— Пакажыце рану, — падхапіўся інтэндант.
— Не падыходзьце, — узняў зброю лазутчык.
Інтэндант спыніўся.
— Я сапраўды ліцвін, таму і адпаведны маскарад, — сказаў лазутчык. — Калі трапіце ў палон, раскажыце пра мяне, у вас будзе прывілея.
— Дарэмна, — запярэчыў інтэндант. — Імператар перахітрыў усіх вас, і спадманная пераправа…
— Не дапаможа, — перапыніў яго лазутчык. — Хаця мы і не прагледзелі. Ратуйце жыццё.
— Што ж рабіць? — спытаў інтэндант.
— Ідзіце адсюль і хутчэй, — сказаў лазутчык, — бо я магу страціць прытомнасць, а жывым трапіць у іх рукі мне нельга.
— Вы мужны чалавек, — сказаў інтэндант. Ён зразумеў, што заставацца тут яму сапраўды небяспечна. Ён выбег з хаты і раптам праз некалькі крокаў і секунд, якія цягнуліся, як вечнасць, пачуў тое, што міжволі чакаў, — глухі гук стрэлу ў хаце. Ён здрыгануўся.
Спакваля сутонела. Наваколле нагадвала вялізны мурашнік. Паўсюдна завіхаліся салдаты. Зырка палалі вогнішчы, вушы праціналі крыкі каманд.
Раптам нехта крануў яго за руку. Побач стаяў перапалоханы дзяншчык.
— Я ўсё выведаў, — зачасціў ён. — Тут побач штаб і абозы — усё разам. Паехалі, месье!
Паступова супакойваючыся, інтэндант пакрочыў да саней. Яшчэ раз азірнуўся напаследак.
Стаяла на сваім месцы хата, па-ранейшаму накрытыя радном, ляжалі трупы, як ён цяпер ведаў — ахвяры людзей капітана Жэрара. Такой жа ахвярай мог стаць і ён сам. Толькі зараз ён уявіў велічыню небяспекі.
Лагер Дару быў непадалёку. На паляне размясціліся рэшткі раскіданага інтэнданцкага ведамства — усё, што дакацілася да Бярэзіны. Усе былі заняты падрыхтоўкай да пераправы.
— Анры! — закрычаў нехта. — Дзе ты бадзяешся? Мо пабываў у палоне?
Да яго, смеючыся, падыходзіў Андрэ Дам’е, высокі, бялявы, востры на язык. Следам — Жан Вірэ — афіцэр прыкладна яго ўзросту.
Ён паціснуў рукі знаёмым са штаба Дару. Адчуў, што стомлены страшэнна. Хацелася спаць.
Дару было не да яго. Мімаходзь прагледзеў пошту, прабурчаў нешта, махнуў рукой, адсылаючы.
Ноччу ўдарыў мароз. Каля вогнішчаў спалі ўпокат, варушыліся, стагналі, трызнілі салдаты. На небе ліхаманкава зіхацелі зоркі. Інтэндант неўзабаве прачнуўся ад холаду, грэўся побач з салдатамі. Да раніцы ён сабраў у сакваяж рукапісы, дзённікі, кінуў у агонь непатрэбнае.
Пасля поўдня два масты былі ўрэшце гатовыя. Імператар асабіста назіраў за работай. Тут жа былі спалены прапары і штандары палкоў. Арміі больш не існавала. Як і заўсёды ў прысутнасці імператара, сапёры з апантанасцю самазабойцаў у ледзяной вадзе завяршалі сваю справу. Кожны з іх адчуваў, што загіне. Генерал Эбле, які кіраваў работамі, вылез з вады, але на беразе страціў прытомнасць і зваліўся на рукі афіцэраў. Яго пацягнулі да вогнішча.
На другі бераг у ліку першых пераправіўся імператар са старой гвардыяй. За імі пацягнулася артылерыя, пяхота.
…Уведзеныя ў зман асноўныя сілы рускіх спяшаліся на месца сапраўднай пераправы, уступалі ў бой.
Казакі напалі, як заўсёды, нечакана.
— Божа, злітуйся над намі! — маліўся побач Жан Вірэ. Ён і Андрэ Дам’е схаваліся за возам, адстрэльваючыся з пісталетаў.
— Сцеражыся, Анры!
Асунуўся з прабітай галавой Дам’е. Кроў пырснула на снег. Заенчыў працяты пікай салдат.
Адзін з казакаў імчаў проста на яго. Інтэндант разгледзеў барадаты твар, занесеную шаблю. Кінуў непатрэбны пісталет. «Зараз заб’е», — мільганула думка. Раптоўна схапіў сакваяж, падставіў рыўком пад удар. Ляснула зверху, пранёсся побач, храпучы, конь. Пасыпаліся на снег кнігі, дзённікі.
— Дзе ты, Вірэ? — ён заўважыў, што з-пад воза тырчаць ногі ў падраных ботах, пацягнуў да сябе. — Жывы?
Плюючыся, той выціраў далонямі твар, нібы рыба, хапаў разяўленым ротам паветра. Заўважыў кроў, мёртвага Дам’е.
— Глядзі, Вірэ, сёння я атрымаў самы вялікі ганарар за ўвесь час. Кошт яго — жыццё. — Інтэндант паказаў рассечаны сакваяж. — Хто пасля гэтага скажа, што заняткі літаратурай не прыносяць карысці?
Казакаў адбілі. Зарыпелі абозы, папаўзлі на масты. Кінуўшы ўсё, нават цёплую футэрку, інтэндант бег да ракі. З натоўпам салдат праціснуўся на мост. Той пачынаў ужо асядаць у ваду. Хісталіся пад нагамі бёрны, лагі.
Як і заўсёды, нібы збоку, назіраў ён за сабой у хвіліны небяспекі. «Ці не баязлівец я?»
Другі мост пад цяжарам абозу абрынуўся якраз пасярэдзіне. Плынь паглынала людзей, рыштунак.
Трэба было шукаць каня.
— Зірні, у такіх сакваяжах возяць сакрэтную пошту, — сказаў есаул маладому смугляваму харунжаму.