Пасля палкай прамовы Пшэмака капітан Капейкін увесь пачырванеў, як быў – ад кончыка носа да грудзей Таццяны, на якія не-не ды пазіраў.
– Што мы можам зрабіць для такога прыемнага маладога чалавека? – запытала гаспадыня дому.
– Але дазвольце мне расказаць маю гісторыю ад пачатку да самага канца, а тады ўжо вырашайце, ці варты я вашага сяброўства і вашай дапамогі. Абяцаю, што буду такім шчырым, якім толькі дазволіць мне прысяга, якую я склаў, паступіўшы на службу ў КДБ.
– То-бок будзеце хлусіць ад пачатку да канца? – запытала Агата Кокс, што была порназоркай з Беларусі і праз гэта вылучалася вытрымкай, якой мог бы пазайздросціць генерал Карбышаў, таму дагэтуль удзелу ў гутарцы не брала. Уласна, праз гэтую якасць яе і любілі запрашаць у гэты дом.
– Рацыя, пані, абсалютна так.
– Што я казаў? Што я казаў? – Пшэмак аж свяціўся. – Гэта золата, а не агент, за хвіліну абвядзе вас вакол сабачай будкі і скажа, што гэта былі Łazienki Królewskie.
– Пачынайце ўжо, васпане! – горача папрасіла Таццяна.
Усе прысутныя заківалі галовамі, маўляў, так-так, капітане, не какетнічайце, не прымушайце вас угаворваць, мы ж бачым, што вам і самому хочацца падзяліцца гісторыяй вашага жыцця.
І ён пачаў.
Вы ўсе маладыя бліскучыя людзі, карэнныя мінчане і мінчанкі, жыхары Серабранкі, да бабулі ў вёску толькі на выходныя. А я нарадзіўся ў сям’і селяніна і сабакі. Так мой бацька называў маці.
Першыя восем гадоў жыцця я помню дрэнна – быць можа, праз тое, што мама паіла мяне самагонам, каб я крапчэй спаў, а можа, проста не помню, і чорт бы з ім, што там і ўзгадваць.
Тое, што помню далей, лепш і не пераказваць. Кожны лічыў за свой абавязак даць мне ў плечы, пад сраку і па лбе. Плюнуць у твар, насцаць у кеды – заўсёды калі ласка і дзяньдобры. Страшныя гэта былі гады. Бывалі такія дні, што не мог на лаву сесці, так балеў мой збіты азадак, прашу прабачэння ў паненак.
Але ўсё змянілася навыпрасткі, адным махам і дазвання ў пятым класе. Святкавалі дваццаць трэцяга лютага. Дзень Савецкай арміі і Ваеннмарскога флоту. І быў у нас конкурс «А ну-ка, хлопчыкі». І неяк так атрымалася, што на сцэну выклікалі мяне і, як цяпер помню, Надзю Петухову. Далі той Надзі бульбіну і нож і мне далі бульбіну і нож. І гэта быў не нажавы бой. Усяго толькі трэба было гэтую бульбіну абабраць і каб луска мая была даўжэйшая, чым у Надзі Петуховай.
Здавалася б, проста ўсё, але я бульбу ніколі ў жыцці не абіраў.
Тут і Віталь Рыжкоў, і Андрэй Адамовіч, і Ліза Лянкевіч, і Агата Кокс, і Барыс, і яго жонка, і яшчэ шэсць беларусаў пачалі гучна смяяцца і выказвацца ў тым духу, што гэта вельмі заяб-сты агент КДБ і гісторыя яго выдуманая ад пачатку да канца. Калі ўсе сціхлі, Капейкін працягнуў.
Так, бо бацькі мае лічылі гэта за балаўство і варылі бульбу проста так, не абіраючы. Бачыце, панове, а вам бы толькі пакпіць з беднага капітана КДБ. Стаю я з гэтым нажом, слухаю правілы і жарцікі, а ў скронях маіх тахкае кроў. Думаю, як яе абіраць, гэтую бульбу? Ніколі такога не было і вось – давай-давай, хутчэй-хутчэй і даўжэй-даўжэй.
Выдыхнуў я, а вядоўца і кажа: «Тры-чатыры, жопу шырэ, паехалі!» Я гляджу, Надзька абіраць пачала, і я пакрысе, раблю, як яна робіць, пальцы ўспатнелі, чорныя ад бульбы зрабіліся, трасуцца, рыхтык апазіцыянеры на мітынгу.
Я ўжо думаў, усё, зноў мяне абыдуць, яна ж выдатніца, гонар класа, а я хто? Я Пашка Капейкін, што з мяне ўзяць па-за дурасцю? І тая суседская.
І вось прагучаў трывожны сігнал. Скончыўся ваш час – прад’яўляйце луску. Вось прыклалі іх адну да адной. І што вы думаеце? Мая была даўжэйшая, хай усяго на паўсантыметра, але даўжэйшая!
Пачырванела ў мяне ўваччу. У той самы момант, пры дошцы, у класе, дзе я атрымліваў толькі двойкі (і тое калі пашчасціць), у той самы момант я зразумеў, што я не такі, як усе, што мне наканаваны незвычайны лёс, што сам бог кажа мне ў гэтае імгненне: «Глядзі, Пашка Капейкін, падаю табе знак. Не памыліся».
Два дні думаў, што цяпер з гэтым рабіць. Зразумеў нарэшце, што трэба заснаваць панк-рок-гурт і даць яму дзіўную назву кшталту «Жопу шырэ». І зафундаваў.
Для пачатку я скраў гітару ў клубе. І так далей гладка пайшло-паехала маё мастацкае жыццё, што нібыта з горкі ледзяной на срацы. Праз чатыры гады мы зайгралі перад дыскатэкаю ў вясковым клубе, а яшчэ праз паўгода распаліся ў выніку фатальнай несумяшчальнасці нашых поглядаў на прыроду панк-року.