ІІІ
У нашым пятым класе вучылася смяшлівая і вясёлая дзяўчынка Ліна. Вучылася яна няроўна. Здаралася, што ў адзін і той жа дзень у яе дзённік трапляла і выдатная, і дрэнная адзнака. Усё залежала ад Лінінага настрою. Іншы раз, нават добра ведаючы ўрок, яна не ішла адказваць і потым з выглядам пакутніцы не ўставала з-за парты нават на перапынках.
Але ў першым паўгоддзі мы прывыклі бачыць Ліну нейкай вогненна-вясёлай. Яна насілася па класе як апантаная. Ганялася за хлопцамі, гуляла з імі ў «цот і лішку», стукалку і, нават ператварыўшы пры дапамозе шпілек сваю спаднічку ў нешта накшталт штаноў, вярцелася на турніку. Ліна ведала амаль усе хлапечыя тайны, сябравала пераважна з хлопцамі і пра свой жаночы род гаварыла надзвычай зняважліва.
Пасля ўрокаў я і Пека часцей за ўсё ішлі разам з Лінай, бо нам было па дарозе. Дзяўчынка жыла ў гасцініцы, дзе яе бацька працаваў загадчыкам. Дарогай Ліна балбатала безупынку. Яна прыехала ў наша мястэчка аж з Каўказа і вельмі ахвотна расказвала пра смелых і адважных чачэнцаў, пра тое, як яны крадуць сабе ў жонкі дзяўчат і як танцуюць з кінжаламі ў зубах. За гэтыя расказы дзяўчынцы нават далі ў класе мянушку — чачэнка.
На нашым школьным двары Ліна сама аднойчы танцавала каўказскі танец, трымаючы ў зубах звычайны сталовы нож, бо кінжала ў школе не знайшлося.
Ад нас з Пекам у дзяўчынкі не было ніякіх сакрэтаў. Яна скардзілася, што страшэнна не любіць арыфметыкі і пасля кожнай развязанай задачы ў яе баліць галава. Мы з Пекам шкадавалі дзяўчыну і навыперадкі давалі ёй спісваць нашы рашэнні. Я хутка заўважыў, што Ліна ахвотней бярэ Пекавы сшыткі. А Пека, нягледзячы на тое, што арыфметыку мы заўсёды рыхтавалі разам, трымаў сябе так, нібы толькі ў яго аднаго задачы выйшлі па адказу. Гэта мяне крыўдзіла, і бывалі хвіліны, калі Пека здаваўся мне проста ненавісным.
Хутка я пераканаўся, што Ліна наогул хіліцца да Пекі. Па дарозе яна размаўляла часцей за ўсё з ім, звонка смяялася пасля кожнага яго жарту, а я быў, як у той гульні, — трэцім лішнім. Ліне, відаць, падабалася, што Пека гучней, чым другія, крычаў на перапынках, бегаў па партах, дужаўся з кожным, каго ні стрэне. У маёй натуры ніякай няўрымслівасці не было, і таму Ліна проста не выдзяляла мяне сярод іншых хлопцаў.
З Пекам у мяне адносіны псаваліся. Я ведаў, як ён баіцца сваёй Рашэлі, як ходзіць перад ёй на задніх лапках, і таму зусім не лічыў яго смелым. «Варона, — помсліва думаў я пра Ліну. — Што яна такога знайшла ў гэтым канапатым Пеку?»
Аднойчы, калі канчалася ўжо другая чвэрць, я падклаў і Пеку, і Ліне добрую свінню. Тры разы ў тыдзень Рашэль пускала свайго брата пакатацца на каньках. Пускала яна яго ўсяго на адну гадзіну, і таму я не любіў выбірацца на лёд разам з Пекам. Увойдзеш у самы смак, ляціш на дзеравяшках па звонкім лёдзе, забываючы аб усім на свеце, а Пека раптам заве дамоў. Яго гадзіна кончылася...
На гэты раз я пакінуў лёд раней за Пеку. У той вечар на нашу замерзлую рачулку прыйшла Ліна. Можа, яна згаварылася з Пекам, можа, дзяўчынка дазналася сама, якой цудоўнай бывае рачулка зімовым вечарам, калі над зямлёй вісіць сіняе сутонне, а лёд звініць і патрэсквае, але яна прыйшла.
Ліна ўмела катацца на каньках, гэта я ўбачыў адразу. Пека імчаў першым, за ім Ліна, а трэцім я. Мне здалося, што Пека з Лінай хочуць наўмысна адарвацца ад мяне, каб застацца адным, і я звярнуў убок, каб ім не перашкаджаць. Мне ад гэтага стала неяк горка і крыўдна, і зняўшы свае дзеравяшкі, я ціха паклыпаў дадому.
Дома я сеў за арыфметыку. Нам далі рашыць два вельмі цяжкія прыклады на дзяленне дробаў. Гэтыя дробы былі нейкія чатырохпавярховыя, і прайшла цэлая гадзіна, пакуль я рашыў першы прыклад. Пекі ўсё не было. Я ўяўляў, як, пабраўшыся за рукі, Пека з Лінай носяцца па лёдзе, і мяне ўсё болей апаноўвала злосць. «Ён хоча, каб я рашыў і яго прыклад, — з нянавісцю думаў я пра Пеку. — Я рашу, але заўтра паглядзім...» Два разы выходзіла са свайго пакоя доўгая Рашэль і пыталася, дзе Пека. Я адказваў, што не ведаю.
Пека прыйшоў можа гадзіны праз тры. Ён быў расчырванелы і ўзбуджаны. «Рашыў задачы?» — спытаў ён у мяне шэптам. Я кіўнуў галавой. «Заўтра пойдзем у школу раней, я ў цябе перапішу...» Выскачыла Рашэль і накінулася на Пеку. Ён спачатку нешта даводзіў ёй пра рэпетыцыю харавога гуртка, але яна не слухала. Яна лямантавала як шалёная, а Пека стаяў насуплены і няшчасны. Мне ў гэтую хвіліну нават стала крыху шкада сябра, і я ўжо зусім на яго не злаваўся.
Але назаўтра прага помсты авалодала ўсёй маёй істотай. Калі па дарозе ў школу мы праходзілі паўз гасцініцу, з яе двара выскачыла Ліна. Яна, мабыць, спецыяльна падпільноўвала Пеку. Са мной Ліна нават не павіталася. Яна гаварыла толькі з Пекам, успамінала рачулку, пытаючыся, калі ён пойдзе зноў катацца на каньках. Я ішоў ззаду і поўніўся злосцю.