Міра спачатку як бы захацела збегчы ад яго слоў — абагнала крокі на тры, а потым павярнулася да яго тварам, загарадзіўшы дарогу і прымусіўшы спыніцца. Багуновіч убачыў яе рашучасць спрачацца, даказваць і падумаў: «Добра, што хоць павярнулася ад ветру». Ён ведаў, што яна можа сказаць жорсткія словы, стрэліць па-хлапчукоўску — у свайго, але чамусьці нясцерпна захацелася абняць яе, сагрэць. Як усё ж дзіўна мяняецца колер яе вачэй! Зноў яны зялёныя.
— Ах, вось чаго вам захацелася,— з бязлітаснай уедлівасцю працадзіла яна праз сціснутыя вусны.— Вярнуць царскіх генералаў, палкоўнікаў?
Чорт вазьмі, здорава яна ўмее «заганяць у кут»: сапраўды, а дзе ўзяць іх, палкоўнікаў і генералаў, каб былі верныя рэвалюцыі? Ён не адразу знайшоўся, што адказаць. А яна ўжо не цадзіла — амаль крычала, як на мітынгу:
— Рэвалюцыйнай арміяй будуць камандаваць рэвалюцыйныя салдаты! Глаўкаверх — прапаршчык. А камандуе не горш за вашага Духоніна, па якім вы ўздыхаеце!
— Міра, гэта жорстка,— папрасіў ён літасці.
Мабыць, яна адчула, што хапіла праз меру, і змякчыла:
— Па вагончыках ды эпалеціках уздыхаеце. Ах, як вам хочацца начапіць залатыя пагончыкі!
Тады ён таксама ўзлаваўся:
— А ты знаеш... хочацца! Калі я камандзір палка, то я павінен мець нейкія знакі сваёй пасады, чыну! Назаві іх як хочаш! Але ведай: армія — не дабрачыннае таварыства...
Яна не дала яму скончыць і «стрэліла» з хлапчукоўскай бяздумнасцю:
— А да Каледзіна вам, пан паручнік, не хочацца?
Ён задыхнуўся ад абразы, марозны вецер, што кляпам, забіў рот, лёгкія. Як яна можа так? Сказаў бы гэта хто-небудзь з мужчын — ён адказаў бы па-салдацку! Можа, нават не словамі — пісталетам. Але як адкажаш гэтай няўрымслівай, апантанай дзяўчыне, якая верна служыць ідэі, але слаба ведае жыццё, мала што бачыла і не вельмі ўмее яшчэ разважаць, аналізаваць, разбірацца ў людзях і падзеях?
Ён ведаў, як ёй можна дапячы; аднойчы ўжыў гэтыя словы і бачыў, як яна рэагавала — палезла з кулачкамі з хлапчукоўскай задзірыстасцю, што, дарэчы, яго вельмі пацешыла і захапіла: яна можа быць і такой!
Ён сказаў спакойна, але важка:
— Ты дрэнная бальшавічка. І дрэнная агітатарка.
Зноў яе сціснутыя ў пальчатках кулачкі падняліся
да яго твару, і вочы сыпанулі проста-такі вогненныя іскры.
— Я — дрэнная? — але чамусьці ў той жа міг рукі яе ўпалі, яна павярнулася, нахіліла галаву і хутка пайшла насустрач ветру: уся яе маленькая постаць пад доўгім і грубым салдацкім шынялём выдавала абражанасць і ўзбуджанасць, нейкую па-дзіцячаму пацешную і кранальную.
Багуновіч глядзеў на аўчынную шапку, на шынель, уяўляў пад ім яе маленькае, худзенькае цела, якое бывае такое гарачае і шчырае, і яго ўласная абраза ад яе слоў адразу выдзьмулася, засталася толькі замілаванасць, засталося каханне, якое так хораша грэла яго ў гэты суровы час, калі на галаву ўзвалілі надзвычайную адказнасць — цэлы полк. Праўда, полк тае, што свечка. Але тым большая адказнасць. Тым большая...
2
Штаб палка знаходзіўся ў маёнтку барона Зэйфеля — нашчадка таго Бенігсена, што пісаў даносы на Кутузава. Сын барона да Лютаўскай рэвалюцыі быў афіцэрам генеральнага штаба. У канцы шаснаццатага года ён інспектаваў у раёне Нарачы дывізію, у якой ваяваў Багуновіч.
Інспектары ўдзень пабылі ў адным ці двух палках, дарэчы, і ў яго, Багуновічавай, роце, ім спадабаўся парадак у роце, і камандзір атрымаў узнагароду — быў запрошаны ў штаб дывізіі на вячэру, балявалі цэлую ноч, гулялі ў карты, штабісты гулялі, што шулеры, і абчысцілі акопных афіцэраў; ён, Багуновіч, спусціў свае палявыя за тры месяцы наперад, і ў яго доўга было пагана на душы. Перажываў не за сябе — яму не трэба пасылаць сям'і, адвакат Багуновіч усё ж нешта зарабляў, хоць часцей вёў справы людзей, якім не было чым плаціць,— перажываў за сяброў, многія з іх сваім «полевым жалованием» падтрымлівалі сем'і.
Пазнаёміўся Багуновіч і са старым баронам, яго сям'ёй — мінулым летам, калі полк перакінулі на гэты ўчастак — перад чэрвеньскім наступленнем. У гэтым белым палацы барон даў баль у гонар афіцэраў. Дзіўна, сам стары і асабліва яго малодшы сын, кульгавы багаслоў-лютэранін, выказвалі нечакана даволі рэвалюцыйныя па тым часе погляды — у падтрымку рэспублікі. Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі мясцовы рэўком арыштаваў старога барона. Але дзён праз дзесяць яго выпусцілі, праявіўшы гуманнасць — чалавеку за семдзесят. А яшчэ праз тыдзень у цёмную лістападаўскую ноч сям'я бясследна знікла, разам з імі і былы камандзір палка — падпалкоўнік Фрыш, які сядзеў тут, у маёнтку, пад арыштам. Ніхто не сумняваўся, што немцы падаліся да немцаў, перайшлі лінію фронту. Палкавы камітэт патрабаваў расследавання і пакарання вінаватых — за такую безадказнасць і страту пільнасці. Арыштавалі толькі што выбранага, пасля змешчанага Фрыша, камандзіра палка — штабс-капітана Ягорцава. А мясцовы рэўком нават расстраляў аднаго свайго, хто адказваў за ахову баронскай сям'і.