Мяне не пакідала роспач.
Дома я крычаў на сваіх меншых братоў, агрызаўся на просьбы маці, шалеў ад кожнага самага бяскрыўднага слова, сказанага мне. Пека, наадварот, быў ціхі і пахмуры, як ніколі. Ён хадзіў, апусціўшы галаву, і думаў нейкую сваю цяжкую думу. Але мне ў гэтыя дні было не да Пекі, я жыў сваім горам.
І вось аднойчы здарылася нечаканае. Я прыйшоў вечарам у хату і злосна шпурнуў кніжкі ў кут. Маці паставіла мне есці. Апетыту ў мяне не было ніякага, і, боўтнуўшы лыжкай раз ці два, я моўчкі адставіў яду ўбок. Заняты сваімі думкамі, я зусім не заўважыў, што ў хаце стаіць мёртвая, насцярожаная цішыня. Не распранаючыся, я прылёг на канапу. У гэтую хвіліну з ложка падняўся бацька. Спакойна зняўшы з цвіка папругу, ён падышоў да канапы і стаў мяне бязлітасна хвастаць.
— Не падымай вэрхалу, — прыгаварваў ён, — не надувай губ, еш, калі табе паставілі...
На печы зарумзалі мае браты Васіль, Піліп і самы малодшы Кузя. Я маўчаў, сцяўшы зубы. Нарэшце ганебная экзекуцыя кончылася. Я ўстаў і пайшоў да дзвярэй.
— Гэта табе за мінулы тыдзень, — сказаў мне бацька ўслед. — Заробіш яшчэ — атрымаеш у наступную суботу. Пеку адвучылі, адвучу і я цябе. Бач, ходзіць, падтуліўшы хвост...
Мяне душылі слёзы, але зусім не ад болю. Мне было сорамна самога сябе. Хацелася праваліцца скрозь зямлю, збегчы куды-небудзь у белы свет. Я адчыніў хлеў, узлез на вышкі і лёг на леташняе сена. У процілеглым канцы хлява трывожна зашчабяталі сонныя ластаўкі. Мяне агарнулі невясёлыя думкі. «Дурныя людзі, — думаў я, — сварацца, падколваюць адзін другога, б’юцца... Навошта ўсё гэта? Хіба нельга жыць у дружбе і згодзе? Вось як гэтыя ластаўкі. Нездарма яны такія прыгожыя». Я сапраўды ніколі не бачыў, каб ластаўкі біліся, і думка пра птушак спадабалася мне.
Але пра ластавак я думаў нядоўга. Пякучая крыўда хутка вярнула мяне да зямных спраў, ад якіх ніяк нельга было адкруціцца. Мая годнасць была прыніжана, знявечана, абліта гразёю. Я ўмеў рашаць самыя цяжкія задачы з простымі і дзесятковымі дробамі, амаль не рабіў памылак у дыктоўках, мог паказаць на карце любую раку, возера або мора зямнога шара, і мяне адлупцавалі, як нейкага дурнога шчанюка. Халодны боль сціскаў маё сэрца, калі я ўспамінаў Ліну. Што б яна падумала, каб даведалася, што мяне вучаць жыць папругай?..
У хлеў прыйшла маці. Яна здагадалася, што ў мяне нядобра на душы, і хацела мяне суцешыць.
— Ідзі ў хату, — ласкава сказала яна. — А то яшчэ прастудзішся. Гэта Рашэль падвяла бацьку. Сказала пра цябе, што і ў школе ты калючы, і хвалілася, што Пека яе клопатам стаў цяпер як шаўковы. А я сама не хачу гэтай бойкі...
Я быў удзячны маці, хоць яна не зусім разумела мяне. Я не крыўдаваў на бацьку за тое, што ён пахадзіў па мне папругай. І раней здаралася, што бацька або маці давалі мне кухталя. Але то было пад гарачую руку і за які-небудзь учынак, дзе я сам адчуваў сябе вінаватым. Тое забывалася адразу. А тут ён адлупцаваў мяне без ніякай маёй віны, думаючы, што я зраблюся пасля гэтага лепшым. Дый не маленькі ж я цяпер, каб вучыць мяне папругай. Найшоў каго слухаць... Рашэлі...
— Прынясі мне кажух, — папрасіў я маці. — Буду начаваць тут.
Назаўтра раніцай прыйшоў мяне суцяшаць Пека. З хвіліну ён пасядзеў моўчкі, потым зашаптаў:
— Я табе памагу, калі хочаш. Толькі ты маўчы. Я сабраў ужо трыццаць чатыры рублі, на білет хопіць. Мы можам паехаць і без білетаў. На заводзе скажам, што нам па шаснаццаць гадоў, і паступім на работу. Я думаю ехаць паслязаўтра. Рашэлі якраз дома не будзе.
— Куды ты паедзеш? — спалохана спытаў я.
Мне было вядома аб Пекавым намеры, але я звязваў яго з нейкай далёкай будучыняй. Цяпер жа гэтая будучыня насунулася, прыйшла, і мне стала проста страшна.
— У горад паеду, — рашуча шаптаў Пека.— Паступлю вучнем на завод, я рослы, прымуць. Ты можаш пазней прыехаць, калі баішся. Я табе ліст прышлю...
— Прападзеш ты, — угаворваў я сябра, страшачыся яго рашучасці.
— Не прападу, не малы... Там мяне ніхто не будзе лупцаваць, зваць дармаедам... Дык ты згодны?
— Ты яшчэ падумай, Пека,— спрабаваў угаварыць я сябра. — Здадзім экзамены, тады паглядзім...
— Нечага глядзець, — злосна адрэзаў Пека. — Не хочаш, не трэба. Толькі трымай язык за зубамі.
Ён пайшоў, а я яшчэ доўга думаў, лежачы на вышках, на леташнім сене. Два разы, асцярожна адчыняючы дзверы, заходзіла маці і клікала мяне снедаць. Нарэшце прыйшоў бацька.