Выбрать главу

— А ты як хацела? Я, можа, камісарам вашым хачу быць. Хоць... наліха вы мне здаліся! Які з вас наедак! Узяць бы мне ўладу над вашымі мужыкамі! Якога захацела, таго і выбрала б, як царыца Кацярына.

— Цьфу-цьфу, бессаромніца! Бога ў цябе няма! — абурылася старая кухарка.

— Чаго захацела, бач яе! Я за свайго вочы табе выдзеру! — сур'ёзна папярэдзіла маладзіца.

Але Стасю ўгаманіць было няпроста, яна яўна іграла на яго, на Багуновіча (своеасаблівая форма звярнуць на сябе ўвагу), і гэта ёй, безумоўна, удавалася; больш вопытныя жанчыны разумелі ўдаву і паблажліва пасміхаліся.

— Ты — міраедка! — секанула Стася па маладзіцы.— А яшчэ ў камуну лезеш. У камуне ўсё трэба дзяліць пароўну...

— А ты хто? Брахалка! Балаболка! Распусціла язык. Рудкоўскі табе падрэжа яго...

— Баюся я твайго камісара! Скора ён пад маю дудку будзе скакаць.

— Пасаромейцеся пана афіцэра, жанкі.

Стася жартавала, а паўнагрудая маладзіца ўжо кіпела. Павеяла сваркай. Таму Багуновіч далікатна развітаўся, каб не быць сведкам жаночай сваркі, ведаў, што прысутнасць старонняга чалавека ўзмацняе перажыванні людзей, якія пасварыліся без прычыны, проста так, чапляючыся за словы. Бачыў ён такія сваркі не толькі сярод непісьменных кабет, але і сярод адукаваных афіцэраў, калі людзі пасля размовы, якая пачыналася жартамі, хапаліся за рэвальверы.

3

Ён ішоў па цёмным у зімовы дзень калідоры першага паверха палаца, які, відаць, многа разоў перабудоўваўся, таму хады і пераходы набылі адмысловую форму, і думаў пра жыццё людзей, якіх рэвалюцыя зрабіла гаспадарамі гэтага старога палаца, навакольнай зямлі, дабра ў хлявах, свірнах.

Выхаванага ў дэмакратычнай сям'і, на дэмакратычнай літаратуры, пазнаўшага разам з народам, з сялянамі, батракамі, адзетымі ў шынялі, усе жахі вайны, Багуновіча радавала, што людзі гэтыя — і яго салдаты, і гэтыя былыя батрачкі — сталі вось такімі — сапраўды свабоднымі, незалежнымі, не гнуць спіны ні перад баронамі, ні перад палкоўнікамі (урэшце, ён для гэтых жанчын — палкоўнік). Але ці гатовы яны жыць камунай? У жартаўлівай сварцы жанчын ён адчуў той мікроб, які можа размножыцца і заразіць здаровы арганізм, разбурыць яго. Трэба разумны, умелы санітар, каб не даць успыхнуць хваробе індывідуалізму, прыватнасці: «Гэта маё, а гэта тваё, і майго не чапай!» Філасофіі такой тысячы гадоў, не так проста выкарчаваць яе з чалавечай свядомасці, з душ людскіх! Ён не верыў, што гэта можна зрабіць за месяцы ці нават за гады, спрачаўся з Мірай, захапляўся яе ўпэўненасцю ці злаваўся на яе наіўнасць і пакутаваў ад таго, што ў яго няма такой веры, як у яе, што яго, як іржа, раз'ядаюць сумненні.

Да Кастрычніка, да сустрэчы з Мірай усё здавалася прасцей; сумненняў у яго амаль не было, ён ішоў з салдатамі і на немцаў, і на сваіх генералаў, пайшоў супраць Карнілава і супраць Керанскага. Але нават не гэта яго ўстрывожыла і ўсхвалявала — не «мікроб», які верне тысячагадовую хваробу. Як і на сваёй пярэдняй лініі, дзе на ўчастку роты застаўся адзін унтэр Бураў, так і тут, на кухні, дзе пякліся смачныя блінцы і гуллівая кабета весела жартавала,— яго не проста ўстрывожыла — спалохала бесклапотнасць свабодных людзей перад ворагам — страшным ворагам, узброеным да зубоў, у чым ён сёння пераканаўся сам. Ён прыняў братанне. Баяўся часам за Міру, але ўхваляў мудрасць бальшавікоў — пасылаць да немцаў такіх агітатараў. Разумеў, што нямецкі салдат — той жа рабочы і селянін. Аднак прускага лейтэнанта прадаўжаў ненавідзець гэтак жа, як кайзера.

Убачыўшы, як салдаты выцягваліся не толькі перад лейтэнантам, але і перад унтэрам, адчуў нядобрае пачуццё і да салдат і баяўся іх гэтак жа, як увосень чатырнаццатага, калі прыйшоў на фронт; тады, пасля разгрому арміі Самсонава, усе яны, рускія, баяліся «ап'янелых тэўтонцаў», іх нянавісці да славян, іх вывучкі, тактыкі, агнявых шквалаў крупаўскай артылерыі.

Паднімаючыся па параднай лесвіцы з прыкметна пашкоджанымі мармуровымі парэнчамі, Багуновіч думаў: ці можна пры такой свабодзе, калі любы салдат можа самадэмабілізавацца, абараніцца ад ворага знешняга?

У былой баронскай сталоўцы гулялі дзеці, звонкія галасы напаўнялі ўвесь палац; Багуновіч іх чуў яшчэ ўнізе, у калідоры. Крэслы былі перавернуты дагары ножкамі, нагрувашчаны адно на адно, утварыўшы барыкаду. Дзеці, напэўна, гулялі ў вайну, бо група з групай сутыкалася на доўгім абедзенным стале — хто каго скіне са стала.