Выбрать главу

— А-а, таварыш камандзір! Заходзь, заходзь, не бойся, пабачыш бабскую камуну,— з гасціннай усмешкай ласкавай гаспадыні пайшла яму насустрач, спынілася за якія два крокі, дзябёлая, расчырванелая, ад яе, што ад печкі, дыхала жарам; у прарэзе палатнянай сарочкі, няшчыльна сцягнутай на шыі аборачкай, выразна віднеліся белыя поўныя грудзі.

Багуновіч не ведаў, куды адвесці вочы. Глядзеў на старую каля пліты, якая пякла ажно на трох скавародках пульхныя блінцы; мазала гарачую скавародку кавалкам сала, сала гэтае давала пах смажаніны. На пліце стаяла вялікая каструля з цестам, адтуль яна зачэрпвала драўляным палонікам рэдкае цеста, налівала на скавараду. Некалькі горак гатовых блінцоў ляжалі на стале. Жанчына сярэдніх год, што на доўгім стале качала галку густога белага цеста, пэўна, на пірагі, спакойна, не ўзнімаючы галавы, сказала:

— Стася! Прыкрыйся, бессаромніца.

Стася зарагатала.

— Ты думаеш, цётка Адэля, афіцэр не бачыў цыцак? Ого! Ты не знаеш іх! Паны такія! Іх жа маткі не кормяць. Карміцелькі. Дык яны змалку як прывыкнуць да чужых...

Стасю гэтую Багуновіч хораша ведаў. Яна амаль штодня трапляла яму на вочы. Усё роўна як падпільноўвала і вось гэтак заляцалася, асабліва старалася пры Міры. Толькі перад ёй Міра гублялася і пасля рабілася змрочнай — яна раўнавала. Гэта яму падабалася. Але, ашчаджаючы Мірыны пачуцці, ён не нагадваў ёй тэорыю «свабоднага кахання». Праўда, Стася была такой гуллівай не толькі з ім, але і з іншымі камандзірамі, з салдатамі, нават старога Пастушэнку не саромелася, прымушала чырванець. Але наўрад хто мог сказаць, калі быў не хвалько, не балбатун, не паклёпнік, што спаў з удавой; муж Стасін, батрак, салдат, загінуў яшчэ ў пятнаццатым годзе недзе ў Карпатах.

Багуновіч ведаў: вясковыя Стасю асуджалі за яе вольнасці, асабліва бабы, а свае, камунары, глядзелі на яе заляцанні да вайскоўцаў паблажліва, як на вясёлую гульню.

Старая, што пякла блінцы, сказала:

— Не старайся, Стася, у яго свая ёсць. Пекная паненка. Толькі не апранай яе ў шынельку, пан афіцэр.

Стася бліснула шырокімі шэрымі вачамі з падмалёванымі вугалем ці можа баранэсінымі фарбамі брывамі.

— Гэтая чарнявенькая агітатарка? У тае я адаб'ю яго — як піць даць,— і зноў зарагатала.

— Ты гэтак лёгка адбіваеш мужыкоў? Глядзі, выдзеруць табе бабы косы,— сказаў Багуновіч без усмешкі.

Жанчыны, што, надзеўшы кофтачкі, выйшлі з-за печкі, засмяяліся. Стася не збянтэжылася.

— Не выдзеруць. Я як ваўчыца: авечак блізка ад свайго логава не чапаю, дальніх хапаю... Ды тых, якія жырней... а свае... які з іх наедак! Камандзір палка — гэта набытак. Хоць ноч пабыць пад палкоўнікам.

Во чортава баба: ёй слова — яна табе дзесяць. Старая кухарка, паблажліва пасміхаючыся, паківала галавой.

— Во балаболка! Пачастуй лепш пана афіцэра блінцамі!

Стася ўзрадавалася такой прапанове і закамандавала, усё роўна што была тут за старэйшую:

— Праўда! Ану, бабы, падаць камандзіру блінцоў на залатым блюдзе!

Багуновіч не паспеў адмовіцца, як адна з маладзіц, напэўна, была ў барона пакаёўкай, цырымонна, з паклонам, паднесла да яго на вялікай талерцы з саксонскага фарфору цэлую гару блінцоў.

Пры такой сур'ёзнай і паважнай цырымоннасці адмовіцца ад пачастунку было немагчыма, гэта, бадай, пакрыўдзіла б жанчын. Усе яны глядзелі на яго, нават Стася змоўкла і сачыла пільна і... сур'ёзна, не страляючы вачамі. Ды і страўнік сапраўды такі крычаў: «Дай!»

— Каштуйце, пан афіцэр,— не ўзнімаючы вачэй, сказала тая, што паднесла талерку.— Грачнёвыя. З салам.

Багуновіч узяў блінец, звярнуў яго ў трубку, адкусіў і ажно спалохаўся, баяўся пракаўтнуць — каб не выдаць сваёй галоднасці. Гэта было нешта незвычайнае. Здалося, нічога больш смачнага ён ніколі не еў. З грачнёвай мукі, прапітаны тукам, з запечанымі дробнымі кавалачкамі сала, блінец проста раставаў у роце і ўліваўся жыццятворным сокам — не ў страўнік, не,— адразу ва ўсё цела, у кожную клетку яго, даючы асалоду, радасць, сілу.