Выбрать главу
Ігрушы старыя, Што ў жыце шумяць, Зялёныя межы, Далёкую гладзь.
Люблю я дарогі, Што леглі між гор, Ўнізе пад гарою Ручча разгавор.
Люблю я узгоркі, I насып-курган, I сіняй далечы Празрысты туман…
Люблю пазіраць я На поле вясной, Як ветрык жартліва Плыве збажыной.
Калышацца жыта, Радамі бяжыць, А хваля паветра Дрыжыць і дрыжыць…
Люблю я прывольле Шырокіх палёў, Зялёнае мора Буйных каласоў.

Усход сонца

На усходзе неба грае Пераліўным блескам, Сыпле золата над гаем I над пералескам.
Чуць-чуць дрогне, праліецца Чырвань на усходзе — Гэта неба усьміхнецца Людзям і прыродзе.
Сьмех адказны, сьмех шчасьлівы Ходзіць на пагорках. Час сьвітаньня — час зычлівы… Гаснуць, нікнуць зоркі.
Шырай, шырай зараніца Разьнімае крыльле, Нібы пожар б’е крыніцай Там, на небасхіле.
Сноп праменьняў, пышна ўзьняты, Сее бляск-чырвонцы — Гэта неба сьцеле шаты На дарогу сонцу.
Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся, Лес туманам заснаваўся, Луг расой абмыўся.
Агнявыя валаконцы Ткуцца ў шоўк чырвоны — Гэта хмаркі ладзяць сонцу I дзяньку кароны.
Як прыемна пахне збожжа! А вакол — спакойна! Эх, як слаўна, як прыгожа, Хораша, прыстойна!
I сабрала неба фарбы Колераў дзівосных… I дзе ёсьць такія скарбы Гожства, сугалосься?!

Ноч

Між палёў шырокіх Я адзін стаю, Ахваціла ціша Ўсю душу маю.
Ночанька мая ты, Водблеск глыбіні! Ты душу чаруеш Сьпевам цішыні.
Многа ў гэтым сьпеве Водгукаў жывых, Іх ня зловіш вухам, Чуеш сэрцам іх.
Ночанька мая ты, Ціхі сон вясны! Колькі зор на небе! Як блішчаць яны!
Водблескам пажару Неба край гарыць — Там двурогі месяц Выплыў з-за гары.
Ночанька мая ты, Ціхая дума! Не ахваціш вокам, I тых слоў няма
Апісаць твой вобраз, Хараство, спакой — Толькі ў цябе ўнікнеш Чуткаю душой.

Месяц

Ціха месяц адзінокі Ходзіць ў небе над зямлёю. Неразгаданы, далёкі, Што ты бачыш пад сабою?
Бачыш сьлёзы ты людскія, Як яны з расою льюцца, А ў тумане думкі злыя Горкім плачам аддаюцца;
Як бяз волі і бяз хлеба Працавіты люд наш гнецца… Кінь ты жальбу нашу ў неба — Няхай неба ўскалыхнецца!

Хмары

Ціха калосься, схіліўшы галовы       Шэўчуць у межах палёў; Толькі ж ня слухае неба іх мовы —       Жальбы ржаных калосоў. Сіняе небо ўсё сонцэм заліто;       Полудзень, вар, цішына. Дожджыка просіць зялёнае жыто,       Хочэ дажджу ярына. Вот із-за леса далёка, далёка       Хмарка на небо узыйшла; Цёмная хмарка адна-адзінока       Вышэй і вышэй паплыла. Ніва заціхла, замерла; здаецца,       Не скалыхнецца яна; Змучэны колас ані пахінецца,       Поўна надзей цішына. Думае ніва: «Дожджык пакропіць,       Смагу прагоніць палёў, Цёмная хмарка краем хоць чэпіць       Дзетак яе — каласоў». Бедная ніва, знаць, Богам забыта —       Дарма надзея была: Спаленай нівы жаданьне нязбыто —       Міма хмурынка прайшла.

Вецер

Ой ты, вецер неспакойны! Дзьмеш ты безустанку, Адну песьню нам сьпяваеш, Адну баеш байку.