Выбрать главу

Калі сваю справу заканчвалі ўсе іншыя багі, наступаў час Жыценя. Нізка сагнуўшыся, хадзіў ён па палях, зазіраў на агароды. Цікавіўся, ці няма дзе-небудзь нядбальства, ці годна пакарысталіся сяляне спрыяннем усіх іншых багоў і добрых духаў? Радаваўся, калі бачыў парадак ды багаты вынік сапраўднай гаспадарскай рупнасці. Але і суровасць сваю праяўляў напоўніцу. Карацей, судзіў суд над нядбайнымі, заахвочваў і дадаваў багацця руплівым.

Бывала, заўважыць на ржыш¬чы нязжатыя альбо апалыя каласкі, ажно скаланецца ўвесь, вочы слязамі зойдуцца, валасы на галаве натапырацца. Крыўда бярэ руплівага бога, сэрца заходзіцца ад жалю. Збярэ ён усе каласкі, складзе адзін да аднаго і ў снапы пазвязвае. А тады прабяжыць па ўсіх суседскіх палетках, каб знайсці самы дагледжаны, і давай снапы на зжатае поле насіць. Каб дагадзіць рупліваму гаспадару, падахвоціць яго працаваць яшчэ лепш. Парадуецца тады селянін і скажа сваім аднасямейнікам:

— Гэта Жыцень нам даў, каб будучым годам яшчэ лепш шчы¬равалі.

Аднак на гэтым не заканчваецца суд Жыценя над марнатраўствам. Мала таго, што адбярэ частку ўраджаю ў нядбаліцы, калі аднясе збажыну іншаму, дык і на будучыню пакарае. Зробіць так, каб у негаспадарлівага хлебароба на наступны год не ўрадзіла ніўка.

А вось руплівы ды старанны, працалюбівы і акуратны — той, каму Жыцень восенню снапы зносіў, збярэ яшчэ большы ўраджай, шмат жыта з пшаніцай намалоціць. А ў каго багаты ўраджай, у таго і дастатак у хаце. Пра такога кажуць, што ад яго пахне ветрам і дажджом, а ад рук — зямліцай ды збожжам. Такім вось чынам бог восені Жыцень заахвочвае быць на зямлі сапраўдным гаспадаром, карае тых, хто не прытрымліваецца гэтага.

Мае Жыцень і іншы клопат. Часам ператворыцца ў беднага жабрака. Перакіне праз плячо кайстру і выйдзе на дарогу. Сустрэне там мужыка і паківае яму пальцам, нібыта дакарае за нешта. А селянін, вядома, пазнае Жыценя і раскажа ў вёсцы пра сваю сустрэчу. Бядуюць тады сяляне: гэта ж Жыцень пагражае бедным ураджаем. Нашы продкі казалі: «Жыцень з торбай — голад на двор». Гэткім чынам Жыцень папярэджвае гаспадара аб маючым быць голадзе, падказвае, каб не дапусціў да гэтага.

Сваю дбайнасць і гаспадарлівасць, любасць да карміцелькі-зямліцы выяўляе Жыцень і падчас асенняй сяўбы. Калі сеюць азімыя, Жыцень тут як тут. Але не хоча паказвацца на вочы, сваю добрую справу таемна робіць. Калі здарыцца, што нейкае зернейка не прысыпана зямлёй, абавязкова прытопча яго, каб не прапала, каб аддзячыла важкім коласам. Там раллю параўняе, там баразну паправіць. Гаспадар, адным словам.

Восенню людзі падсумоўвалі вынікі сваёй земляробчай працы. 21 верасня ладзілі свята ўраджаю — Багач, альбо Багатуху. Насыпалі зерне новага ўраджаю ў кош ці сявеньку, ставілі туды свечку і з дажынкавымі песнямі абносілі гумны, двары. Але не толькі цешыліся сабранаму ўраджаю, а дбалі пра будучы. Трэба было паспець поле заараць, пасеяць азімую збажыну. Таму сяляне і казалі: «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сей памаленьку».

А праз тры тыдні пасля Пакроваў адзначаюцца Асяніны, альбо Вялікія дзяды, Змітраўскія дзяды — дзень памінання продкаў. Паколькі яны адбываліся пасля заканчэння палявых работ, калі ўраджай ужо ў свірне, то і абрадавы стол быў багаты. Казалі: «На Дзяды шмат яды». І сапраўды, гаспадыні гатавалі ажно да 19 страў. Здаўна павялася звычка ўспамінаць у гэты вечар продкаў, адчуваць яднанне з імі, згадваць іхняе жыццё, ухваляць працавітасць, ставіць у прыклад іхняе дбайнае гаспадаранне на зямлі — каб нашчадкі сталі спадкаемцамі і прадаўжальнікамі добрых спраў. Каб не перапынялася повязь пакаленняў і не забываліся людзі пра свайго спрыяльніка Жыценя.

ЛЯЛЯ

Вядома, кожнаму з нас даводзілася бачыць лес ранняй вясной, на самым яе пачатку. Нейкая незвычайна прыязная і прыветная атмасфера пануе там. Дзівоснымі колерамі расквечаны лясныя шаты. Нават само паветра, здаецца, афарбавана незямнымі адценнямі. Як бы нейкая таямнічая палярына ахутвае дрэвы. У танюсенькія зялёныя ўборы прыбраліся бярозкі. Чароўны водар плыве ад жоўтых коцікаў вярбы. Ледзь чутным перазвонам агучваюцца кусты арэшніку, увешаныя карычняватымі прадаўгаватымі званочкамі-катышамі.

Хто ж гэта так пастараўся? Хто надаў небывалую святочнасць выстуджанаму Зюзяй і пачарнеламу ад холаду лесу? Дык гэта ж прыгажуня Ля2ля парупілася — юная багіня вясны і дзявоцтва, зіхоткая, бліскучая, светлая. Таму і кажуць людзі, што лес стаў прыгожым, як Ляля. А сама яна нябачна ходзіць між дрэў, мякка ступае па пазелянелых імхах, па востранькіх піках маладзенькай травы і радуецца таму, што зрабіла прыемнасць людзям.