Выбрать главу
Анатоль Бутэвіч
Перуновага племені дзеці

УСТУП

Як? Чаму? Навошта?

Гэтыя пытанні ты, дарагі чытач, не раз задаваў не толькі бацькам, настаўнікам, а і самому сабе. Бо кожны, хто прыйшоў на гэтую зямлю, хоча ведаць — дзеля чаго? Намагаецца зразумець сэнс жыцця і сэнс быцця.

У гэтым пошуку сябе і сваіх каранёў важнае значэнне мае вяртанне да духоўнасці, да веры, да нашай хрысціянскай веры, якую шанавалі і абаранялі цягам больш за тысячагоддзе насельнікі зямлі беларускай. З гэтай верай ствараюць свой заўтрашні дзень і сённяшнія беларусы.

Але ж наш гістарычны шлях увабраў і тое, што было даўней — яшчэ да хрысціянства. Шмат стагоддзяў існавала язычніцтва, людзі шукалі магчымасць гарманічна жыць з прыродай і ў самой прыродзе. Пакланяліся сонцу, вадзе, зямлі, лесу, небу — усяму таму, ад чаго залежала іхняе жыццё, праца земляроба, што магло зрабіць чалавека багатым і шчаслівым. Сёння шмат з таго даўняга стала міфамі, легендамі, захоўваецца ў якасці народных звычаяў і свят.

Пярун. Ляля. Лада. Род. Купалле. Зюзя. Жыжа. Сварог. Жыцень... Не адно стагоддзе з імі жылі, на іхнім прыкладзе вучыліся быць добрымі, шанаваць бацькоў і старэйшых людзей. Дахрысціянская вера беларусаў была прасякнута культам дабра і культам продкаў. Гэтыя рысы захаваліся і пасля прыняцця хрысціянства.

Даўнія міфічныя героі нібыта клічуць зазірнуць за намітку гісторыі, за яе небакрай, каб даведацца: а што ж было там і тады, дзе і калі не было нас, сённяшніх, як і дзеля чаго жылі нашы далёкія продкі? Бо веданне сваёй гісторыі — гэта добры шанц не знікнуць у невядомасці, не растварыцца ў часам багацейшай і больш даследаванай гісторыі іншых народаў. Гэта выдатная магчымасць адчуць повязь часу, еднасць лёсу, адказнасць за тое, што было да нас, і за тое, што застанецца пасля нас.

А гэта дае выдатную магчымасць разам з іншымі будаваць наш агульны дом, у якім годна і ўтульна пачуваюцца ўсе. Дзе разам з будучымі, пакуль што невядомымі, героямі будуць жыць і тыя, хто быў да нас, хто спрыяў станаўленню беларускага народа, які з моцнай верай у свае сілы і сілу сяброўства, пад дабрадзейным покрывам хрысціянскай веры шукае і торыць сваю дарогу ў сусвеце.

ПЯРУН

Хлапчук ляжаў пасярод хвалістага жытняга поля і зачаравана пазіраў у нябесную глыбіню. У высокім яркім блакіце няспешна і велічна плылі празрыста-белыя воблакі з падпаленымі сонцам беражкамі. Яны будаваліся і перабудоўваліся ў незямной прыгажосці палацы і замкі, складваліся ў выявы дзівосных звяроў. Хлапчуку мроілася, што чароўная і магутная птушка падхапіла яго і панесла ўвышкі. Праляцелі адно неба. Пасля другое і трэцяе. Так і ляцелі міма дзівосных дзіваў, пакуль не апынуліся на сёмым небе. А там...

Хлапчук мройна ўздыхаў, ён разумеў, што знаходзіцца на зямлі, а над ім плывуць у невядомыя далі прывідныя воблакі-замкі. Так было і сто гадоў таму, і тысячу. Спрадвеку і да сённяшніх дзён вядзецца. Многія мараць трапіць на загадкавае сёмае неба, дзе жыве магутны бог багоў Пярун, дзе пануе вечны рай і заўсёднае цяпло.

Людзі здаўна верылі ў незвычайныя здольнасці бога маланкі і грому, апекуна нябеснай вады Перуна. Яго прасілі, каб паслаў чаканы дождж, каб не пабіў збажыну градам. Як толькі ранняй вясной Пярун адмыкае сваім залатым ключом неба, з яго падае дождж і сеецца раса, якія лічыліся нябеснымі слязамі. Выклікае гэтыя слёзы Перунова кветка плакун-трава, якую ў народзе называлі слёзнікам. Лічылася, што кветка і корань слёзніка валодаюць магічнай сілай. Каб не згубіць іх чароўных якасцяў, збіраць трэба раннім досвіткам на Іванаў дзень.

Такімі ж уласцівасцямі беларусы здаўна надзяляюць чароўную папараць-кветку, якая цвіце толькі адзін раз за год. Гэта бывае на Купалле: у поўнач 7 ліпеня на папаратнікавае кустоўе сыходзіць Перуноў агонь. Менавіта ён ператвараецца ў нябачнай прыгажосці кветкі, якія назвалі Перуновымі. Яны надзелены такой магутнай сілай, што ўтаймоўвае нячысцікаў, знішчае чары чараўнікоў і ведзьмаў, збаўляе ад д’ябальскіх спакусаў. Таму, хто знойдзе чароўную папараць-кветку, адкрываюцца самыя таемныя таямніцы прыроды, усе злыя духі павінны яму падпарадкоўвацца. Добрым і сумленным людзям кветка паказвае, дзе ў зямлі схаваны скарбы. Але адшукаць Перунову кветку вельмі цяжка, бо служкі злога бога Чарнабога выяўляюць усе свае хітрыкі, каб перашкодзіць гэтаму. Мо таму нікому з беларусаў да гэтай пары не ўдалося знайсці тую незвычайную кветку?

Перуна малілі вешчуны — каб не наслаў на зямельку бяды. Бацькі ставілі яго ў прыклад малым — каб раслі дужымі ды смелымі, каб нікога і нічога не баяліся. Перуном палохалі нядобрых і хцівых людзей — каб не рабілі шкоды. Яго асцерагаліся неслухі — каб не пакараў пажарам альбо смерцю. А ён мог лёгка зрабіць усё гэта, ды яшчэ шматкроць больш. Бо сапраўды быў магутным з магутных, ні з кім непараўнальным. Ведама — нябесны гаспадар, уладар сусвету. Пасля Сварога ён стаў богам усіх багоў. Наймоцны з мацнейшых. Ваяўнічы і грозны, справядлівы абаронца пакрыў¬джаных. Той, хто карае і хто мілуе. Сваімі вогненнымі стрэламі забівае дэманаў і цу-дзішчаў, знішчае свайго галоўнага ворага — Змея, які крадзе ў людзей жывёлу, замінае дажджу, чы¬ніць ім іншую вя¬лікую шко¬ду.