Выбрать главу

Некалі нашы продкі нястомна зберагалі агонь на язычніцкіх капішчах. Каля яго ачышчаліся ад благога і нядобрага, з ім дзяліліся сваімі жаданнямі, надзеямі ды спа¬дзяваннямі. Туды быў забаронены ўваход не адно чужынцам, а людзям без веры, без спагады, без душы. Гэты незгасальны агонь называўся Знічам, ён стаў для беларусаў своеасаблівым поклічным сімвалам, які вёў за сабой да лепшага жыцця. Ва ўсе часы вабна і прыветна свяціўся ён для змагароў за волю і шчасце народа.

Сёння ва ўсіх храмах, пад абразамі на покуці ў многіх дамах гарыць свечачка альбо лампадка — свяшчэнны агонь нашай праваслаўнай веры, сведка неўміручасці жыцця і заклік берагчы і шанаваць жыццё як найвышэйшы Божы дар. Згарае свечачка, а цяпло яе ўзносіцца да неба, дзе пануе магутны Пярун — першастваральнік агню.

Ласкавы агонь заўсёды дадаваў чалавеку радасці, добрага настрою, святочнасці. Нездарма так нязводна вабяць да сябе купальскае вогнішча, турысцкі касцёр, пастухова цяпельца, прыветны агеньчык у начным акне. Нездарма царква яшчэ больш пра¬святляецца і становіцца ўрачыстай ад трапяткіх агеньчыкаў свечак. А людская радасць, выкліканая агнём, дагэтуль жыве ў каляровых ілюмінацыях, квяцістых феерверках, маляўнічых салютах.

ЗЮЗЯ

Мама апранае сыночку цёплае футра, хавае ручкі ў цёплыя рукавічкі і толькі тады вядзе на вуліцу, дзе пануе мароз. На сынава пытанне, чаму трэба так апранацца, адказвае, што на дварэ Зюзя, а ад яго трэба бараніцца. І ўжо сярод белых снежных гурбаў мама расказвае пра таямнічага і загадкавага Зюзю.

Даўным-даўно, калі на нашай зямлі яшчэ не было праваслаўных цэркваў, нашы прашчуры пакланяліся язычніцкім багам. І калі іншых багоў шанавалі многія славяне, то бога зімы і холаду Зюзю ведалі толькі на беларускіх землях. Як зазначае вядомы даследчык П. Шпілеўскі, імя «халоднага» бога паходзіла ад слова «зюзець», гэта значыць, мерзнуць, калець ад марозу.

Ад гэтага, відаць, пайшло яшчэ адно слова — «акалець», што значыла памерці, ахалодаць, страціць жыццёвую сілу. Лічылася, што зіма з усім сваім воінствам прыязджае на зямлю на пярэстых кабылах альбо на ваўках. Пасля яна становіцца на ногі і пачынае сваю сцюдзёную справу: скоўвае зямлю, будуе на рэчках ледзяныя масты, ажно да неба дабіраецца, дзе ад холаду дрыжаць нават зорачкі.

 Па-рознаму ўяўлялі людзі Зюзю. Але ўсе, бадай, сыходзіліся, што гэта стары тоўсты дзед. Нізенькага росту. У яго белыя, як снег, валасы і такая ж белая і доўгая барада. Паназірайце калі-небудзь, як апускаюцца з неба мяккія сняжынкі, як кружацца яны ў бясконцым танцы. Гэта бог зімы Зюзя ціхім снегавеем плыве над зямлёй. Здаецца, нябачны дзед сваёй пушыстай барадой замятае ўсе сцежкі і дарожкі, атуляе снегам дрэвы ў лесе і садзе, насыпае высокія гурбы, выраўноўвае палі і лугі.

І вось дзіва, гэты стары не зважае на мароз: чым ён мацнейшы, тым яму лепш. Ходзіць па сыпкім снезе босы, без шапкі — і радуецца. Здагадаліся чаму? Дык ён жа сам мароз і холад, каго яму баяцца? Апрануты Зюзя ў доўгае белае футра. Блукае па белым свеце з вялізнай жалезнай булавою ў руцэ. Калі нехта раззлуе яго, так стукне булавою ў пень, што несціханы гул да неба далятае, а пень на дробныя трэсачкі рассыплецца. Вось тады і пачынаюцца самыя маразы. Таксама траскучыя. Калі ў такім настроі Зюзя з’явіцца ў вёсцы, то і там наступае халадэча. Ходзіць Зюзя дзе хоча, па-груквае булавою па дрэвах, па платах, а то возьме і з усёй сілы смальне ў сцены хаты.

Асабліва любіць гэткія забавы светлымі зорнымі начамі. Бярвенне ў сценах тады пачынае трэскацца з такім гукам, як быццам нехта страляе. Калі хлапчук ці дзяўчынка спытаецца, хто гэта, бацькі адказваюць: «Гэта сам Зюзя стукае. Бог холаду ўшчувае людзей». На рэках і азёрах, на самых багністых балотах разам з ледзяным Дзедам Марозам будуе Зюзя масты. Каб праверыць іхнюю надзейнасць, у абдымку хо¬дзяць пасля па лёдзе, Зюзя стукае па ім булавою: ажно крэхча ды стогне пад імі тоўсты лёд, але вытрымлівае.

Здараецца, цэлай зграяй лютых ваўкоў рассыпаюцца па зямлі Зюзевы служкі — завея ды мяцеліца, ку2даса ды завіруха, дзікім завываннем да жаху даводзяць малых і старых, а вецер такі, што не зразумець — гэта ён у комінах падвывае ці чэрці скуголяць. Найбольш моцныя маразы нахопліваліся перад Новым годам і Калядамі. Яшчэ раз лютаваў Зюзя напрыканцы зімы. Ці не таму апошні зімовы месяц назвалі лютым: «Пытаецца люты, ці добра абуты»?