Выбрать главу

Жадаю здароўя і быць вартай свайго славутага роду.

1

Будучы ў Рыме, зь вялізным натоўпам пасполу, Бачыў аднойчы я гульні, што ўсе з захапленьнем віталі: Жорсткую бойку быкоў, гледачам на пацеху. Лётныя стрэлаў раі ды бліскучыя дзіды Ранілі целы жывёлаў і боль ім чынілі нясьцерпны, Аж вар'явалі ахвяры, іх лютасьць, як пена ўскіпала… Тут вось, пакуль я глядзеў на быкоў ашалелых, Спуджаных болем ды пляскам далоняў з трыбунаў, З нашых сказаў хтось: «Зусім як на ловах зубровых!» Я пагадзіўся, і ўсьлед, тутка ж пачаў успаміны Ходаньняў, дзіўна падобных, із волатам-зьверам. Як у той прыказцы, мне ж мой язык і пашкодзіў: Усьлед атрымаў я загад без адмовы й адкладу Выліць у верш мой спамін пра зубровыя ловы. Бачыце, я — між паэтаў прыпадкам выбраны — Песьню складаю аб нашым зьвяры невядомым, Дзівам зь вякоў захаваным пад зоркай паўночнай… Ён, што абвешчаны ў сьвеце крывавым забойцам, Часта ў мяне выклікаў смак жуды ці агіды, Мне так нясвомы, і сорам прызнацца, што скуру Часам уцёкамі я ратаваў, ажно людзі Ўсьлед мне плявалі, бо ў нас баязьліўцаў ня любяць. Тут, з ганаровым заданьнем, ды большаю мо небясьпекай, Змушаны буду я выявіць зручнасьць са зброяй Гэтак нязвычнай руцэ, муштраванай на луку. Ўзяў, дрыжучы, я пяро і баюся пад гэтым цяжарам Ці мо палегчы, няўдольнасьць засьветчыўшы гэтым, Ці можа дзёрскасьцяй страх патаптаць і скарыцца Волі вялікага мужа, каму забавязаны ўсім я. З гэтаю думкаю буджу я крыніцу натхненьня: Рынь і паймкні жыцьцядайнай вадою айчыны, Піць дай пасеву майму на некраненым полі! Бо ж на зямлі Італійскай, даўней нам нязнанай, Мне загадалі тварыць маю песьню, — з пакорай Я пагадзіўся і вось — пільна ўзяўся за працу, Нат без надзеі, што ўсё будзе ў ёй дасканалым. Ўсё ж запытацца хачу я, і болей нічога, Як, чытачу мой, даць рады зь пяром неслухмяным? Ведаў дасюль я ж адно лёт апераных стрэлаў, З гэтых бачын устае уваччу вобраз бою, Сутычкі сьмяротныя, рой дзідаў імклівых, гудлівых… З лукам мне радзіць лягчэй, а табе — ізь пяром наравістым. Роўнымі быць мо маглі б мы з табой у майстэрстве. Што ж, як ня ўсё мне ўдасца, дык права за вамі: Рвеце бязьлітасна сказ чужаземца-няўмекі. Ёсьць падабенства ў пяра і стралы — у абодвух Роўныя джалы й калі іх напоіш атрутай, Ранкі даволі малой, каб паранены зьгінуў.

2

Вейкі стулю й быццам бачу іх стойбішча знову: Ельнік правечны і ён, паміж елкаў схаваны. Грозны, пануры, як бор, як бароў небясьпека. А зараве, зарыкае — і ў верш уварвецца Рэхам раскоцістым гром, — вось і гармонія песьні. Хай яна поўніць радкі, аж прыгледземся пільна Пушчаў далёкай Літвы тут нязнанаму дзіву. Целам сваім маналітным ён гэткі вялізны, Што, калі з ранай сьмяротнай падзе на калены й сканае, Трох паляўнічых маглі б сесьці на йлбе між рагамі. А параўнаць паспытацца ягоную шыю ці пысу — Дык параўнаньняў, баюся, такіх і ня знойдзеш. Жмут барады рыжым вехцем тырчыць з гарлавіны, Поўныя злосьці застыглай і полымя вочы, Грыва калматая з плечаў магутных спадае, Лоб і грудзіну й калены цалком накрывае. Возьмем калі ж параўноўваць малое зь вялікім Ды як падыйдзе мясцовае ў нас параўнаньне, — Гэта казёл барадаты з распасьвеным целам. Вось ён які, наш бізон, што ў нас зубрам завецца! Поўсьці прысмажанай ён, чорнай з бурым, як быццам Водбліск закалкі ад горна мінулых стагодзьдзяў. Дзіўна, ды ў кнігах пісалі аб ім недакладна, Я ж не павінен уявай псаваць тут натуру. Дзе ж гэта бачыў хто рожкі ў зубравых храпах? З выгляду зубар ня праўдзіць свае апісаньні, Што прыпісаць усю моц намагаліся пысе. Не, не такі прыгажун мой, бароў нашых слава! З кнігаў вучыў я славянскіх наш сьвет старавечны, З граматаў рускіх, пісаных скрозь літарай грэцкай. Вязь абэцадля народ наш для собскай карысьці Ўзяў бо у грэкаў, ды роднае гутаркі гукі Ў літары ўліўшы чужыя, сабою застаўся. Кожны ж народ із глыбокай сваёй даўніною, Хто б ён ні быў, а на ім старавечча адбітак… Ды, як наш зубар, зьвяра мо няма ўжо на сьвеце, Толькі пад зоркай паўночы іх лёс захаваў нам. Пліні пакінуў свае апісаньні й зубра, і тура: «Ў пушчах правечных паўночы вядуцца быкі» — нам ён кажа, — (Зубрам завуць іх у нас), — старавечныя сьветчаць: «Створаў дзічэйшых няма, чымся гэты вырослы Вольна на травах урочышчаў цар над зьвярыма». Людзі ў роднай зямлі запэўняюць, што ў сьвеце Слава аб ім не прайшла, што нідзе ён ня знаны. «Люты, дзікі, да бізона падобны грывасты» — Пліні нам піша, а больш — вам хто іншы раскажа! Не сумляваюся, будуць папрокі: «Дзівосныя казкі!» Што ж, ці адзін ня дасьць веры ў вялізнасьць зьвера… Хто хваляваньняў у пушчах паўночных ня зьведаў, Той не паверыць, і хай супярэчыць, бо праўда — Як ты раскажаш. Спрачацца ж і дурань патрапіць.