Выбрать главу

Шыкоўны стол, інкруставаны. Праўда, дзеці былі босыя або ў лапцях. Аднак усё роўна ад інкрустацыі пры такім выкарыстанні стала мала што застанецца. Ды стала не было шкада. Пашукаў вачамі, ці няма ў «барыкадзе» карцін. Не, карцін не было ні на падлозе, ні на сценах, засталіся толькі плямы ад іх.

Багуновіч колькі хвілін стаяў у дзвярах, глядзеў на дзяцей. Збянтэжыў іх. Засаромеліся чужога чалавека, вайскоўца; малодшыя пачалі хавацца за крэслы, пад стол.

Толькі адзін, хлапчук гадоў васьмі, выйшаў наперад, смела спытаў:

— Ты камандзір?

— Камандзір.

— Я ведаю цябе. Ты на кані ехаў з шабляй. А дзе твая шабля?

— А ты немцаў не баішся? — нечакана для сябе спытаў Багуновіч.

— А чаго іх баяцца? Яны ж — людзі.

Адказ малога ашаламіў камандзіра палка. «Яны ж — людзі». Хлопчык! Ты верыш, што яны людзі! Гэта ж хораша. А я, абпалены вайной, выходзіць, не вельмі веру ў гэта? У каго ж ператварыла мяне вайна? Упершыню яму стала страшна за сябе.

Камітэт ці праўленне (Багуновіч не ведаў, як гэта называецца ў камуне) засядаў у баронскім кабінеце. Ён адчыніў туды дзверы знянацку, пайшоўшы на галасы. Галасы былі глухія, таму здалося, што людзі яшчэ далёка, за дваімі ці траімі дзвярмі. Ён бадай разгубіўся, убачыўшы чалавек шэсць камунараў, што сядзелі вакол вялікага пісьмовага стала. Сказаў:

— Прабачце.

— А-а, таварыш палкоўнік! — выгукнуў Рудкоўскі.— Заходзь, заходзь. Паслухай нашы мужыцкія справы.

Як часта і раней, Рудкоўскі звярнуўся да яго з іроніяй. Але цяпер іронія ў словах «таварыш палкоўнік» не зачапіла Багуновіча, зварот не здаўся здзеклівым, крыўдным. Падумаў, што зусім нядрэнна, каб ён быў палкоўнікам, савецкім, і меў поўную ўладу ў палку, тады яго полк быў бы не горш за нямецкі, што стаіць проціў, і ён не адчуваў бы страху. Пасміхнуўся са свайго жадання, успомніўшы Міру: якія словы пачуў бы ад яе, каб прызнаўся, што захацеў стаць палкоўнікам! Відаць, было б не толькі саркастычнае запытанне, ці не хоча ён да Каледзіна. Гнеў яе палаў бы і выбухаў, што пры пажары артсклада.

Парадаваўся, што лёс звёў яго з такой дзіцячай чысцінёй і непрымірымасцю. Ад яе сам робішся чысцейшым.

Неяк выйшла так, што раней ён у гэтым пакоі не быў, ні тады, калі афіцэраў запрашаў барон, ні тады, калі палкавы камітэт заняў маёнтак, палац, арыштаваў барона, ні тады, калі па настойлівым патрабаванні Рудкоўскага перад армейскім камітэтам і Саветам (Рудкоўскі ездзіў ажно ў Мінск) палац аддалі батракам Для арганізацыі першай камуны.

Першыя хвіліны ён разглядаў кабінет, прысеўшы на скураную канапу, пра якую падумаў, што такая, мабыць, стаяла ў старога князя Балконскага. Успамін пра Талстога зноў вярнуў на міг у маленства — кароткая і горкая кропля смутку ўпала на сэрца. Але было не да ўспамінаў. Звярнуў увагу, што кабінет загрувашчаны карцінамі — яны стаялі на падлозе ўздоўж сцяны, на той жа канапе, дзе ён прысеў, на кніжнай шафе. На падаконніку — бронзавыя скульптуры. Сабраў Рудкоўскі каштоўнасці і ахоўвае: сюды, відаць па ўсім, не заходзяць ні дзеці, ні жанчыны. Адносіны да матроса пацяплелі, і Багуновіч услухаўся, пра што камунары гавораць. Гаварылі пра падрыхтоўку плугоў, барон да сяўбы, гаварылі па-мужыцку спакойна, разважліва, упэўнена, быццам няма вайны, лінія фронту не праходзіць па іх землях і быццам у поле трэба выязджаць праз тыдзень-два. Моцна гэта ўразіла былога афіцэра, кранула і расхвалявала. Толькі на вайне, і асабліва цяпер, калі рэвалюцыя ўручыла яму цэлы полк, Сяргей Валянцінавіч Багуновіч пазнаў цану хлеба. Есць хлеб — ёсць жыццё, радасць, ёсць армія. Не накармілі сёння салдат — з акопаў знікла баявая ахова. Не накарміць іх заўтра — і палка не стане, участак фронту будзе аголены. І вось гэтыя людзі гавораць пра тое, як вырасціць хлеб. Гавораць, як сапраўдныя гаспадары. Можа, толькі ў той міг вайсковец зразумеў увесь сэнс, усю сілу Дэкрэта аб зямлі і ўпершыню падумаў, як яны арганічна звязаны — Дэкрэт аб міры, які ён прачытаў дзесяткі разоў, якім жыў, і Дэкрэт аб зямлі, які яго, гараджаніна, крануў менш. Адносіны яго не толькі да Рудкоўскага, але да ўсіх гэтых людзей у кажухах і лапцях пацяплелі да брацкай, сыноўскай любові. Але ён — сын гэтых людзей, што адвечна расцілі хлеб, сын гэтага народа, які хораша карміў паноў (ды і яго, колішняга паніча) і заўсёды галадаў сам.

У Багуновіча ажно затуманіліся вочы, і ён з юнацкай гімназісцкай палымянасцю ў душы пакляўся, што ніколі не здрадзіць гэтаму народу.

А між тым Рудкоўскі і яго калегі гаварылі пра вельмі празаічныя рэчы: спрачаліся, якога каваля наняць — Мар'яна Кулагу ці Еську Буселя. Адны былі за Мар'яна: свой, вясковы, інструмент у яго пад рукой, гэта важна, бо ў баронскай кузні ўсё расцягнулі, скураныя мяхі і тыя парэзалі на боты, жалеза пакралі, адно кавадла ўцалела.