утульна завурчала, затым пасунулася бліжэй да пахі.

– Ну што, брат, хадзем? – сказаў Васіль, намацаўшы звонку жывы камячок. Кацянё варухнулася пад матэрыяй, піскнула і заціхла.

Сурмач устаў з лаўкі і, трымаючы правую руку на грудзях, перасек вуліцу…

Пад аднастайнымі пяціпавярхоўкамі, патанаючы ў вільготнай смузе, па цямравай бязлюднай сцяжыне рушылі два спадарожнікі. Істотным плёнам турботнага жыцця аднаго з іх былі толькі дзесяць няпэўнай вартасці вершаў, што чакалі свайго часу ў шуфлядзе рэдактарскага стала. Другі спадарожнік пакуль што наогул нічога не меў. Ім было добра.

2000–2001 гг.

Падрыхтаванае на падставе: Міхась Южык, Перакулены час: раман — Мінск: Тэхнапрынт, 2002. — 272 с.

ISBN 985-464-281-2

Раман Міхася Южыка распавядае пра рэаліі жыцця беларускай сталіцы ў 1993 г. Галоўны герой – малады непрызнаны паэт – прагне творчага самавыяўлення, але сутыкаецца з жорсткімі законамі літаратурнай закуліснасці… Гэта філасофска-сатырычны, вострасюжэтны твор.

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011

© PDF: Камунікат.org, 2011

© ePub: Камунікат.org, 2012