Выбрать главу

– Успомніў, – кажа. – Толькі не француз. Невядомы гішпанскі аўтар – «Песня пра майго Сіда», канфлікт паміж пачуццямі і доўгам, – працягнуў хтосьці Войтэку шклянку вады. Ён адпіў крыху, аддаў. – Пачалося ў нас з Марэкам.

А хтосьці Войтэка з-за кадра пытае: «Што пачалося? Ты кажы проста, не юлі». А Войтэк так як бы адной рукой бочку паказвае, а другой па ёй пляскае. Мы ажно падскочылі на месцах. Во гэта паварот, во гэта нічога сабе, ні богу качарга, ні чорту свечка, гэта ж Войтэк, атрымліваецца галубец! Як такога галасіць клікаць? Засмяюць жа. А праз секунду разумны чалавек голас падаў, кажа: «Не, не засмяюць, ты сам падумай, дзе ты такога яшчэ знойдзеш: і ў гарнітуры-тройцы, запінкі – чыстая плаціна, і галосіць так жаласліва, ды паляк з правай партыі? Дый ён абдзярэ як ліпку – такі кошт заломіць за галашэнні».

А Войтэк усё выпрастанай даланёй па кулаку пляскае – спадабалася.

– Дык канфлікт у чым, Войтэк? – гэта ўжо з-за кадра нехта пытае ў галасільшчыка. – Пасля ты свае найлепшыя моманты ўзгадаеш, ты нам караценька па справе, а то і без гэтага агульны хранаметраж два дваццаць.

– А вы самі гляньце, – кажа Войтэк і выцягвае тэлефон.

І відэа з тэлефона: нумар гатэля, стаіць пасярод пакоя Марэк увесь з сябе ў латах, а Войтэк яго здымае. Ідзе Марэк у душ – Войтэк за ім. Зайшоў рыцар у душ, абліўся ледзяной вадой і выходзіць. У пакоі распранацца пачынае.

Як распрануўся ён – то бачым мы ў кадры: як ёсць мурын двух метраў ростам. Яшчэ Войтэка з заплаканым тварам паказалі на хвільку – і ўсё, пайшлі фінальныя тытры. Вось такі быў выбар паміж пачуццямі і абавязкам у Войтэка: расказаць таварышам па партыі, што Марэк мурын або пакінуць у сакрэце? І што? І, вядома ж, нікому ён таго сакрэту не выдаў – пачуцці перамаглі.

Божухна, як мы пляскалі гэтаму тонкаму раскрыццю характараў і перапляценню лёсаў!

Але пакуль Капейкін выцягваў партрэт з клумбы, вячоркі ў Андрэя Куцілы працягваліся. Крыху адышоўшы ад скажэння рэзкасці, якую прыўнёс у фільм нечаканы госць, рэжысёр вырашыў даведацца, чым абавязаны надзвычайнай цікавасцю багемы да сваёй асобы.

– Васпане, мы сёння сабраліся, каб абмяняцца навінамі пра Цімура Хоміча і запытацца, ці не ведаеце вы што-небудзь пра яго? – сказала Агата Кокс. Яна адкінулася на канапе так, каб рэжысёру сталі бачныя яе грудзі, нічым пад сукенкай не прыкрытыя, аднак той толькі дэманстратыўна адвёў позірк.

– Хоміч, Хоміч… – Куціла як бы пакруціў гэтае прозвішча на языку. – Ці не той гэта стрыптызёр, у каторага яшчэ дзед у Савеце ветэранаў працуе?

– Не, Цімур – геніяльны паэт. Кажуць, цяпер ён жыве ў Варшаве, але, на жаль, невядома, дзе канкрэтна.

– Тады абсалютна не ўяўляю, хто гэта такі і дзе яго шукаць, – адказаў рэжысёр, засмучаны тым, што людзі сабраліся не на прагляд.

– Але, можа быць, хтосьці з вашых сяброў ведае? – пачала настойваць Агата.

І тут прапанавалі тост за наступны фільм Андрэя Куцілы. Але і Агата не хацела так проста адступаць. Калі ўсе выпілі, яна голасна сказала:

– Вы, натуральна, геній, але дазвольце Віталю расказаць, што ён даведаўся пра Цімура, – і ваш новы фільм будзе пра Хоміча, бо праўду кажу вам: гэта геніяльны паэт.

– Калі вы так хочаце, каб Віталь распавёў пра Хоміча, хай распавядае, я ўжо стаміўся слухаць пра свае мінулыя і будучыя фільмы.

– Спадарства, – пачаў Віталь Рыжкоў. – Я сказаў у прысутнасці Агаты, што даведаўся тое-сёе з мінулага Цімура Хоміча, і гэта праўда, хаця прызнаюся, што не магу прадставіць вам нешта ўнікальнае, здаецца, кожны ў Менску ведае гэтыя акалічнасці жыцця Цімура.

– Я так даўно не была ў Беларусі, – какетліва перабіла яго Агата і закаціла вочы. У выкананні порназоркі гэтая пошласць выглядала нават мілай.

– Пачну з таго, што Цімур нарадзіўся не ў сталіцы, але ў Салігорску – горадзе, дзе людзі ўгрызаюцца ў зямлю, уздымаючы на дол угнаенні, каб трава ў Індыі і Кітаі расла лепш. У дзяцінстве ён не раз спускаўся ў забой і мусіў бы стаць шахцёрам, але замест гэтага вырас камуністым.

Спадарства, кожны, хто спусціцца там пад зямлю, пачуе штосьці вельмі спецыяльнае, там людзі не метафарычна, але абсалютна рэальна сядзяць у пекле для таго, каб капітал рос. Аднаго разу ў Хоміча атрымалася застацца ў забоі аднаму – пад зямлю яго спусціў стрыечны брат-маркшайдар і пакінуў на тры гадзіны. Цімур ішоў у поўнай цемры забоем, трымаючыся рукою за гіганцкія сухія крышталі – соль здавалася касмічным артэфактам, які ўбірае не толькі вільгаць, але і само жыццё з тых, хто спускаецца ў забой.