Войтэк толькі галавой пакруціў: не, не Рабле. Гледачы ўжо думаюць: «Нічога сабе, які таленавіты, вось бы ён гэтак матнуў галавой – маўляў, на каго ж ты нас, Адэля, пакінула, што мы без цябе і як? Цьху з носу і падэшвай зацерці мы без цябе. І гэта адной мімікай!»
– Луі дэ Фюнэс! – ужо жаночым голасам падказваюць, і такім яшчэ паскудным, нібы на пахаванне суседчына ўнучка прыйшла гарадская і смешна ёй, як бабы надрываюцца-плачуць, а ім, можа, і самім не сумна, але грошы ўплочаны. Ты ж чакаеш, што iPhone працавацьме як мае быць, а не так сабе, бо грошы ўплочаны. Каб зняць дупу ў люстры і адразу шэсць мужыкоў у дырэкт напісалі, во і мы так – мы, можна сказаць, iPhone ад свету плакальшчыкаў, Instagram пахавання – гарантыя два гады па ўсім тагасвецці.
Пачуў Войтэк пра Луі дэ Фюнэса, і на секунду ў яго на твары як цень прайшоў, – але стрымаўся, пахітаў галавою і далей плача. Адразу бачна, прафесіянал: дзе на яго залезеш – там з яго і злезеш.
А за кадрам у некага ажно нервы здаюць, быццам у алкаголікаў на хаўтурах: маўляў, калі ўжо выпіваць будзем, затрахалі вы галасіць.
– Дык пра што пісаў твой француз? – крычыць нехта. – Пра каханне ці пра што?
Войтэк замаўчаў і проста ў камеру паглядзеў.
І адразу тытры, то-бок пачаўся фільм. Рэжысёр – Андрэй Куціла, мантаж – Андрэй Куціла, і далей яшчэ дваццаць тры разы ўсё «Андрэй Куціла» і «Андрэй Куціла», і толькі пазней – назва фільма вялікімі літарамі: «ЧОРНЫ РЫЦАР».
Скончыліся тытры – і паляцелі буслы, але не сапраўдныя, а маляваныя такія, нават крышачку, але захацелася прылегчы і паспаць, як калыханку паглядзеўшы. Ляцелі-ляцелі гэтыя буслы, разляцеліся – а мы ў хаце вясковай. Бабка сядзіць. Гледачы аж падскочылі на месцах. «Ого, – думаюць, – то во гэтая бабка зараз да Абрама на піва, а сваякі – да Войтэка: “А за сто еўра паплачаш?” А Войтэк такі: “Вы што, хочаце сказаць, што так нізка цанілі нябожчыцу? У мяне адзін гарнітур тры тысячы еўра і дзесяць гадоў практыкі, з такімі прапазыцыямі папрошу да дупы”». І толькі нам усім прымроілася гэтая драма паміж попытам і прапановай, як пачала бабка казаць:
– О, Марэк! Марэк заўсёды быў такі сур’ёзны дзіцёнак. З самага малалецтва.
А гледачы такія: «Ого, новыя часы – новыя героі. Марэк нейкі… Што за Марэк?» А бабка фотаздымкі паказвае на тэлефоне, але яны як бы не ў рэзкасці. Кшталту, вось ён Марэк. Мы задуму рэжысёра хутка раскусілі – сутыкнуў ён традыцыі і сучаснасць: бусла з ультрагукам, мікрахвалёўку з калодзежам, – такое штосьці.
– Як было яму сем гадоў, прыйшоў на паседжанне райсавета і ўсіх кайлом разагнаў! Бо не хацелі нам грэйдарам дарогу параўняць! Яго тады паставілі на ўлік у дзіцячы пакой міліцыі. Мне Адка з Гэлькай: «Хуліган-хуліган!» А я: «Не, кажу, ніякі не хуліган – пацярпеў за перакананні. Самі вы, – кажу, – не пагналі б іх кайлом, калі б сілы былі?» Што яны адкажуць – канешне, яны пагналі б кожнага гэнага дэпутата кайлом, на халеру яны патрэбныя, гэныя дэпутаты, як не могуць каня нам даць і нават грэйдарам дарогу параўняць? Гарадскія ездзяць – скрывілі дарогу, а Марэка праз гэта ў пакой міліцыі на ўлік? Дзе справядлівасць, га?
І гледачы (мы то-бок): «Ага, намячаецца класічны канфлікт героя з грамадствам, рост і буянне змагара. Бач ты, малы-малы, а ўжо райсавет кайлом разагнаў. І такі ўжо як бы гонар бярэ за гэтага Марэка: пакуль мы пясок жэрлі і ў дупе калупаліся, чалавек быў заняты рэальнай справай – да яго гэты райсавет толькі дывізія СС разагнала, як на Менск ішла, а ён ад гаршка метр, а даў рады. Нават думаеш, можа, гэта Зянона ўнук які?»
Тут давай нейкіх дзевак паказваць: ідуць баб шэсць па вуліцы, вазочкі вязуць. І мы ўжо: такі во кабяліна, шэсць дзевак – і ўсе вазочкі вязуць. Проста Рока Сіфрэдзі з-пад Глыбокага. Ну і дзеўкі не расчаравалі. Сапраўды, не даваў нам праходу, не даваў, як быў малады, то толькі хаваліся ад яго пасля дыскатэкі, ледзьве паспявалі ўрассыпную разбягацца.
Зноў хата з бабкай, яна далей распісвае, які ўжо гэты Марэк яе добры. І райсавет разагнаў, і вучыўся на адны пяцёркі, і па фізкультуры заўсёды бегаў на лыжах, нават выйграў гонку пераследу. Але кадр змянілі. Шэры двухпавярховы будынак (як турма, толькі аўтаматчыкаў не хапае), адразу бачна – школа. Раз – баба з тытрам «Ядвіга Браніславаўна, першая настаўніца». І яна бабку падтрымлівае: «Не тое, што вучыўся, яшчэ і мяне павучаў. А што я зраблю? Ён жа спартсмен, баксёр-разраднік. А на камянях як рабіў, як рабіў! Толькі прыйдзе разнарадка клас на камяні адправіць – ён першы ў разоры, яго і прасіць не трэба і ўпрошваць, возьме толькі каша – і парачкаваў-парачкаваў – трактары за ім не паспяваюць.
А як звязуць тое каменне да кароўніка, ён туды ўночы яшчэ прыйдзе і з тых камянёў вежу збудуе. Так да адзінаццатага класа цэлы замак зрабіў – гэта жарт вам, ці што? Можа, той замак і цяпер стаяў бы, але прадсядацель загадаў разабраць і яшчэ адзін кароўнік змураваць».