Адразу падумаў пра Міру: накарміць бы яе такімі блінцамі, якая гэта была б радасць — для яго. Але, для яго, бо яна, пурытанка, магчыма, магла б і запярэчыць. Аднак падумаў, што яго становішча, яго гонар не дазваляе папрасіць у жанчын узяць блінцоў з сабой — нават для Шры. Ах, як яна нядобра кашляла? А цяпер, безумоўна, перажывае за свае словы — за Каледзіна. Не ўпершыню яна кідала яму такія абразлівыя словы, а пасля, бачыў, сама перажывала. У яго таксама кіпела крыўда да самага маёнтка. А тут, у душнай кухні, перад жанчынамі і блінцамі з салам, крыўда гэтая ўраз знікла і зноў апанавала яшчэ большая замілаванасць да дзяўчыны, яе сапраўды такі хлапчукоўскія наскокі здаліся цяпер проста смешнымі; жаласць да яе, галоднай і, напэўна, хворай, завалодала ім. І тут жа зноў узнікла раздражнёнасць супраць камунараў увогуле і супраць гэтых сытых баб, што гулліва, тэатральна частуюць яго. Яго салдаты галадаюць, а тут блінцы з салам пякуць! Але праз момант засаромеўся свайго нядобрага пачуцця да гэтых людзей. Як можна! Ён, сынок адваката, з маленства жыў у чысціні, у дастатку, добра адзяваўся, вучыўся ў гімназіі, ва універсітэце, еў не толькі блінцы з салам, невядома, ці здаліся б у маленстве гэтыя блінцы такімі смачнымі... Дык якое ў яго права папракаць гэтых людзей?! Дзеля таго, каб гэтыя непісьменныя жанчыны адчулі сябе роўнымі з ім, афіцэрам, камандзірам палка, сталі гаспадынямі на баронскай кухні і па-чалавечаму накармілі сваіх дзяцей,— дзеля гэтага прадзеды і дзяды іх, бацькі і мужы вылілі рэкі поту, а потым яшчэ і мора крыві — на палях гэтай страшнай вайны. За што лёг у зямлю Стасін муж? За што леглі сотні салдат яго роты на Нарачы, пад Дзвінскам? Не, людзі гэтыя, як ніхто, маюць права на поўныя грудзі ўдыхнуць вецер свабоды. Як і салдаты яго палка, усёй арміі. Яго, камандзіра, нярэдка абуралі дэзерцірства, адсутнасць дысцыпліны, але, разважыўшы, ён засёды прыходзіў да высновы: людзі заваявалі волю крывёю, дык як жа можна яе абмяжоўваць? Ды каб і захацеў, то не далі б абмежаваць. Палохала яго адно: ці надоўга яна, воля? Як утрымаць яе, якімі сродкамі?
Задумаўшыся, не заўважыў, як з'еў адзін блінец, пацягнуўся па другі. Але схамянуўся: ці прыстойна?
— Частуйцеся, пан афіцэр. Частуйцеся.
— Не трэба — пан, калі ласка... Мы ўсе таварышы...
— -Камандзір — бальшавік, як наш Антон,— сказала Стася.
— З якой нагоды ў вас такі баль?
— Эх, дык заўтра ж — Новы год! — здзівіліся жанчыны.
Але, новы год! Васемнаццаты. Ён зусім забыўся. Міра — супраць старых свят. Ды і газеты пачалі выходзіць па еўрапейскім календары, У немцаў, у мястэчку, навагодні феерверк быў два тыдні назад. Дзяжурны ў тую ноч разбудзіў яго па трывозе, не разабраўшыся, што за агні на варожым баку.
Ударыла ў сэрца гарачая хваля ўспамінаў пра сваё маленства. Увесь час яму здавалася, што вайна аддаліла яго бязвоблачнае дзяцінства, юнацтва на цэлае стагоддзе, часта яму проста было страшна думаць пра тое шчасце, якое ён меў у сям'і адваката Багуновіча, дзе бацькі, асабліва маці, жылі дзеля дзяцей, рабілі ўсё, каб яны сытна паелі, цёпла і прыгожа адзеліся, любілі музыку, раслі сумленнымі людзьмі.
А ў гэты міг яно, мінулае, мірнае, добрае, неяк дзіўна прыблізілася. Ён усё роўна як убачыў клопаты маці на кухні разам з кухаркай цёткай Таццянай, прыгожую елку ў зале, якую ён убіраў з сястрой і братам цацкамі і цукеркамі, трапяткое чаканне падарункаў, якія пакладзе пад елку Дзед Мароз у навагоднюю ноч.
Да спазмаў у горле захацелася паставіць хоць маленькую елачку для Міры і палажыць падарунак, які мог бы яе парадаваць.
Але які падарунак прыдумаеш? З-за сваёй сумленнасці, свайго аскетызму ён не адважыцца нават на тое, каб выпісаць з палкавога склада кілаграм мукі і спекчы хаця б такія вось блінцы, як пякуць гэтыя батрачкі, адчуўшы сябе гаспадынямі.
Хіба папрасіць у Рудкоўскага? Не! У Рудкоўскага ён папросіць мукі, але не для сябе — для палка.
— Дзе ваш Рудкоўскі? — адмовіўшыся ад трэцяга блінца, падзякаваўшы, спытаў Багуновіч у жанчын.
— Мітынгуе,— засмяялася Стася,— Во, няпраўду казалі, што мы, бабы, гаваркія, што нас ніхто не перагаворыць. Далі волю мужыкам — дык яны толькі і знаюць, што гавораць. Старога Калачыка сорак баб не перабрэша.
— Засядаюць мужчыны наверсе,— проста, без лішніх слоў, растлумачыла жанчына, што паднесла блінцы.
Стася зноў засмяялася:
— Жывём — як у раі: мужчыны языкі востраць, бабы баронскія канюшні чысцяць...
— Так, як ты адмянташыла свой язык, дык так нікому не завастрыць,— як бы пакрыўджаная за мужчын, сказала паўнагрудая маладзіца, адна з тых, што хаваліся за печчу, каб надзець кофтачку.