Выбрать главу

— Няхай думае ўвесь клас, — пачынала настаўніца ўрок. — Як называлася вёска, дзе жыў Мішка Дадонаў?

Тут нечага было думаць. Разгарнуўшы кнігу, кожны мог адразу прачытаць назву гэтай вёскі.

— Як звалі няньку Пушкіна?

— Арына Радзіёнаўна, — хорам гудзеў клас.

— На якім кані сядзеў Кутузаў у час Барадзінскага бою?

— На белым...

Ад гэтых пытанняў паразумнець было цяжка. Можна было забыць нават тое, што ведаеш. Агрыпіна Іванаўна да кожнага самага маленькага вершыка прыдумвала процьму такіх пытанняў. Атрымлівалася, што мы не вучні пятага класа, а нейкія выхаванцы дзіцячага сада, якім трэба ўсё разжаваць і гатовае пакласці ў рот. Настаўніца не дазваляла нам самастойна ступіць нават кроку. У яе было загатоўлена пытанне на кожны радок верша, на кожны самы маленькі кавалачак тэкста. Для гэтых кавалачкаў мы прыдумвалі загалоўкі, потым складалі падрабязны план кожнага ўрыўка, потым намячалі пытанні, на якія патрэбна было адказваць. Гэтыя загалоўкі, урыўкі, пытанні абрыдлі нам, як камары ў вясновы надвячорак. Урокі літаратурнага чытання мала чым адрозніваліся цяпер ад урокаў арыфметыкі.

Як нешта дзіўнае, што мінула і ніколі не вернецца, успамінаў я заняткі, якія праводзіў Рыгор Канстанцінавіч. Наш былы настаўнік не баяўся, што мы не зразумеем цяжкага матэрыялу, і заўсёды размаўляў з намі, як з дарослымі. Тое, аб чым ён расказваў, было заўсёды новым і цікавым.

Параўноўваючы літаратурнае чытанне з геаграфіяй і батанікай, я прыходзіў да сумнага вываду, што гэтыя два прадметы куды цікавейшыя. Географ і батанік расказвалі пра горы, каменне, вятры, едкі люцік і балотны хвошч з большым захапленнем, чым Агрыпіна Іванаўна пра Пушкіна, Лермантава і Максіма Горкага.

Яшчэ больш не падабалася нам Агрыпіна Іванаўна як класны кіраўнік. Яна зусім не цікавілася нашымі схільнасцямі, характарамі, турботамі. Яна, здаецца, ведала толькі адно: кожны вучань павінен весці сябе прыкладна, а вучыцца добра. Гэта настаўніца паўтарала нам на кожным класным сходзе.

— Гэта ж сорамна не вучыць урока, — распякала яна каго-небудзь з вучняў.

Або:

— Як вам не брыдка парушаць дысцыпліну?

Усе запаведзі, якімі Агрыпіна Іванаўна імкнулася дамагчыся поўнага перавыхавання класа, мы ведалі вельмі добра. Але, нават вывучыўшы іх на памяць, мы чамусьці не рабіліся лепшымі.

Клас вельмі хутка даў сваю ацэнку Агрыпіне Іванаўне:

— Далёка ёй да Рыгора Канстанцінавіча, — была аднадушная думка. — Нейкая яна кіслая.

— Палка, — сказала аднойчы пра настаўніцу Ліна.

Мы з Пекам маўчалі...

Пека хадзіў сумны, вучыўся ён у апошняй чвэрці значна горш, чым у пачатку года. Многія ў нашым класе ўжо заўважылі, што Пека не любіць і баіцца сваёй сястры. Аб гэтым нейкім чынам здагадваліся нават настаўнікі. Я заўважыў: і географ, і батанік, і асабліва настаўніца нямецкай мовы палепшалі да Пекі. Яны стараліся падбадзёрыць яго і пры ўсякім зручным выпадку падхвальвалі.

Наступіла вясна. Яна ў гэтым годзе была цёплая, ранняя. У красавіку ўжо ярка свяціла сонца, дзяўчаты штодня прыносілі ў клас букецікі кураслепу. Пеку з надыходам вясны стала вальней. Амаль па ўсіх прадметах было паўтарэнне, і ён не браўся за кнігі, спадзеючыся на сваю памяць. І да ўрокаў і пасля іх Пека дома амаль не стыкаўся. Ён швэндаўся па мястэчку, гадзінамі прастойваў на станцыі, праводзячы зайздросным позіркам цягнікі. Яны імчаліся не спыняючыся. Агрыпіна Іванаўна ў апошні час паслабіла свой кантроль над Пекам. Можа, яна рыхтавалася да ўрокаў, правярала нашы сшыткі, а можа, была якая-небудзь іншая прычына.

З наступленнем вясны тоўсты Сямён Барысавіч зноў па цэлых тыднях прападаў на раёне. Без яго да Агрыпіны Іванаўны пачаў часта заходзіць Міланцій Казельчык, наш фізкультурнік. Міланція Іосіфавіча за настаўніка мы не лічылі, дый ніякім настаўнікам ён фактычна і не быў. Ён працаваў масавіком у клубе, і яго проста запрасілі праводзіць спевы і фізкультуру, бо спецыяльнага настаўніка, мабыць, не было. Тую гадзіну ў тыдзень, якая была адпушчана на фізкультуру, мы прагульвалі, бо Міланцій Іосіфавіч гімнастычнымі практыкаваннямі не вельмі цікавіўся. Ён пераважна націскаў на розныя гульні. Хлопцы ў гульнях удзельнічаць не хацелі, і настаўнік займаўся з аднымі дзяўчатамі. Ён наладжваў карагод і, вытанцоўваючы сваімі доўгімі нагамі пасярэдзіне круга, падпяваў: «А лягушкі скачуць так, так лягушкі скачуць...» Дзяўчаты кружыліся і смяяліся ад задавальнення, а хлопцы, стоячы воддаль, пасмейваліся з дзяўчат і з фізкультурніка разам. За доўгія ногі Міланція Казельчыка празвалі «Бусел», і гэтая мянушка прыжылася. Пра фізкультурніка яшчэ расказвалі, што яго жонка сама ходзіць атрымліваць мужаву зарплату, бо, відаць, яму не вельмі давярае...