Іван НАВУМЕНКА
ПЕРАЛОМНЫ ЎЗРОСТ
І
Пека быў добры хлопец. У гэтым я пераканаўся, як толькі мы пазнаёміліся. Ён першы падышоў да мяне і прывітаўся, хоць гэта належала зрабіць мне, як гаспадару хаты. Справа ў тым, што Пека прыехаў да нас кватараваць. Прыехаў з горада ў наша ціхае мястэчка, якое ў той памятны год стала раённым цэнтрам. Я трошкі баяўся гарадскіх, трошкі іх недалюбліваў і, можа, таму ў дзень прыезду Пекі паставіўся да яго не зусім прыхільна.
Магчыма, была і другая прычына, чаму мне не адразу ўдалося разгледзець у асобе Пекі поўнага свайго аднадумца. З кузава паўтаратонкі, што спынілася каля нашай хаты, саскочыла маладая жанчына велічэзнага росту. Такіх высокіх жанчын я яшчэ не бачыў ніколі. У нашым мястэчку такіх не было. Таму я на першым часе ўсю сваю ўвагу накіраваў на гэтую высокую, якая цяпер ужо лічылася нашай кватаранткай.
З кузава злезлі яшчэ двое — тоўсты мужчына і хлапец маіх год. Але я на іх не глядзеў. Я дапамагаў зносіць рэчы ў другі пакой нашай хаты, якую мае бацькі аддалі пад кватэру прыезджым, і сачыў толькі за высокай тонкай кватаранткай. Яна з непрывычкі стукнулася галавой аб верхнюю дошку каліткі і пасля ўжо ўсе астатнія разы згіналася дугой, калі хадзіла ад машыны ў хату.
Рэчы мы пазносілі, і новыя гаспадары, зачыніўшыся, пачалі іх расстаўляць і ўладкоўваць. Іх кватэра адразу стала лепшай, чым наша. На двор яны выходзілі праз пярэдні пакой, які застаўся нам, і цяпер усё жыццё нашай сям’і было навідавоку. Мне стала крыху сумна ад гэтага, і каб развеяць маркотныя думкі, я выйшаў на вуліцу. Я не прыходзіў дамоў да самага вечара. А вечарам у нас якраз і адбылося знаёмства з Пекам. Пека, мабыць, чакаў мяне. Ён сядзеў на лавачцы і чырыў дубцом па зямлі.
— Добры дзень, — сказаў ён. — Мяне завуць Пека. Давай дружыць.
— Пека? — здзівіўся я. — Хіба ёсць такое імя?
— Ну, па-звычайнаму Пятро. Гэта мяне так Рашэль называе.
— Якая Рашэль? Твая маці?
— Мацеры ў мяне няма, — сумна прамовіў Пека.— І бацька памёр таксама. Рашэль — сястра...
Мне стала шкада Пекі. Я ўжо вінаваціў сябе за тое, што так няласкава яго сёння сустрэў. Хвілін праз дваццаць мы ведалі адзін пра другога ўсё. Пека, як і я, перайшоў у пяты клас, і мы адразу дамовіліся, што ён запішацца ў «Б» клас, каб нам разам вучыць урокі. Ад свайго новага сябра я дазнаўся, што ён умее гуляць у шахматы і збіраецца змайстраваць уласны радыёпрыёмнік. Я ў той час не гуляў у шахматы, а што датычыцца радыёпрыёмніка, дык нават не дакранаўся да яго. Вядома, я адразу адчуў павагу да Пекі, хоць мяне і калола зайздрасць. Але мае ўласныя козыры былі яшчэ не раскрыты, і я спадзяваўся узяць рэванш.
— Ты чытаў «Капітана Гатэраса»? — спытаў я ў Пекі, спадзеючыся на адмоўны адказ.
Гэтая кніга дарэвалюцыйнага выдання трапілася мне без вокладак, і я таіў цвёрдую надзею, што ён яе не чытаў.
— Гэта Жуля Верна? — Пека ніколькі не здзівіўся пытанню. — Чытаў яшчэ летась...
Пачатак для мяне складаўся няўдала. Чарга задаваць пытанне была за Пекам, і я насцярожана прыціх.
— А ты чытаў «Рабінзона Крузо»?..
Не прачытаць «Рабінзона» было б проста сорамна, на гэтым мяне Пека злавіць не мог. Я прачытаў аж тры кнігі пра розных Рабінзонаў, аб чым яму адразу заявіў. Мы досыць доўга шпілялі адзін другога пытаннямі наконт прачытаных кніг і ўрэшце пагадзіліся, што сілы ў нас прыкладна роўныя. Былі кнігі, якіх не чытаў я, трапляліся і такія, якіх не чытаў мой сябар. Галоўнае, мы абодва любілі кнігі і пазналі адзін у адным людзей, блізкіх па духу. Мы ў той вечар так захапіліся ацэнкай вартасці розных пісьменнікаў, што нават не пачулі, як да паркана, які аддзяляў лавачку ад двара, падышла доўгая Пекава сястра.
— Пека! — пачуўся яе прарэзлівы голас. — Ідзі спаць. Ты ўжо сёння сабе зарабіў...
Пека падхапіўся і, угнуўшы галаву ў плечы, паціху пашкандыбаў у двор. Мне стала крыху няёмка за сябра. Нічога ж дрэннага мы не рабілі.
Але гэты выпадак на першым часе неяк забыўся. Былі справы важнейшыя за крыклівую Пекаву сястру, і мы аддаваліся ім усім сэрцам. Яшчэ не кончыліся канікулы, і я з раніцы хадзіў на заробкі — ссякаў на нашай станцыі траву паміж шпаламі і зносіў яе прэч. За гэта мне плацілі цэлых сто дваццаць рублёў у месяц — грошы па даваенным часе немалыя. Прыходзіў я дадому гадзіны ў чатыры, і Пека ўжо чакаў мяне. У маю адсутнасць ён бавіў час з трыма маімі братамі. Але з імі Пеку было, вядома, нецікава. Двое маіх братоў — Піліп і Кузя — зусім яшчэ не хадзілі ў школу і скакалі верхам на бярозавых кійках, а Васіль, на тры гады малодшы за мяне, перайшоў толькі ў другі клас і не прачытаў яшчэ ніводнай кнігі.
Я прыходзіў, умываўся, хуценька абедаў, і мы з Пекам хаваліся пад павець. Туды разам з намі імкнуліся прабрацца і мае браты, але я іх без літасці праганяў. Пад павеццю мы майстравалі радыёпрыёмнік, і лішнія вочы там былі зусім непатрэбны. З прыёмнікам справа і без таго не клеілася. Пакуль што мы зрабілі толькі невялікую скрыначку і перамотвалі катушкі. Галоўную дудку ў нашай агульнай справе іграў, вядома, Пека, я ж быў толькі за падсобную сілу. Сябар часта паказваў мне чудадзейны каменьчык — дэтэктар, даказваючы, што да пачатку заняткаў мы будзем мець радыё. У яго такі былі залатыя рукі, у гэтага Пекі. Ён умеў чытаць надрукаваныя ў кніжцы схемы, вельмі спрытна карыстаўся стамескай, напільнікам, кусачкамі. Я пачынаў верыць, што да пачатку заняткаў у нас будзе радыё і што мы з Пекам прынясём у наш пяты «Б» клас самую цікавую навіну.
Але на нашым канструктарскім шляху стаялі неадольныя перашкоды. Розных вінцікаў, шрубак, маткоў меднага дроту ў Пекі хапала, на недахоп матэрыялаў мы паскардзіцца не маглі. Перашкоды былі куды больш сур’ёзныя. Вечарам якраз прачыналася Пекава сястра Рашэль. Яна вяла сябе наогул дзіўна.
Ноччу Рашэль чытала і клалася спаць пад самую раніцу. Раніцай уставала, снедала і зноў засынала. Прачыналася Рашэль у той самы час, калі ў нас ішла гарачая работа. Вядома, каб не мая чыгунка, мы б пачыналі майстраваць радыёпрыёмнік днём. Але выбіраць не прыходзілася: новыя штаны, сарочка і чаравікі, у якіх я збіраўся з’явіцца ў пяты клас, у многім залежалі ад майго заробку.
Прачыналася Рашэль, і наша майстраванне канчалася.
— Пека! — крычала яна. — Прынясі вады!..
Пека хуценька складваў прычындалы і з усіх ног бег гаспадарыць. Лёс абеду, які можна было назваць і вячэрай, залежаў ад яго аднаго. Пека насіў ваду, абіраў бульбу, распальваў прымус. Рашэль толькі стаяла і камандавала. Я не зайздросціў Пеку. Я меў уласны заробак і ганарыўся тым, што мной у сям’і ніхто не папіхае. Маці пры маім прыходзе з чыгункі хуценька ставіла на стол абед, і я іншы раз нават шпурляў лыжку, калі лічыў страву нясмачнай...
Усё ж неяк мы майстравалі гэты прыёмнік. Магчыма, мы што-небудзь і зрабілі б, каб не адзін прыкры выпадак. Аднойчы, калі мы прыступілі да самай тонкай работы — перакладвалі лісцікамі слюды пласцінкі будучага кандэнсатара, — Рашэль прачнулася раней звычайнага. Мабыць, занятыя працай, мы не пачулі, калі яна клікала Пеку.
— А гэта што такое?! — закрычала яна. — Ты гэта чым запэцкаў майку?
Пекава майка была зусім яшчэ чыстая, на ёй толькі самае прыдзірлівае вока магло заўважыць маленькую плямінку. Гэтую плямінку Пека пасадзіў яшчэ ўчора, калі мы прыпайвалі катушкі. Рашэль проста шукала прычэпкі, каб адпомсціць Пеку за тое, што ён не з’явіўся, калі яна яго звала.