Між іншым, акалічнасць гэтая — што барон там, у немцаў, увесь час трывожыла Багуновіча. А сёння, пасля наведвання нямецкіх пазіцый, пасля акцыі, якая называецца евангельскім словам братанне, трывога перарасла, бадай, у страх. Адціснуць на тры-чатыры вярсты парадзелы полк — не вялікі трэба ўдар, маючы такую сілу. А правакацыю заўсёды можна зрабіць і ў час перамір'я, кайзераўцы на гэта мастакі. Ды яшчэ і нас жа абвінавацяць. Ну, пойдзе нота пратэсту з Петраграда ў Берлін... Што такое нота, калі дзяржавы знаходзяцца ў стане вайны?! Ён, Багуновіч, яшчэ студэнтам, не вельмі верыў у ноты таго, мірнага, часу. Колькі іх напісалі перад вайной! Імператары, каралі, міністры кляліся ў адданасці міру, а рыхтавалі сусветнае пабоішча.
Штаб не ў самім палацы — у флігелі, на краі парку і фруктовага саду. Там жа побач, у бараку, дзе раней жылі батракі, раскватаравана штабная рота, пісары, інтэнданцкая служба. Усіх гэтых людзей удвая менш, чым мае быць па штатах ваеннага часу.
Вакол палаца — выдатны парк, праўда, дзе-нідзе папсаваны — колькі дрэў спілена, нават павалілі дуб, якому, напэўна, сотні дзве гадоў. Навошта гэта? Навокал — лес, таксама баронскі. Па яго патрабаванню палкавы камітэт прыняў пастанову, якая забараняе секчы дрэвы ў парку, псаваць фантаны, скульптуры, агароджу. Пастанову прынялі, але Багуновіч бачыў, як некаторыя члены камітэта — салдаты скептычна пасміхаліся. Не цяжка было здагадацца, пра што яны думалі: шкада, маўляў, афіцэру панскага дабра. Ён папрасіў Міру, каб разам з заклікамі да сусветнай рэвалюцыі, да зруйнавання ўсяго, што стварыла буржуазія, яна растлумачыла, што ёсць каштоўнасці, якія нельга разбураць, яны спатрэбяцца народу, рэвалюцыі. Яна не адразу згадзілася, доўга спрачалася, даводзіла, што нельга глушыць народны гнеў, які збіраўся стагоддзямі. Аднак усё ж у нечым пераканаў яе: чуў пасля, як яна гутарыла з салдатамі аб зберажэнні культурных каштоўнасцей, якія цяпер належаць народу. Акрамя палка, у маёнтку быў іншы гаспадар — батракі, якія аб'ядналіся ў камуну і займалі палац. «Хто быў нічым, той стане ўсім». Людзі, якія нядаўна жылі ў галечы, без ложкаў, без мэблі, у бараку, які значна горшы за кароўнікі, а з баронскімі канюшнямі і параўнаць нельга было, нараджаліся і паміралі на гнілой саломе,— гэтыя людзі занялі баронскія апартаменты, кармілі мурзатых дзяцей на паліраваных сталах, спалі на інкруставаных ложках, на абабітых кітайскім шоўкам канапах, выйшаўшы з хлявоў, у брудных ботах ці лапцях хадзілі па персідскіх дыванах, па паркеце, які па ўзору, па пародах дрэў быў мастацкім пано.
Людзям гэтым ніхто з іх, вайскоўцаў, маючы правы, якія дае ваеннае становішча, не адважваўся сказаць хаця б тыя далікатныя словы аб народным дабры, якія гаварыла Міра салдатам. Усе разумелі: па законах рэвалюцыі сапраўдныя гаспадары тут — батракі, бо ўсё ў маёнтку зроблена, пасаджана, вырашчана іх рукамі, рукамі і ўменнем бацькоў іх, дзядоў.
Безумоўна, было б апраўдана, каб адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі штаб з флігеля, дзе размяшчаўся яшчэ пры бароне, з яго добрай ласкі і з хітрасці — быць пад аховай штаба, перамясціўся ў палац. Але на гэта не пайшлі ні камандзіры, яго, Багуновічавы, папярэднікі, ні бальшавіцкі камітэт, што ўзяў усю ўладу ў свае рукі. Хто адважыцца выселіць камунараў? Дзяцей, жанчын пасярод зімы? Куды? Назад у барак? Адразу прыпішуць контррэвалюцыю.
Здавалася, што першая камуна, пра якую марылі вялікія сацыялісты, павінна была б захапіць такую перакананую бальшавічку, як Міра. Але асаблівай цікавасці да камуны яна не выявіла, і людзей гэтых — былых батракоў — як бы баялася. Здзівіла гэта Багуновіча. Увогуле, яна больш ахвотна выступала перад немцамі, чым перад сваімі. Толькі часам кідалася ў бойку з эсэрамі, якіх лічыла контррэвалюцыянерамі, за што тыя моцна крыўдзіліся на яе.
Але, цудоўны парк. Нават зімой. А якое хараство тут вясной, улетку!
Пад моцным ледзяным ветрам дрэвы гудзелі і трашчалі. Але розныя дрэвы шумяць па-рознаму. Ліпы — мякка, як палошчуцца, дубы... галіны іх усё роўна што натужліва труцца адна аб адну, рыпяць, а галлё бяроз свішча, як тыя дубцы, якімі секлі салдат у талстоўскім «Пасля балю».